Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашай цярплівасьці настаў канец»: Лаўроў запатрабаваў ад Захаду хуткага адказу наконт «гарантыяў бясьпекі»


Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што цярплівасьць Масквы адносна адказу Захаду на агучаныя раней Крамлём патрабаваньні «гарантый бясьпекі» скончылася і што Расея пачакае пісьмовага адказу на свае патрабаваньні яшчэ на працягу тыдня.

Пра гэта Лаўроў заявіў 14 студзеня на сваёй штогадовай зьнешнепалітычнай прэс-канфэрэнцыі, пасьля таго як дыпляматычныя перамовы з NATO і ЗША не змаглі дасягнуць прагрэсу з прычыны нарошчваньня расейскіх войскаў на мяжы з Украінай.

«Нашай цярплівасьці настаў канец. Мы вельмі цярплівыя, ведаеце, што мы доўга запрагаем. Запрагалі мы вельмі доўга, вось зараз час нам ехаць. Вось чакаем, калі фурман на тым возе нам адкажа канкрэтна на нашы прапановы», — сказаў Лаўроў.

Лаўроў заявіў, што Крэмль ня будзе чакаць «бясконца», пакуль Захад адкажа на патрабаваньні Масквы не пашырацца на ўсход і не разгортваць войскі ва Ўкраіне і іншых краінах былога СССР.

Міністар замежных спраў Расеі таксама абвінаваціў Захад у эскаляцыі напружанасьці, «парушэньні абавязаньняў і здаровага сэнсу».

Камэнтары Лаўрова прагучалі на наступны дзень пасьля таго, як Белы дом заявіў, што пагроза расейскага ўварваньня ва Ўкраіну застаецца высокай, паколькі было разгорнута блізка 100 000 расейскіх вайскоўцаў.

Вашынгтон і яго хаўрусьнікі рашуча адкінулі патрабаваньне Масквы аб «гарантыях бясьпекі», якія выключаюць пашырэньне NATO, і папярэдзілі аб «наступствах», калі Расея адновіць агрэсію супраць Украіны.

Міністарка замежных спраў Нямеччыны Аналена Бэрбок заявіла 14 студзеня, што на наступным тыдні паедзе ў Маскву, каб абмеркаваць крызіс ва Ўкраіне, хоць і прызнала, што хутка яго разьвязаць малаверагодна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG