Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Настроеныя сур’ёзна». Азэрбайджанская нафтавая кампанія SOCAR павялічыць сваю прысутнасьць на ўкраінскім рынку


Уладзімір Зяленскі і Ільхам Аліеў, Кіеў, 14 студзеня 2022 г.

Украіна і Азэрбайджан падпісалі мэмарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акцыянэрнай кампаніяй «Нафтогаз України» і азэрбайджанскай нафтавай кампаніяй SOCAR.

Дакумэнт, падпісаны ў рамках візыту ва Ўкраіну прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева, прадугледжвае пашырэньне супрацы ў энэргетычнай сфэры і рэалізацыю праектаў на нафтагазавым рынку Ўкраіны. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра пастаўкі і транспартаваньне нафты і нафтапрадуктаў ва Ўкраіну, супольную выведку і здабычу вуглевадародаў, пастаўкі прыроднага газу, а таксама пра будаўніцтва на ўкраінскай тэрыторыі новых і рэканструкцыі існуючых нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў.

Разам з тым прэзыдэнты Азэрбайджану і Ўкраіны Ільхам Аліеў і Ўладзімір Зяленскі не канкрэтызавалі гэтыя праекты.

«Традыцыйная сфэра нашай супрацы — гэта энэргетыка. У нас ёсьць пляны ў гэтай сфэры. Я ўпэўнены, што яны будуць рэалізаваныя. SOCAR, дзяржаўная кампанія Азэрбайджану, сур’ёзна настроеная на гэтую супрацу і мае цяпер маштабную сетку заправачных станцый ва Ўкраіне. Вядома, наша супраца датычыць і нафтавай сфэры, нафтаперапрацоўкі. Гэта тая сфэра, у якой мы можам разгарнуць больш актыўную супрацу», — сказаў Ільхам Аліеў.

Апошнія два гады менавіта кампанія SOCAR пастаўляла праз Украіну ў Беларусь нафту. Такім чынам беларускі ўрад спрабаваў дывэрсыфікаваць пастаўкі нафты на перапрацоўчыя заводы пасьля спыненьня на пачатку 2020 году паставак з Расеі.

У 2021 годзе Беларусь атрымала праз Украіну 719 тысячаў тонаў азэрбайджанскай нафты, а за два гады — 1,6 мільёна тонаў.

Украіна, калі дачыненьні зь Беларусьсю пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе абвастрыліся, пачала таксама шукаць шляхі дывэрсыфікацыі паставак нафтапрадуктаў, каб зьнізіць сваю залежнасьць ад беларускіх нафтапрадуктаў.

У жніўні 2021 году міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў пра намер украінскага ўраду пашырыць супрацу з найбольшым у Эўропе польскім нафтавым канцэрнам ORLEN для дывэрсыфікацыі паставак энэргарэсурсаў і ўзмацненьня энэргетычнай бясьпекі Ўкраіны.

Летась Беларусь стала найбуйнейшым пастаўшчыком нафтапрадуктаў ва Ўкраіну і заняла пануючую частку ўкраінскага рынку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG