Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 самалётаў зь беларускімі вайскоўцамі вярнуліся з Казахстану ў Беларусь


Беларускі вайсковец у складзе місіі АДКБ у Казахстане

Прадстаўнікі вайсковых падразьдзяленьняў Беларусі ў складзе місіі АДКБ знаходзіліся ў Казахстане па просьбе прэзыдэнта краіны Касыма-Жамарта Такаева.

Дзесяць самалётаў Вайскова-касьмічных сіл Расеі вывезьлі беларускі кантынгент місіі Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) з Казахстану ў Менскую вобласьць, паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі, якое апублікавала відэа пасадкі ў самалёты.

Самалёты вылецелі з аэрадрома Жэтыген, што ў Ілійскім раёне, за 50 км на паўночны ўсход ад Алматы. У 14:19 Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што самалёты прызямліліся на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах.

«Вывад беларускіх вайскоўцаў з Рэспублікі Казахстан завершаны», — рэзюмавалі ў ведамстве.

13 студзеня місія АДКБ пачала перадаваць аб’екты, якія яна ахоўвала, сілавым органам Казахстану. Кантынгент замежных войскаў, якія ўваходзяць у склад місіі, рыхтуе тэхніку да вяртаньня, паведаміла Мінабароны Расеі.

«Падразьдзяленьні Калектыўных міратворчых сіл АДКБ у Рэспубліцы Казахстан, якія выканалі пастаўленыя задачы, пачынаюць падрыхтоўку тэхнікі і матэрыяльных сродкаў для загрузкі ў самалёты вайскова-транспартнай авіяцыі ВКС Расеі і вяртаньня ў пункты пастаяннай дысьлякацыі».

Выхад кантынгенту афіцыйна пацьвердзілі і ў Міністэрстве абароны Беларусі. На вывад было адведзена 10 дзён.

13 студзеня кантынгенты Калектыўных міратворчых сілаў АДКБ прайшлі маршам па Алматы на ўрачыстай цырымоніі завяршэньня місіі ў Казахстане. Перад удзельнікамі апэрацыі выступіў генэральны сакратар Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы Станіслаў Зась.

Беларускія вайскоўцы надзелі на парад шаўроны Міратворчых сілаў, якіх не насілі пры ўваходзе на тэрыторыю Казахстану.

Зась паінфармаваў прэзыдэнта Казахстану Такаева пра пачатак вываду войскаў АДКБ з краіны. У адказ Такаеў падзякаваў сілам АДКБ за дапамогу, піша Akorda.kz. У час сустрэчы ён сказаў, што арганізацыя «пацьвердзіла сваю каштоўнасьць у якасьці вайскова-палітычнай структуры», і адзначыў, што для АДКБ цяпер важна наладзіць узаемадзеяньне з кіраўніцтвам іншых міжнародных арганізацый.

«Лічу, што заснаваньне інстытуту спэцыяльнага прадстаўніка Генэральнага сакратара АДКБ у міратворчых апэрацыях таксама вельмі дарэчнае», — адзначыў Такаеў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG