Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дае трэцяя доза вакцыны абарону ад новага штаму «Омікрон». Дасьледаваньне


Pfizer / BioNTech заявілі 8 сьнежня, што правялі лябараторныя тэсты наконт магчымасьцяў процідзеяньня сваёй вакцыны новаму варыянту каранавірусу «Омікрон»

Аказалася, што тры дозы вакцыны Pfizer / BioNTech забясьпечваюць значную абарону ад «Омікрону». Але ёсьць нюансы, піша The New York Times.

Абедзьве кампаніі заявілі, што аналізы крыві людзей, якія атрымалі толькі дзьве дозы, паказалі зьніжэньне ўзроўню эфэктыўнасьці антыцелаў супраць варыянту «Омікрону» больш як у 25 разоў у параўнаньні з ранейшай вэрсіяй вірусу. Гэтае адкрыцьцё паказвае, што дзьвюх дозаў «можа быць недастаткова для абароны ад інфэкцыі» ў выпадку заражэньня «Омікронам», заявілі ў Pfizer / BioNTech.

Але ўзоры крыві, атрыманыя ад людзей празь месяц пасьля таго, як яны атрымалі трэцюю прышчэпку, паказалі, што нэўтралізуючыя антыцелы супраць варыянту «Омікрон» супастаўныя з узроўнямі антыцелаў супраць папярэдняй вэрсіі вірусу пасьля дзьвюх дозаў вакцыны, гаворыцца ў заяве кампаніяў.

У той жа час тэсты паказваюць, што мутацыі ў «Омікроне», верагодна, не аказваюць значнага ўплыву на Т-клеткі — яшчэ адну важную частку адказу імуннай сыстэмы арганізму на інфэкцыю. Гэта сьведчыць, што «вакцынаваныя людзі ўсё яшчэ могуць быць абароненыя ад цяжкіх формаў хваробы» і пасьля дзьвюх дозаў, заявілі ў кампаніі.

Вынікі, як выглядае, падкрэсьліваюць важнасьць трэціх (бустэрных) прышчэпак у барацьбе з новым варыянтам каранавірусу.

«Нашы першыя, вельмі папярэднія дадзеныя паказваюць, што трэцяя доза ўсё яшчэ можа забясьпечыць дастатковы ўзровень абароны ад хвароб любой ступені цяжкасьці, выкліканых варыянтам „Омікрон“», — сказаў галоўны выканаўчы дырэктар BioNTech, нямецкага партнэра Pfizer, доктар Угур Сахін.

Вынікі зьявіліся празь дзень пасьля таго, як папярэдняя справаздача аб лябараторных экспэрымэнтах у Паўднёвай Афрыцы паказала, што «Омікрон», падобна, прытупляе эфэктыўнасьць вакцыны Pfizer. Гэтыя экспэрымэнты таксама намякалі, што людзі, якія атрымалі бустэрную іньекцыю, могуць быць абароненыя лепш.

Варыянт «Омікрон» распаўсюдзіўся ў дзясятках краін, і хоць варыянт «Дэльта» ўсё яшчэ пераважае, урады рыхтуюцца да перамогі «Омікрону».

На мінулым тыдні старшыня і галоўны выканаўчы дырэктар Pfizer доктар Альбэрт Бурла заявіў, што кампанія ў канцы лістапада пачала распрацоўваць вэрсію сваёй вакцыны, спэцыяльна прызначаную для «Омікрону». Moderna ідзе тым жа шляхам.

Паводле доктара Бурлы, калі акажацца, што іншая вэрсія вакцыны сапраўды патрэбная, Pfizer зможа вырабіць яе на працягу 95 дзён. «Мы зможам пераключыцца на начную вытворчасьць, — сказаў ён. — Няма неабходнасьці пачынаць выраб новага абсталяваньня і новых рэцэптур. Мы зможам вырабляць амаль тую ж колькасьць дозаў, як і з нашай цяперашняй вакцынай».

Бурла таксама паведаміў, што з моманту зьяўленьня вакцыны Pfizer / BioNTech кампанія Pfizer распрацавала два іншыя прататыпы ў адказ на новыя варыянты вірусу, але абодва яны не спатрэбіліся, бо, як аказалася, арыгінальная вакцына добра працуе супраць мутацый.

На брыфінгу ў Белым доме 7 сьнежня галоўны ўрадавы экспэрт у галіне інфэкцыйных хваробаў ЗША доктар Энтані Фаўчы сказаў, што пройдуць яшчэ тыдні, перш чым навукоўцы зразумеюць, наколькі сапраўды небясьпечны варыянт «Омікрон». «Мы не павінны рабіць ніякіх канчатковых высноў, асабліва ў найбліжэйшыя пару тыдняў», — сказаў Фаўчы.

Ён таксама заявіў, што раньнія паўднёваафрыканскія справаздачы даюць абнадзейлівую карціну ўзьдзеяньня штаму «Омікрон». На гэтым тыдні дасьледнікі буйнога шпітальнага комплексу ў Прэторыі паведамілі, што пацыенты з каранавірусам хварэюць цяжка значна радзей, чым тыя, каго яны лячылі раней, і што ў іншых шпіталях назіраецца тая ж карціна.

«Мы ня бачым вельмі сур’ёзнага захворваньня», — сказаў доктар Фаўчы і дадаў, што знаходжаньне ў шпіталі для пацыентаў з «Омікронам» было карацейшае і што ім спатрэбілася менш кіслароду.

Фаўчы папярэдзіў, што гэтыя дадзеныя папярэднія і на іх можа паўплываць больш высокая доля інфікаваных маладых людзей. Ён таксама адзначыў, што ў Паўднёвай Афрыцы насельніцтва вакцынавана менш, чым у Злучаных Штатах ці ў Эўропе, і што там большая доля інфікаваных ВІЧ, які можа наносіць вялікую шкоду імуннай сыстэме.

Паўднёваафрыканскае дасьледаваньне, вынікі якога апублікаваныя 7 сьнежня, паказала, што антыцелы, якія выпрацоўваюцца ў вакцынаваных людзей, значна менш пасьпяхова стрымліваюць варыянт «Омікрон» ад заражэньня клетак, чым гэта адбываецца зь іншымі варыянтамі каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG