Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З кожнага беларускага аўтобуса штодня ў Львове застаюцца 10–15 чалавек. Як беларускія ўцекачы ўладкоўваюцца ва Ўкраіне


Акцыя беларускіх уцекачоў у Львове

Беларусы кожны дзень спрабуюць трапіць ва Ўкраіну зь Беларусі і спасылаюцца на пагрозы арышту на радзіме.

Пра тое, што чакае беларусаў ва Ўкраіне, расказвае супрацоўніца ўкраінскай службы Радыё Свабода Галіна Церашчук.

Большасьць беларускіх уцекачоў атрымліваюць польскую гуманітарную візу ў польскіх дыпляматычных місіях у Кіеве, Львове і Луцку, а адтуль выяжджаюць у Польшчу. Ва Ўкраіне беларусы не адчуваюць сябе ў бясьпецы, таму баяцца называць свае імёны, фатаграфавацца ці даваць відэаінтэрвію.

Беларусы Андрэй і Сяргей (імёны зьмененыя зь меркаваньняў бясьпекі) нядаўна прыехалі ў Львоў. Яны з розных гарадоў Беларусі, у іх рознае сямейнае становішча. Абодва маюць за плячыма некалькі вышэйшых адукацый і некалькі крымінальных спраў за патрабаваньне сумленных вынікаў выбараў. Абодва прыбылі ва Ўкраіну нелегальна. Дома ім пагражае рэальная небясьпека.

Сям’я Андрэя ўжо год жыве ў Польшчы. Жонка была вымушаная пакінуць Беларусь раней, бо летась яе маглі арыштаваць за актыўны ўдзел у акцыях пратэсту. Па Андрэя дахаты прыехалі сілавікі.

«Упершыню летам мяне зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Усе артыкулы палітычныя. Такім, як я, у ізалятары адмаўляюць у ложку, спаць даводзіцца на халодных мэталічных нарах. Удзень нам не давалі спаць, дазвалялі толькі сядзець. Спаць можна з 22 да 6, але ноччу будзяць некалькі разоў і патрабуюць падысьці да вакна. Кожны дзень мянялі камэру, перамяшчэньне толькі ў кайданках. Там быў айцішнік, якога ўзялі за тое, што ён на вуліцы глядзеў у тэлефон, і праверылі, якія каналы ён глядзіць. Пасадзілі на суткі.

Калі я зноў выйшаў, на мяне завялі крымінальную справу, выходзіць на вуліцу было страшна. Таму я вырашыў уцячы», — кажа Андрэй.

«Мяжу перайшлі за грошы»

Андрэю дапамаглі перайсьці мяжу, але ён заплаціў за паслугу 1800 даляраў, больш за палову зь якіх пазычыў.

«Мне сказалі, куды ехаць, там чакаў аўтобус, які падвёз да рэчкі, якую мы пераплылі, і мы апынуліся ў Расеі, дзе чакаў іншы аўтобус, і мы паехалі да мяжы з Украінай. Украіна ўзмацніла межы з прычыны міграцыйнага крызісу. Ёсьць паўнавартасная мяжа, і ёсьць небясьпека. Калі людзей лавілі ў Расеі, здаралася, што адпускалі. Калі беларускія сілавікі хапаюць, шанцаў няма. Таму многія цяпер едуць праз Расею. Выехаць зь Беларусі ва Ўкраіну афіцыйна немагчыма. Пераадолеў два рады калючага дроту», — сказаў беларускі ўцякач.

Беларускі студэнт Сяргей заплаціў за пераезд ва Ўкраіну паўтары тысячы даляраў.

«Але гэта дробязь у параўнаньні з тым, што мяне чакала ў СІЗА. Перайшоў я ўкраінска-беларускую мяжу, празь лес і балота, ноччу. Па калена ішоў у вадзе. Так я сюды і трапіў. У мяне была праца дома. Але аднойчы давялося проста зьнікнуць і нікому ні слова. Бо гэта было б небясьпечна для ўсіх. З рэчаў — малы заплечнік», — сказаў уцякач зь Беларусі, дэманструючы дагэтуль яшчэ мокрыя боты.

Андрэй ужо атрымаў польскую гуманітарную візу. Сяргей — не, і колькі чакаць, ён ня ведае. Абодва маладыя людзі ў цяжкім становішчы: бяз рэчаў і грошай.

Акцыя салідарнасьці ў Львове
Акцыя салідарнасьці ў Львове

Штотыдзень у Львоў прыяжджаюць турыстычныя аўтобусы зь Беларусі. У іх людзі, якім не забаронена выяжджаць за межы краіны, то бок супраць іх не завялі крымінальнай справы. Едуць з турыстычнымі і лячэбнымі мэтамі, тут вакцынуюцца і, як кажуць, з кожнага аўтобуса ў Львове застаецца па 5–10 чалавек.

«Сытуацыя ў Беларусі такая, што ўсе маўчаць, і актыўная частка грамадзтва зьехала. Цяпер кожная другая сямʼя думае, як пакінуць Беларусь, а кожная пятая ўжо ведае, куды едзе. Зьяжджаюць айцішнікі, урачы, спэцыялісты. Пераважна ў Польшчу. Польшча пайшла насустрач і ўвяла гуманітарную візу на год знаходжаньня. Я ўвесь час атрымліваю паведамленьні, што нехта зь беларусаў перасек мяжу і мае патрэбу ва Ўкраіне ў дапамозе. Лукашэнка зачышчае ўсіх, яму патрэбная ляяльнасьць, прызнаньне», — кажа кіраўнік «Беларускага крызіснага цэнтру» ў Львове Аляксей Францкевіч.

Ён нагадвае, што спачатку рэжым у Менску перасьледаваў актыўных грамадзян, выяжджалі тыя, хто разумеў, што зачыняць мяжу. Затым пачала ехаць група асобаў з надзеяй, што празь некаторы час удасца вярнуцца на радзіму. Некаторыя беларусы засталіся ва Ўкраіне. Цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася: прыяжджаюць людзі, вымушаныя ўцякаць ад небясьпекі, таму ідуць па лясах, балоце, рызыкуюць, абы ўратаваць сваё жыцьцё.

«Мы прыяжджаем ва Ўкраіну і цалкам бездапаможныя. Зь легалізацыяй вялікая праблема. Мне дапамаглі легалізавацца ў Львове. А да таго ня ведаў, што мне рабіць. Мне раілі ехаць у Віньніцу. Там пытаюцца: навошта вы сюды прыехалі, дзе ваша прапіска? Але ж мы ўцекачы. У міграцыйнай службе чэргі на два месяцы. А ў гэты час трэба недзе жыць, есьці нешта, гэта значыць — мець нейкія грошы. Пісалі Ціханоўскай, каб яна сустрэлася з прэзыдэнтам Украіны і пагаварыла пра спрашчэньне легалізацыі для беларусаў», — кажа Андрэй.

Украіна ня хоча заўважаць беларускіх уцекачоў?

У Польшчы, Літве, Латвіі беларускія ўцекачы адкрыта гавораць на камэры пра сытуацыю ў Беларусі і не баяцца публічна расказваць уласныя гісторыі. Але ва Ўкраіне просяць зьмяніць іх імёны і не паказваць аблічча. Ва Ўкраіне, кажуць яны, ня могуць адчуваць сябе бясьпечна, бо няма гарантый, што іх ня вывезуць.

«Каб людзей не дэпартавалі, яны павінны быць удзельнікамі працэдуры правоў на абарону, тады будзе даказана, што іх крымінальныя справы сфальсыфікаваныя з палітычных матываў. Гэта значыць, іх жыцьцю пагражае небясьпека на радзіме.

Калі б беларусы маглі легалізавацца ва Ўкраіне, мелі б права працаваць, то шмат хто заставаўся б тут. Бо няма моўнага барʼеру, могуць быць карысныя Ўкраіне як спэцыялісты. Мы распрацавалі законапраект паводле таго прынцыпу, які дзейнічае ў Польшчы. А гэта наданьне беларусам асаблівага гуманітарнага статусу. Беларусы ня чуюць ад афіцыйных прадстаўнікоў улады Ўкраіны, што тыя не аддадуць іх уладам Лукашэнкі», — кажа Аляксей Францкевіч.

На сёньняшні дзень ва Ўкраіне няма дзяржаўных праграмаў падтрымкі беларускіх уцекачоў. Таму людзі спадзяюцца альбо на тых, хто ўжо больш-менш уладкаваўся ва Ўкраіне, альбо на крызісны цэнтар у Львове. Беларускім журналістам і актывістам таксама дапамагаюць у Львове ў рамках праекту, які фінансуецца адным зь міжнародных фондаў. Легалізацыя ва Ўкраіне, спрашчэньне працэдуры, якая дазваляе стаць рэзыдэнтам, наладжваньне супрацоўніцтва з рознымі службамі — гэта самае галоўнае, чым там займаюцца, каб хоць неяк падтрымаць апазыцыйных беларусаў, кажуць яны.

Юры Апока, які займаецца гэтай праграмай, лічыць, што ўкраінскія ўлады павінны зьвярнуць увагу на беларускіх уцекачоў з пункту гледжаньня як чалавечай салідарнасьці, гэтак і нацыянальных інтарэсаў Украіны.

«Украінскія ўлады ня маюць якой-небудзь пасьлядоўнай пазыцыі, ня могуць гарантаваць бясьпеку беларусам. Украінскія ўлады, баючыся правакаваць нейкія дадатковыя лініі канфлікту, лічаць за лепшае не заўважаць беларускіх апазыцыйных дзеячоў, журналістаў, актывістаў. А іх зьехалі сотні і сотні.

Украіна не зьяўляецца бясьпечнай краінай для ўцекачоў зь Беларусі. Тут, нават калі няма пагадненьня аб абмене зьняволенымі, няма гарантыі, што праз два гады яго не падпішуць, калі зьменіцца геапалітычная сытуацыя», — кажа Юры Апока.

Такім чынам, кажуць беларусы, паколькі Ўкраіна «небясьпечная для іх», а яшчэ мае свае ўласныя праблемы на ўсходніх межах, дык уцекачы зь Беларусі выкарыстоўваюць яе як транзытную. Частка беларусаў, якія выехалі на Захад, кажуць, што ўжо ня вернуцца. Тыя, хто яшчэ выбірае паміж Украінай ці Польшчай, расказваюць, што ня ведаюць пакуль свайго далейшага шляху, і гэта тыя, якія не хацелі б паліць масты на радзіму.

Кабмін Украіны летась выдаў асобную пастанову — беларусам дазволілі бязвыезна заставацца паўгода на працягу году ва Ўкраіне. У сьнежні гэтую норму зноў будуць разглядаць і, паводле прагнозаў экспэртаў, верагодна, пакінуць бязь зьменаў.

З год таму прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца пад ціскам або перасьледам і маюць патрэбу ў дадатковай абароне, могуць атрымаць яе ва Ўкраіне, папрасіўшы яе непасрэдна на мяжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG