Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты, катаваньні, Лёндан. Гісторыя менчука, які «прачнуўся» ўлетку 2020-га


Яўген Галіцкі

26-гадовы Яўген Галіцкі жыў раней у Менску, працаваў бармэнам. Падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020-га дапамагаў параненым. Яго зь сябрамі затрымалі і моцна зьбілі. Цяпер Яўген у Лёндане. Пра тое, як за год зьмянілася жыцьцё, ён расказаў Свабодзе.

«У палітыцы ня ўдзельнічаў, як і большасьць беларусаў да 2020-га»

«Я жыў у Менску, працаваў бармэнам, — расказвае Яўген Галіцкі. — У палітыцы ня ўдзельнічаў, як і большасьць беларусаў. Разумеў, што мой, скажам, удзел нічога ня зьменіць. Так здавалася. Але калі я ўбачыў ланцужкі салідарнасьці, і потым усю гэтую сваволю сілавікоў… Гады ў рады ў нас зьявіліся сапраўды годныя кандыдаты — і я бачу, як нахабна зь імі паступіла ўлада. У 2010 годзе я бачыў, як выходзілі людзі, і не разумеў, навошта яны гэта робяць. А летась у мяне зьявілася надзея на перамены.

9 жніўня я прагаласаваў — раней зусім не хадзіў на выбары. Тут на хвалі надзеі пайшоў. Вечарам мы зь сябрамі пайшлі „на стэлу“. Нас там разганялі, мы зноў зьбіраліся. Калі мы зь сябрам хацелі перайсьці ад адной кампаніі да другой, нас „захапілі“ людзі ў счэпку. Я быў у першым шэрагу, і ў нас каля ног выбухнула граната.

Потым мы разьбегліся. Ноч сядзелі ў адной установе, пад ранак прыехаў знаёмы і вывез нас з цэнтру. Хадзіў 10 жніўня. 11 жніўня мы зь сябрамі вырашылі дапамагаць людзям вадой, бінтамі, лекамі. Таму загрузілі аўто лекамі, вадой і паехалі па цэнтры Менску. Езьдзілі па „гарачых кропках“. На аўто наклеілі чырвоны крыж, і сябе абазначылі таксама. На гасьцініцы Юбілейнай нас затрымаў АМАП».

«Раз ты зь Літвы, у вас фэмінізм, будзеш атрымліваць нароўні»

«Нас забралі — мяне, сяброўку і яе сябра. Пасадзілі ў бус, пачалі біць. У сяброўкі быў літоўскі пашпарт, гэта іх раззлавала. Амапавец сказаў: „Раз ты зь Літвы, у вас там фэмінізм, будзеш атрымліваць нароўні з мужыкамі“. І яе таксама білі. Яшчэ такі момант быў — сяброўка прашаптала нам у бусе: „Хлопцы, прабачце, што я вас у такое ўцягнула“.

Павезьлі ў Фрунзэнскі РАУС. Там нас дапытвалі. Мяне білі па сьпіне дручком. Нас хацелі абвінаваціць у фінансаваньні пратэстаў. Усё выпытвалі — адкуль грошы на мэдыкамэнты? У маім тэлефоне знайшлі перапіску з маці. Яна пісала, што грошы прыйшлі. Яны да гэтай перапіскі прычапіліся. Жорстка абыходзілася маладая міліцыянтка. Яна мне сказала: „Праз такіх мразяў усё і адбываецца“. Калі я зрабіў ёй заўвагу — яна дала знак амапаўцу. Ён пасадзіў мяне на падлогу на калені і пачаў зьбіваць. Потым усе ногі былі сінія.

За мной быў хлопец — міліцыянты выразалі яму на заднім месцы майткі і порткі і білі па голым азадку. Другі хлопец страціў прытомнасьць. Але міліцыянты не сьпяшаліся дапамагаць яму, сьмяяліся: „Сярод вас жа шмат мэдыкаў — вось і дапамагайце яму!“. У пратаколах нам пісалі з галавы месца і час затрыманьня. Ні ў кога дадзеныя не супадалі. Мне напісалі, што мяне затрымалі на Каменнай Горцы».

«Ноччу былі чуваць страшныя крыкі людзей, якіх білі»

«Ноч праседзелі ў РАУС. Раніцай у людзей пачалі званіць будзільнікі на тэлефонах. Прыйшла амапаўка і паказальна пачала разьбіваць дручком і аб падлогу тэлефоны. Здаецца, яе Ксенія клікалі. Адна дзяўчына ёй не спадабалася — яна прымусіла яе адціскацца. Калі маёй сяброўцы Марыі зрабілася блага, тая амапаўка прынесла вату з нашатырным сьпіртам і засунула яе Марыі ў нос. Потым у яе ўсё пякло.

Пасьля павезьлі на Акрэсьціна. Там, калі можна так сказаць, — „судзілі“. Давалі па 10–15 сутак. Потым нас паставілі на калені, і мы мусілі апусьціць галовы ў зямлю. У такой позе я нават ня ведаю, колькі мы былі. Аж сьцямнела. Мне неяк не было страшна. Я не шкадаваў, што выйшаў, што ўсё дарма. Але такая жорсткасьць людзей у форме ў мяне ў галаве не ўкладалася. Нас было чалавек 90 недзе ў прагулачным дворыку. Было вельмі холадна. Толькі раніцай нам прынесьлі ваду і 5–6 боханаў хлеба на ўсіх — белага і чорнага. Ноччу былі чуваць страшныя крыкі людзей, якіх білі.

Потым нас перавезьлі ў Слуцкі лячэбна-працоўны прафілякторый. Там ужо да нас было нармальнае стаўленьне. Вайскоўцы самі ў шоку былі ад таго, у якім мы стане і што расказвалі. Калі ехалі на ЛПП, пачуў шмат гісторый, як людзі ішлі ці ў краму, ці былі на запраўцы, і іх хапалі па сваволі, яны не былі нават на пратэстах».

«Вырашыў зьяжджаць з краіны, нікуды больш не хадзіў»

«Я вырашыў са сваёй дзяўчынай, што зьедзем з краіны. Пайшлі на курсы польскай мовы. Думалі паехаць у Польшчу. Я больш нікуды не хадзіў. Было страшна пасьля той паперы, якую падпісвалі ў ЛПП, што абяцаю ня ўдзельнічаць ні ў чым. Сілавікі не чапляліся. Увесну ў мяне зьявілася прапанова паехаць на заробкі ў Вялікую Брытанію. Ну, думаў, паеду, грошай зараблю. Я ўжо быў у Вялікай Брытаніі, як мне пачала тэлефанаваць маці і казаць, што мяне шукаюць сілавікі. За фінансаваньне экстрэмізму! Відаць, за тыя лекі, мэдпрэпараты і бінты прыплялі мне такі артыкул. Мне знаёмы таксама патэлефанаваў і параіў не вяртацца. Таму я цяпер тут. І не вяртаюся. Падаўся тут на ўцекача. Мае сябры, разам зь якімі тады вазіў ваду і бінты, таксама цяпер у Лёндане».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG