Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 сьнежня: у Гомлі затрымалі радыёвядоўцу, аўтар «Камсамолкі» плянуе кнігу за кратамі 

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Агляд выракаў судоў, ператрусаў і затрыманьняў за 4 сьнежня.

У Гомлі затрымалі радыёвядоўцу

У Гомлі за заклікі да пратэстаў затрымалі 35-гадовага вядучага радыёстанцыі «Гомель FM» Аляксея Каверына, піша «Новы час».

Раней у сеціва «зьлілі» перапіску гамяльчаніна ў адным з закрытых чатаў, да затрыманьня ён прасіў прабачэньня за яе ў сябе ў Instagram.

Як паведамляе МУС, на гамельчука выйшлі апэратыўнікі ГУБАЗіКа. Яны ўстанавілі, што ён разьмяшчаў тэкставыя і галасавыя паведамленьні з «заклікамі да незаконнага збору грамадзян у грамадзкіх месцах Гомеля, арганізоўваў групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя з непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікам улады». У дачыненьні да яго ўзбуджаная крымінальная справа. Па якім канкрэтна артыкуле — не ўдакладняецца, як і абраная мера стрыманьня. МУС апублікавала «пакаяльнае відэа» з затрыманым Аляксеем Каверыным.

Аўтар беларускай «Камсамолкі» плянуе напісаць кнігу за кратамі

Генадзь Мажэйка
Генадзь Мажэйка

Журналіста беларускай «Камсамолкі» Генадзя Мажэйку пакінулі ў СІЗА яшчэ на 2 месяцы — да 1 лютага. Пра гэта «Камсамолцы» паведамілі ягоныя сваякі.

Адвакатка наведала журналіста ў СІЗА. Зь ейных словаў, ён здаровы, поўны творчых плянаў, «думае над напісаньнем кнігі па сваёй гісторыі».
Перад гэтым Генадзя Мажэйку зьнялі з карантыну па каранавірусе пасьля 35 дзён у ізаляцыі. Цяпер адвакаты могуць з ім сустракацца, ён можа атрымліваць перадачы і лісты.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі журналіста затрымалі ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева» супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў, пасьля чаго альбо перадалі яго беларускім калегам, альбо пасадзілі на рэйс у Менск, дзе Мажэйку затрымалі мясцовыя сілавікі.

Падставай для затрыманьня стала крымінальная справа паводле артыкулаў 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, альбо іншай сацыяльнай варожасьці) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) КК. Гэта адбылося пасьля публікацыі на сайце kp.by артыкулу пра менчука Андрэя Зэльцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ Беларусі.

Шукаючы інфармацыю аб Зэльцары, Мажэйка ўзяў кароткі камэнтар у аднаклясьніцы загінулага, якая станоўча пра яго выказалася. Артыкул Мажэйкі правісеў на сайце ўсяго некалькі хвілін. Сайт kp.by быў заблякаваны ў Беларусі ўжо на наступны дзень, 29 верасьня.

Менчукоў абвінавацілі ў тэрарызме, бо нібыта кінулі камень у вакно кватэры пракурора

Сёлета ў красавіку ў кватэру пракурора на першым паверсе хтосьці кінуў камень. Праз гэта затрымалі двух менчукоў. Іх вінавацяць у тэрарызме, паведамляе Сьледчы камітэт.

Незадоўга да інцыдэнту адрас, кантактныя дадзеныя, пасаду і месца працы пракурора разьмясьцілі ў адным з Telegram-каналаў, забароненых беларускімі ўладамі.

Затрыманыя — удзельнікі закрытага чату «Буслы ляцяць», мужчыны ва ўзросьце 43 і 36 гадоў. Адзін з іх індывідуальны прадпрымальнік у сфэры будаўніцтва, другі — інжынэр, абодва раней не судзімыя.

Ім прад’явілі абвінавачаньне паводле двух артыкулаў:

  • «Акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага дзеяча» (ч. 1 арт. 359 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і
  • «Удзел у арганізацыі, створанай для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 290-4 КК Беларусі).

Гэтай арганізацыяй сьледчыя назвалі «нефармальную арганізацыю» «Супраціў», якую нібыта стварылі сёлета ў траўні ў выніку аб’яднаньня ініцыятыў «Кібэр-партызаны», «Дружыны Народнай Самаабароны — ДНС» і «Буслы ляцяць». Беларускія лады прызналі «Супраціў» тэрарыстычнай арганізацыяй.

Арыштавалі сябра БСДП з Барысава

Намесьніка старшыні Барысаўскай гарадзкой арганізацыі БСДП Ігара Ледніка ўчора затрымалі і асудзілі на 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Да таго ён ужо адсядзеў 7 содняў арышту, піша «Белсат».

Ігар Леднік, 2009 год, архіўнае фота
Ігар Леднік, 2009 год, архіўнае фота

Менчуку далі 3 гады «хіміі» за пратэсты ў жніўні 2020 году

Жыхара Менску Сяргея Бяляўскага асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі за тое, што выходзіў на акцыі пратэсты летась у жніўні. Прысуд вынес суд Маскоўскага раёна Менску 3 сьнежня, паведамляе Вясна.

Справу разглядаў судзьдзя Алег Каляда.

Бяляўскага вылічылі апэратыўнікі падчас маніторынгу сацыяльных сетак па фотаздымках як актыўнага ўдзельніка пратэстаў.

Яго абвінавацілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі, нібыта «груба парушаў грамадзкі парадак, выказваў яўнае непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», «перашкаджаў руху грамадзкага транспарту, выкрыкваў лёзунгі і станавіўся разам з іншымі нявысьветленымі асобамі ў счэпку».

Да суда Бяляўскі знаходзіўся на волі, пад залогам, і падпіскай аб нявыезьдзе. Сваю віну прызнаў цалкам, раскаяўся ў тым, што зрабіў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG