Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль ня пішуць пра палітвязьняў, Ціханоўская — самы бачны лідэр, Беларусь замест «Белай Расеі». Як мяняўся вобраз Беларусі ў замежных СМІ


Сьвятлана Ціханоўская

«У цэнтры ўвагі — Ціханоўская, амаль не былі заўважныя асобы Цапкалы, Латушкі, пра Бабарыку і Калесьнікаву пісалі, калі яны былі на свабодзе, і нашмат менш — пасьля таго, як трапілі ў турму». Гэта адна з высноваў дасьледаваньня пра тое, як мяняўся мэдыйны вобраз Беларусі ў 2020–2021 гадах.

Зрабіла яго супрацоўніца Цэнтру новых ідэй, асьпірантка паліталёгіі ў швэдзкім унівэрсытэце Карлстад Леся Руднік. Пра свае высновы яна расказала ў эфіры Свабоды Premium.

Глядзець размову на відэа цалкам.

  • У межах дасьледаваньня зь ліпеня 2020 па ліпень 2021 году быў праведзены кантэнт-аналіз 3269 артыкулаў дзесяці буйных міжнародных онлайн-выданьняў у сямі краінах (Расея, Польшча, Швэцыя, Францыя, Гішпанія, ЗША, Нямеччына) і фокус-групы з 13 удзельнікамі, якія рэпрэзэнтуюць палітычныя сілы, грамадзка-палітычныя праекты і дыяспары.

Галоўныя высновы дасьледаваньня Лесі Руднік

Пра Беларусь пішуць менш

Леся Руднік
Леся Руднік

— Зь пікам пратэставай хвалі Беларусь пачала зьяўляцца ў замежных СМІ часьцей, але хваля спала, пра Беларусь сталі пісаць меней ужо пад канец 2020 году.

У 2021 годзе колькасьць артыкулаў значна зьменшылася. І гэта нармальна, бо ўва ўсіх падзей ёсьць свой мэдыйны цыкль. Калі ў Нямеччыне колькасьць артыкулаў скарацілася ўдвая, то ў Расеі па тэме Беларусі сталі пісаць у сем разоў менш.

Сьвятлана Ціханоўская — самы бачны беларускі лідэр

— Самымі цікавымі для замежных СМІ сталі падзеі, якія былі трагічнымі для беларусаў: рэпрэсіі, затрыманьні, вымушаная эміграцыя палітыкаў, кейс з пасадкай самалёта, зь Ціманоўскай. Сьвятлана Ціханоўская ўзгадвалася часьцей за іншых лідэраў беларускай апазыцыі (21%). У Расеі пра Ціханоўскую пісалі значна менш, чым, напрыклад, у Нямеччыне ці Гішпаніі. Больш за ўсё Ціханоўскую ўзгадвалі як палітычную лідэрку (20%), толькі ў 5% выпадкаў — як абраную прэзыдэнтку. Віктар Бабарыка згадваўся як прадстаўнік апазыцыі толькі ў 2% выпадкаў.

У якіх выпадках акцэнты беларускіх і замежных СМІ не супадалі

— Міжнародныя візыты Сьвятланы Ціханоўскай, нават самыя буйныя, займалі шмат месца ў парадку дня беларускіх СМІ, у той жа час амаль не былі адлюстраваныя ў замежных выданьнях. Нават такія сустрэчы, як з Байдэнам і прэм’ерам Вялікай Брытаніі, не былі заўважныя ў гэтых выданьнях. Напрыклад, быў адзін артыкул пра факт сустрэчы, але не было ніякага глыбокага аналізу, размоваў з экспэртамі, як у беларускіх СМІ.

Пра што і пра каго найчасьцей пісалі замежныя СМІ

— Калі гаварыць пра топ-тры тэмы, якія мы заўважылі на прыкладзе прааналізаваных 3269 артыкулаў, то гэта:

  1. Пратэсты і рэпрэсіі
  2. Сьвятлана Ціханоўская
  3. Беларускія СМІ, дакладней — рэпрэсіі супраць беларускіх незалежных СМІ.

Калі гаварыць пра асобаў, то акцэнты адрозьніваліся. Вельмі мала пісалі пра Латушку, Цапкалу і іншых палітыкаў. Пра Паўла Латушку шмат пішуць у беларускіх СМІ, а ў замежных выданьнях колькасьць артыкулаў пра яго за ўвесь год была вельмі малая, і яны былі зьвязаныя з эміграцыяй палітыка. Пра Бабарыку і Калесьнікаву гаварылі тады, калі яны былі на свабодзе, і нашмат менш — пасьля таго, як трапілі ў турму.

Амаль ня пішуць пра палітвязьняў

— Амаль ня пішуць пра асобных палітзьняволеных. Гэты дыскурс, які доўгі час быў даволі заўважным у беларускіх СМІ, зусім непапулярны ў замежных СМІ. Рэпрэсіі агулам згадваюцца, але не даюць канкрэтных прыкладаў палітвязьняў, ня пішуць, як жыцьцё ў турме праходзіць, што ім трэба. Мы бачылі на прыкладзе Марыі Калесьнікавай, што на працягу месяца, як яна трапіла ў турму, артыкулаў пра яе стала ў 10 разоў меней. І пра палітзьняволеных агулам, і пра вядомых палітзьняволеных пісалі вельмі мала.

Публікацыі пра Беларусь сталі больш якаснымі

— Пра Беларусь у 2021 годзе пісалі меней, чым у 2020-м. Аднак пры гэтым відавочныя асобныя трэнды: замежныя журналісты, а адпаведна, і замежная аўдыторыя сталі больш разумець пра Беларусь, матэрыялы сталі больш якаснымі і дэталёвымі, у іх даволі высокая экспэртыза пра падзеі ў Беларусі. Пра беларусаў пішуць як пра асобную нацыю, хоць многія журналісты працягваюць зьмяшчаць Беларусь у расейскі кантэкст пры любой магчымасьці. Сьвету таксама стала вядома пра канкрэтныя і жорсткія рэпрэсіі.

Беларусь замест «Белай Расеі»

— Адна зь цікавых зьменаў тычыцца зьмены назвы. У некаторых мовах назва Беларусі літаральна азначае, калі перакласьці, «Белая Расея». Большасьць прааналізаваных выданьняў выкарыстоўвае назву «Беларусь» (83%). Колькасьць выкарыстаньняў назвы «Белая Расея» зьменшылася зь 19% да 10% у 2021 годзе. Толькі ў 30% артыкулаў з Расеі выкарыстоўваецца назва «Белоруссия». У Гішпаніі назва «Белая Расея» — мэдыйны стандарт, а ў Францыі заўважныя пэўныя трансфармацыі (у 28% артыкулаў ужо выкарыстоўвалася назва «Беларусь»). У Нямеччыне каля 7% артыкулаў выкарыстоўвалі адначасова назвы і «Беларусь», і «Белая Расея».

Наколькі публікацыі пра Беларусь уплываюць на прыняцьце палітычных рашэньняў

— У заходніх краінах СМІ — моцны голас і сапраўды чацьвёртая сіла, якая мае ўплыў на палітыку. Зь іншага боку, цяжка сказаць, якую долю палітычных рашэньняў на Захадзе прымаюць праз СМІ. Таму СМІ — інструмэнт прасоўваньня парадку дня, які потым можа паўплываць на палітычны парадак дня. Удзельнікі фокус-групаў, якія працуюць з замежнымі СМІ, зь якімі я размаўляла падчас правядзеньня дасьледаваньня, вераць у тое, што без увагі СМІ палітычныя дзеяньні ўвогуле немагчымыя.

Найбольш частыя памылкі, недакладнасьці, стэрэатыпы ў публікацыях пра Беларусь

  • Ціханоўскую часта называлі праваабарончай актывісткай
  • Марыю Калесьнікаву называлі кандыдаткай у прэзыдэнты
  • Прасілі інтэрвію зь Віктарам Бабарыкам, калі ён ужо некалькі месяцаў быў за кратамі
  • Часта пісалі пра тое, што Лукашэнка выйграў выбары
  • Пісалі, што на вуліцы выйшлі 10 000 беларусаў, калі на вуліцах было 100 000 мінімальна

Як называюць Лукашэнку, а як Ціханоўскую

— Мы не замяралі апісаньні Лукашэнкі, бо гэта зусім іншы фокус. Мы глядзелі на вобраз Беларусі, які не скажаецца асобай Лукашэнкі, хоць такое параўнаньне было б цікава правесьці. Ціханоўскую часьцей за ўсё называлі палітычнай лідэркай, зарэгістраванай кандыдаткай ці палітычнай уцякачкай, лідэркай беларускага грамадзтва. На самым пачатку, у 2020 годзе, яе называлі жонкай Сяргея Ціханоўскага.

Роля беларускай дыяспары ў прасоўваньні беларускай тэмы ў замежных СМІ

— Дыяспара шмат працавала са СМІ цягам апошняга году. З фокус-групаў я пачула і пра гатовыя мэдыя-сьпісы з ранжыраваньнем журналістаў і выданьняў, і пра блізкія асабістыя кантакты са СМІ, і пра злучаныя каардынаваныя міжнародныя мэсыджы. Дыяспары таксама адзначылі, што сталі сродкам вэрыфікацыі для міжнародных журналістаў, якія зьвярталіся, каб запытаць, напрыклад: 100 000 пратэстоўцаў — гэта многа ці мала? Швэдзкая і ўкраінская дыяспары прывучылі СМІ не называць Лукашэнку прэзыдэнтам.

Інтэрвію ВВС для беларусаў і для замежнікаў

— Мне падаецца, што апошняе інтэрвію Лукашэнкі для ВВС стала ў нейкім пляне рэзанансным для беларускага грамадзтва, але ня выклікала ажыятажу ў замежных СМІ. На жаль, гэтае інтэрвію яшчэ раз падсьвятляе міграцыйны крызіс і асобу Лукашэнкі, але не рэпрэсіі, за якія замежныя СМІ не зачапіліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG