Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» абвясьціла прэм’еру першага спэктаклю другога сэзону


Пратэст супрацоўнікаў «Купалаўскага тэатру». Менск, 17 жніўня 2020 года.

Гэта спэктакль «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» паводле аднайменнага рамана Сяргея Пясецкага.

Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» былых актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы абвясьціла прэм’еру першага спэктаклю другога сэзону.Спэктакль «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» пастаўлены паводле аднайменнага рамана Сяргея Пясецкага рэжысэрам Мікалаем Пінігіным, сцэнаграфія і касьцюмы — Кацярыны Шымановіч.

Офлайн-прэм'ера пройдзе ў Кракаве на фэстывалі «Чароўная камэдыя» 4 сьнежня 2021 году ў 19:00 на пляцоўцы «Małopolski Ogród Sztuki».Беларусы змогуць убачыць онлайн-вэрсію спэктакля 13 студзеня 2022 году на ютуб-канале «Купалаўцы».У ролях — Андрэй Дробыш, Валянціна Гарцуева, Андрэй Градабоеў, Ігар Сігаў, Сяргей Чуб, Віктар Манаеў, Зоя Белахвосьцік, Мікалай Кучыц, Алеся Бельская, Аляксандар Зелянко і Аляксандар Паўлаў.

Апошнія двое сыграюць, адпаведна, Гітлера і Сталіна.Сяргей Пясецкі — польскі пісьменьнік зь Ляхавіч. А яшчэ кантрабандыст, шпіён і нястомны авантурыст. Ягоны раман «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» апісвае падзеі Другой сусьветнай вайны ў Вільні і Горадні. Твор лічыцца жорсткай сатырай, якая ў гратэскавай форме адлюстроўвае перш за ўсё псыхалягічны вобраз тыповага прадстаўніка савецкага мэнталітэту сталінскіх часоў, няздольнага думаць самастойна, чалавека мэханізаваных паводзінаў, заснаваных на страху, паслухмянасьці, бальшавіцкай ідэалёгіі і нянавісьці да ўяўных «буржуазных» ворагаў.

З польскай на беларускую мову кнігу пераклаў Алесь Астраўцоў. Да 1990 году кніга была забароненай у Польшчы.

У жніўні 2020 году купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек.

Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў. З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках. Іх першай прэмʼерай стаў культавы спэктакль «Тутэйшыя», спэктакль на YouTube паглядзелі больш за 300 тысяч чалавек. 29 верасьня «Купалаўцы» ўпершыню за год выступілі на сцэне перад гледачамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG