Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Міжнародны дзень інвалідаў; год таму — партал Tut.by пазбавілі статусу СМІ


Марш людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, Менск, 22 кастрычніка 2020 г.

Падзеі 3 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі

Дата дня

3 сьнежня адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. Гэты дзень быў абвешчаны ААН у 1992 годзе, каб прыцягнуць увагу да праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, абароны іх годнасьці, правоў і дабрабыту.

У гэты дзень год таму

  • Эканамічны суд Менску задаволіў пазоў Міністэрства інфармацыі супраць Tut.by і пастанавіў пазбавіць партал статусу СМІ.
  • У Беларусі яшчэ 15 чалавек прызналі палітычнымі зьняволенымі.
  • Ксяндза Вячаслава Барка асудзілі на 10 содняў арышту ў Наваполацкім ЦІП.
  • На БелАЭС зноў адключылі энэргаблёк.
  • NATO супакоіла Лукашэнку: Мы не пагражаем Беларусі.

Гэты дзень у гісторыі

1586 — у Англію з Амэрыкі ўпершыню завезьлі бульбу.

1621 — Галілео Галілей вынайшаў тэлескоп.

1775 — упершыню быў падняты амэрыканскі сьцяг.

Сьцяг ЗША перад Капітоліем
Сьцяг ЗША перад Капітоліем

1918 — Урад Беларускай Народнай Рэспублікі пакінуў Менск.

1921 — у Менску створаная Беларуская кантора Дзяржбанку РСФСР. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, утвораны ў 1991 годзе, лічыцца пераемнікам гэтай установы.

Нацыянальны банк Беларусі
Нацыянальны банк Беларусі

1955 — пры UNESCO заснавана Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргетыцы (МАГАТЭ).

Штаб-кватэра МАГАТЭ ў Вене
Штаб-кватэра МАГАТЭ ў Вене

1965 — гурт The Beatles выпусьціў альбом Rubber Soul, які прынята лічыць пачаткам карэнных зьменаў у музыцы лівэрпульскай чацьвёркі.

Гурт the Beatles — Рынга Стар, Пол Макартні, Джордж Гарысан, Джон Ленан, жнівень 1969 г.
Гурт the Beatles — Рынга Стар, Пол Макартні, Джордж Гарысан, Джон Ленан, жнівень 1969 г.

1967 — паўднёваафрыканскі хірург Крыстыян Барнард упершыню ў гісторыі зрабіў пасьпяховую перасадку сэрца.

1991 — распушчаны КДБ СССР.

1992 — адпраўлена першае SMS-паведамленьне.

У гэты дзень нарадзіліся

1907 — Рыгор Крушына (ад нараджэньня Казак), беларускі паэт, пісьменьнік і журналіст, дзеяч паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне й ЗША, супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода.

Ён стаў першым беларускім пісьменьнікам, прынятым у Міжнародны ПЭН-клюб (1966 г.).

Дзеля гэтага Рыгор Крушына мусіў пакінуць Радзіму, апынуцца на Захадзе, трапіць у лягер для перамешчаных асобаў, вытрымаць безьліч выпрабаваньняў эмігранцкага жыцьця. Вядома, усё тое ён прайшоў зусім ня з мэтаю здабыць пасьведчаньне сябра ПЭНу.

У лістападзе 1920-га трынаццацігадовы Рыгорка зь яшчэ меншым братам Колем раскідваў па вёсках і мястэчках улёткі з заклікамі Рады Случчыны да антыбальшавіцкага паўстаньня. Празь пяць гадоў ОГПУ вырашыць бліжэй прыгледзецца да братоў у сувязі з справаю падпольнай арганізацыі Юрыя Лістапада.

Аднак студэнт Белпэдтэхнікуму Казак хутка выйдзе на волю і вернецца да ўлюбёнага занятку — літаратурных практыкаваньняў, якія прывядуць яго ў «Маладняк» і зробяць аўтарам двух зборнікаў вершаў на дазволеныя тэмы і з адпаведным патасам — «Разгон» і «Паэзія чырвонаармейца». «Браў разгон я — не было разгону, / Не гучэла слова навіной», — напіша ён пра тыя свае опусы ўжо за акіянам. Кніга «Лебедзь чорная», зь якой сапраўды пачаўся паэт Крушына, выйшла ў 1947-м у лягеры ў Заходняй Нямеччыне.

Слухачы Радыё Свабода зь вялікім стажам, магчыма, памятаюць голас Кастуся Рамановіча. Пад гэтым псэўданімам у пяцідзясятыя — шасьцідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя выходзіў у эфір Казак-Крушына.

З кожным годам набіраўся ўпэўненасьці й адметнасьці і ягоны паэтычны голас, багата аздоблены мэтафарамі, алітэрацыямі, вытанчанымі рыфмамі й арыгінальнымі рытмамі. Натхнёна экспэрымэнтуючы з формаю, ён пісаў бліскучыя рандо, тэрцыны, канцоны, вілянэлі, туюгі і паліндромы — вершы, якія аднолькава чытаюцца як зьлева направа, так і наадварот. Кшталту вось гэтага, які ў духу часу хочацца ўмоўна назваць «тэрарысцкім»:

Я — сіла.

Маліся!

Міла палім

Тонкі кнот...

Ён ніколі не хаваўся ў свой паэтычны сьвет, як у вежу з слановай косьці: быў адным з заснавальнікаў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку, рэдагаваў літаратурна-мастацкі часопіс «Конадні».

У ягоную магілу сын Ігар паклаў, відаць, найдаражэйшую для бацькі кнігу — «Сны і мары» (1975). На ягоным помніку ў Іст-Брансўіку разам з Пагоняю выбітыя ажно чатыры вершы.

Яго творы пачалі зьяўляцца ў нашай пэрыёдыцы з канца 1980-х, але сапраўднае вяртаньне Рыгора Крушыны на Бацькаўшчыну адбылося нарэшце ў нашым стагодзьдзі, калі ў сэрыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў ёмісты том выбраных твораў.

Я прывітаю дзень чаканы,

Калі спаткаю позірк твой

З усьмешкай цёплай, Край каханы.

Я п’ю рамонкавы настой...

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.324-325.

1936 — Міхась Кукабака, савецкі праваабаронца, дысыдэнт і палітычны вязень.

1948 — Озі Осбарн, ангельскі рок-вакаліст.

У памяці

1894 — Робэрт Льюіс Стывэнсан, ангельскі пісьменьнік.

Робэрт Льюіс Стывэнсан
Робэрт Льюіс Стывэнсан

1919 — П’ер-Агюст Рэнуар, францускі мастак.

П’ер Агюст Рэнуар, «Новы Мост», 1872
П’ер Агюст Рэнуар, «Новы Мост», 1872

1994 — Ірына Ждановіч, беларуская артыстка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG