Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар NATO заклікаў альянс рыхтавацца да горшага ва Ўкраіне


Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг папярэдзіў, што альянс павінен рыхтавацца да горшага на фоне ўзмацненьня занепакоенасьці наконт магчымай падрыхтоўкі Расеі да ўварваньня ва Ўкраіну.

Трывогу NATO выклікае канцэнтрацыя расейскай цяжкай тэхнікі і войскаў каля паўночнай мяжы Ўкраіны.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на мінулым тыдні заявіў, што яго выведныя службы раскрылі пляны дзяржаўнага перавароту, які падтрымліваецца Расеяй.

Расея адпрэчыла гэтыя заявы, як і сьцьвярджэньні аб тым, што яна плянуе ўварваньне ва Ўкраіну.

«Можна абмяркоўваць, якая верагоднасьць уварваньня — 20 працэнтаў ці 80. Гэта няважна. Нам трэба рыхтавацца да горшага», — заявіў Столтэнбэрг журналістам у сталіцы Латвіі Рызе пасьля старшынства на перамовах міністраў замежных спраў NATO, прысьвечаных пагрозе з боку Расеі.

«Няма ніякай дакладнасьці, ніякай яснасьці ў тым, якія намеры Расеі, і яны могуць разьвівацца і мяняцца», — заявіў генэральны сакратар NATO.

«Яны ўжо рабілі гэта раней», — сказаў ён, маючы на ўвазе захоп Расеяй украінскага Крыму ў 2014 годзе.

Адказваючы на пытаньне аб рашэньні NATO задзейнічаць сыстэму плянаваньня мераў па крызісным рэагаваньні, якая дапамагае аналізаваць патэнцыйныя крызісы і рыхтаваць меры ў адказ, ён сказаў: «Саюзьнікі згодныя з тым, што ў нас павінны быць падрыхтаваныя пляны, каб быць упэўненымі ў тым, што мы заўсёды можам абараніць саюзьнікаў ад любой патэнцыйнай пагрозы».

ЗША падзяліліся з эўрапейскімі саюзьнікамі выведнымі дадзенымі, якія папярэджваюць аб магчымым уварваньні. Эўрапейскія дыпляматы адзначылі перамяшчэньні расійскіх войскаў, але некаторыя краіны палічылі пагрозу, што ўварваньне можа пачацца неўзабаве, перабольшанай.

Якія б ні былі намеры Расеі, NATO ня зможа своечасова аказаць Украіне значную ваенную падтрымку, каб зьмяніць сытуацыю ў супрацьстаяньні расейскім сілам.

Столтэнбэрг падкрэсьліў, што Ўкраіна не зьяўляецца часткай альянсу і ня можа скарыстацца гарантыямі калектыўнай бясьпекі, якія дзейнічаюць для чальцоў NATO.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG