Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ГУБАЗіК баіцца несапраўдных бюлетэняў на рэфэрэндуме? Тлумачыць былы чыноўнік Адміністрацыі прэзыдэнта


Затрыманьні падчас дэманстрацыі ў Менску. Лістапад 2020 году

Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Арцём Праскаловіч у інтэрвію «Свабодзе» тлумачыць, чаму Лукашэнка і яго сілавікі занепакоіліся стратэгіяй дэмакратычных сілаў, якія заклікалі падчас канстытуцыйнага рэфэрэндуму рабіць бюлетэні несапраўднымі.

Праскаловіч — цяпер сябра Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва — расказаў, ці забаронена гэта законам і што канкрэтна неабходна зрабіць, каб бюлетэнь прызналі несапраўдным.

На мінулым тыдні Лукашэнка назваў плян дэмакратычных сілаў сьмешным. Апазыцыя прапанавала пазначаць у бюлетэні ўсе прапанаваныя варыянты. Але разам з тым Лукашэнка накіраваў гэты плян у сваю Адміністрацыю, каб яго там вывучылі. Празь некалькі дзён прадстаўнік ГУБАЗіКу Вячаслаў Арлоўскі назваў прапанову апазыцыі «антыдзяржаўнай» і паабяцаў, што «ўсе падбухторшчыкі будуць ізаляваныя, прыцягнутыя да адказнасьці».

«ЦВК можа намаляваць патрэбныя лічбы, але людзі ў камісіях будуць бачыць непасрэдныя вынікі»

Калі плян апазыцыі, як кажа Лукашэнка, сьмешны, то навошта за два месяцы да рэфэрэндуму палохаць грамадзян адказнасьцю? Паводле Праскаловіча, усе камэнтары прадстаўнікоў рэжыму і іх дзеяньні сьведчаць аб тым, што адзіная стратэгія дэмакратычных сілаў і грамадзянскіх ініцыятываў слушная.

«Рэжым ні баіцца нікога больш, чым беларускага народу, аб’яднанага адзінай мэтай супраць адзінага ворага. Чаму для рэжыму важна, каб было ціха і не было

Арцём Праскаловіч
Арцём Праскаловіч

ніякага супрацьдзеяньня з боку беларусаў? Нягледзячы на тое, што ЦВК сапраўды намалюе патрэбныя лічбы, на месцах людзі будуць сутыкацца зь непасрэднымі вынікамі і аб’ёмамі несапраўдных бюлетэняў, якія беларусы апусьцілі ў скрыні. І мы атрымаем тое, што атрымалі ў 2020 годзе. Недзе яўка перавысіць 100%, недзе будзе рэакцыя выбарчых камісій, якія захочуць зьменшыць працэнт фальсыфікацый або палічаць цалкам правільна. А Лукашэнку трэба, каб пасьля правалу на прэзыдэнцкіх выбарах ён змог падмацавацца хоць нейкай легітымнасьцю», — кажа былы чыноўнік.

Праскаловіч лічыць, што ўжо сёньня парадак дня фармуюць дэмакратычныя сілы і што ён не падабаецца рэжыму, бо мабілізуе грамадзтва і стварае перадумовы для таго, каб сыстэма дала збой і рэфэрэндум не адбыўся. Рэакцыю Лукашэнкі і сілавікоў менавіта на прапанову дэмакратычных сілаў ён называе доказам таго, што такога пляну ўлада баіцца больш, чым байкоту.

«Байкот ім выгадны, бо яго немагчыма зафіксаваць. У нас 5 дзён датэрміновага галасаваньня, выбарчыя ўчасткі знаходзяцца ў школах, інтэрнатах, на вытворчасьці. Нават пры здымцы 24 гадзіны ў суткі мы будзем бачыць людзей, якія туды заходзяць і выходзяць. Незразумела, хто зь іх выбарнікі. Таму малюецца высокая яўка», — кажа Арцём Праскаловіч.

«Няма ніякай адказнасьці за тое, што грамадзянін робіць свой бюлетэнь несапраўдным»

Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта падкрэсьліў, што дэмакратычныя сілы прапануюць не псаваць бюлетэні, а рабіць іх несапраўднымі. У чым розьніца?

«Сапсаваны бюлетэнь, які грамадзянін мог сапсаваць празь няўвагу, можна абмяняць у камісіі на новы. А несапраўдным прызнаецца той бюлетэнь, адносна якога камісія не змагла ўстанавіць, які выбар зрабіў выбарнік. Менавіта таму мы і кажам, што трэба паставіць пазнакі ва ўсіх акенцах, якія будуць прапанавыя для выбару. Трэба перакрэсьліць усе месцы для адказу. Бо пусты бюлетэнь, на якім будзе напісана „Я супраць“ ці нешта яшчэ, можа быць сфальсыфікаваны такім чынам, што нехта з камісіі яго запоўніць так, як трэба, і залічыць».

Праскаловіч дадае, што прапанова дэмакратычных сілаў абсалютна законная, бо Выбарчы кодэкс прадугледжвае паняцьце «несапраўдны бюлетэнь», і такія бюлетэні ўлічваюцца ў выніковых пратаколах.

«Няма ніякай крымінальнай ці адміністратыўнай адказнасьці за тое, што грамадзянін робіць свой бюлетэнь несапраўдным. І не прадугледжаная ніякая магчымасьць кантролю за галасаваньнем. Вядома, у краіне, дзе „не да законаў“, можа быць што заўгодна. Чалавека могуць прыцягваць да адказнасьці не за бюлетэнь, а за супраціў міліцыі ці дробнае хуліганства. Менавіта таму мы прапанавалі самы бясьпечны спосаб. Пракантраляваць галасаваньне 6 мільёнаў чалавек немагчыма, таму ніхто на гэта ня пойдзе. Менавіта таму палохаць яны пачалі загадзя».

Каб пазьбегнуць рэпрэсій з боку сілавікоў, Праскаловіч раіць не публікаваць у сацыяльных сетках заклікаў да нейкіх дзеяньняў падчас галасаваньня, байкоту ці рэалізацыі стратэгіі дэмакратычных сілаў. Замест гэтага можна апісаць свой уласны выбар, зрабіць яго і пасьля даслаць фатадоказ на плятформу «Голас».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG