Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён хацеў бачыць Беларусь свабоднай». Як сям’я расстралянага віцэ-прэм’ера БНР Смоліча паўстагодзьдзя шукала яго сьляды


Сям'я Смолічаў, 1926 год

Аркадзя Смоліча арыштавалі па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» і расстралялі ў омскай турме. Родным паведамілі, што яго асудзілі на 10 гадоў бяз права перапіскі, і жонка Аляксандра дзесяцігодзьдзямі шукала мужа па ўсіх турмах і лягерах, працягваючы верыць, што ён жывы.

Трагічная гісторыя аднаго зь першых кіраўнікоў БНР, аўтара першага падручніка геаграфіі Беларусі, выбітнага географа і эканаміста Аркадзя Смоліча — у матэрыяле праекту Радыё Свабода «Сибирь. Реалии».

У 1937 годзе Аркадзя Смоліча ў чарговы раз арыштавалі і роўна праз год расстралялі ў омскай турме. Аднак Аляксандры Смоліч паведамілі, што ён асуджаны на 10 гадоў бяз права перапіскі.

Дзесяцігодзьдзямі яна шукала мужа па ўсіх турмах і лягерах, працягваючы верыць, што ён жывы, але так і не змагла даведацца, якая доля напаткала мужа.

Толькі ў 1988 годзе, ужо пасьля сьмерці Аляксандры, стала вядома, як і калі ён загінуў. Гісторыя каханьня, стойкасьці і мужнасьці — у матэрыяле «Сибирь. Реалии» (публікуем у скароце).

«Яе твар рабіўся на 20 гадоў маладзейшым»

Масквічка Ларыса Лявонава, бабка якой была знаёмая з жонкай Аркадзя Смоліча Аляксандрай Ігнатаўнай, расказвае, што для яе зь дзяцінства іх гісторыя была доказам таго, што бывае каханьне, «як у казках: раз — і на ўсё жыцьцё, да самага канца».

«...Аляксандра Ігнатаўна ўспамінала пра свайго мужа. Тады я не здагадвалася, чаму яна гаварыла пра яго напаўголасу, паціху. Але я ўсё роўна адразу разумела, пра што гаворка, таму што ў яе ў такія хвіліны быў зусім іншы твар, — расказвае Ларыса Лявонава. — Ён ня проста ўвесь сьвяціўся, а рабіўся гадоў на 20 маладзейшым. Гэтулькі ў ім было каханьня, гэтулькі надзеі... Прайшло ўжо шмат гадоў, як яна засталася адна, але ўсё роўна працягвала чакаць».

Аляксандра Смоліч ніколі не дапускала і думкі пра тое, каб яшчэ раз выйсьці замуж.

Аркадзя Смоліча арыштавалі ў Ішыме ў ноч з 17 на 18 чэрвеня 1937 году. Пакуль тры супрацоўнікі раённага аддзелу НКУС ператрэсвалі ўсе рэчы ў доме, ён сядзеў за сталом, прыкрыўшы рукой вочы. Ператрус завяршыўся толькі пад раніцу. Сказалі «зьбірацца з рэчамі».

Смоліч падышоў да дзяцей, якія спалі, з хвіліну глядзеў на іх, але будзіць ня стаў. Толькі крануў за плячо малодшую дачку Машу, якая спала моцным сном пасьля цяжкага прыступу малярыі. Абняў паўсонную дзяўчынку і сказаў па-беларуску: «Расьці, дачушка, усё будзе добра». Разьвітаўся, выйшаў за дзьверы — і больш родныя яго ня бачылі.

З ішымскай турмы Смоліча перавялі ў омскую. Сям’я перабралася ўсьлед за ім, каб мець магчымасьць перадаваць перадачы і лісты — Аляксандра захавала іх усе да адзінага.

Пра тое, наколькі яны бераглі адно аднаго, можна меркаваць хоць бы таму, што большасьць сваіх лістоў Смоліч пачынае са слоў: «Здаровы і бадзёры». З гэтых слоў пачынаецца і апошні ліст, адпраўлены ім з турмы, — расказвае Генадзь Рыдзеўскі, загадчык аддзелу сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў НДІ Мінпрацы і сацыяльнай абароны Беларусі, адзін з аўтараў кнігі «Ахвяруючы сабой Айчыне: Аркадзь Смоліч».

«Усе гэтыя гады мы жылі побач зь месцам расстрэлу дзеда»

24 чэрвеня 1938 году Аляксандра прынесла ў Омскую турму чарговую перадачу. Кашулю для мужа вярнулі назад. Сказалі, што Смоліч асуджаны на 10 гадоў бяз права перапіскі, і ў турме яго больш няма — адпраўлены ў перасыльны лягер. Праўда, грошы, здадзеныя на ягонае імя ў касу, былі прынятыя. Што значылі словы «10 гадоў бяз права перапіскі», тады ніхто ня ведаў. А можа, проста хацелася верыць у лепшае.

З гэтага моманту Аляксандра пачала сыстэматычныя пошукі мужа. Яна завяла новую тэчку, якой наканавана было стаць такой жа тоўстай, як тэчцы з турэмнай перапіскай. Яна прызначалася для заяваў, скаргаў, запытаў, афіцыйных даведак — усяго таго, што, на думку Аляксандры, магло выратаваць яе мужа.

Паводле Генадзя Рыдзеўскага, яна шукала мужа па розных лягерах і ўпраўленьнях лягераў. Да каго зьвяртацца, Аляксандра ня ведала, таму пісала ва ўсе інстанцыі, нават Генпракурору СССР Вышынскаму і «ўсенароднаму старасту» Калініну, захоўваючы копіі ўсіх матэрыялаў і лістоў. І абавязкова дадавала ў канцы ліста: «Дазвольце да месца ссылкі дабрацца на ўласныя сродкі». Ніводнага адказу яна не атрымала.

З ліста начальніку ўпраўленьня Южлаг НКУС: «Запэўніваю Вас, таварыш начальнік, што, калі я атрымаю якую-небудзь вестку пра свайго мужа, пра якога нічога ня ведаю з 1938 году, гэта надасьць мне бадзёрасьць і энэргію, і я змагу аддзячыць Вам яшчэ больш напружанай і адданай працай, якая мне даручаецца Савецкай Радзімай. Калі Смоліч ня мае права на перапіску, то прашу Вас дазволіць мне выслаць грошы для перадачы Смолічу».

Зь ліста начальніку НКУС Омскай вобласьці: «Прычыны арышту свайго мужа і выніку ягонай справы я дагэтуль ня ведаю... Спадзяюся, што Вы, які стаіць на варце інтарэсаў працоўных, справядліва разьберацеся ў чалавеку, і ён зноў будзе карысным працаўніком у нашай краіне».

Толькі праз 20 гадоў пасьля арышту, у 1957 годзе, Смоліча прызналі невінаватым у злачынствах, за якія ён быў асуджаны. Зь Цюмені прыйшла даведка:

«Справа па абвінавачаньні Смоліча А. А., 1891 году нараджэньня, разгледжаная Прэзыдыюмам Цюменскага абласнога суду 09.02.1957 году. Рашэньне Тройкі УНКУС па Омскай вобласьці ад 10 чэрвеня 1938 году адменена і вядзеньне спынена». А яшчэ празь месяц Ішымскі ЗАГС выдаў даведку, што Смоліч А. А. памёр 17 сакавіка 1943 году ў месцах зьняволеньня ад міякардыту.

«Бабуля цалкам прысьвяціла сябе сямʼі, — расказвае Віталь Маос, унук Аляксандры і Аркадзя Смолічаў, сын іх малодшай дачкі Марыі. — Я ў яе на руках выхоўваўся. Бацькі на працы — а я ўсё з бабуляй. Калі я захварэў, лекары параілі зьмяніць клімат на больш спрыяльны, чым сыбірскі. Бабуля адразу ж пагадзілася пераехаць з Омску ў Кіеў, каб выратаваць маленькага Віталя».

На пачатку 1970-х гадоў у Аляксандры Смоліч здарыўся інсульт, пасьля якога яна доўга хварэла. 16 жніўня 1974 году яна памерла і была пахаваная на Мікуліцкіх могілках каля вёскі Немешаева ў Кіеўскай вобласьці. Так і не дачакаўшыся праўды пра свайго бацьку, памёр і сын Максім.

Толькі ў 1989 годзе стала вядома, што 10 чэрвеня 1988 году Смоліч быў рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР па абвінавачаньні 1930 году ў справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». А яшчэ праз 3 гады зьявіліся доказы, што інфармацыя з Ішымскага ЗАГСа ілжывая: дата і прычына сьмерці выдуманыя.

У 1991 годзе на запыт Геаграфічнага таварыства БССР Упраўленьне КДБ па Омскай вобласьці адказала, што 17 чэрвеня 1938 году Смоліч быў прыгавораны тройкай пры УНКУС па Омскай вобласьці да расстрэлу па арт. 58-10 КК РСФСР. 17 чэрвеня 1938 году прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў г. Омску. Месца пахаваньня невядомае.

«Тады высьветлілася, што ўсе гэтыя гады мы жылі ў Омску побач зь месцам расстрэлу дзеда, — кажа Віталь Маос. — За адзін квартал ад нашага дому, літаральна пешшу прайсьці, былі турма і Шэпелеўскія могілкі, дзе хавалі „ворагаў народу“, асуджаных на вышэйшую меру пакараньня па „расстрэльным“ 58-м артыкуле.

Пасьля Вялікай Айчыннай вайны гэтыя могілкі закрылі, на іх тэрыторыі пабудавалі агрэгатны завод імя Куйбышава. Цяпер там стаяць жылыя дамы. Але косьці загінулых вылазяць да гэтага часу. Зьяўляюцца зь зямлі на дзіцячых пляцоўках, усюды... І ніводнага мэмарыяльнага знаку там няма».

Помніка Аркадзю Смолічу да гэтага часу няма і ў Беларусі. Яго імя пачало вяртацца зь небыцьця толькі пасьля развалу СССР.

Да 1988 году пра яго ведалі толькі вузкія адмыслоўцы, а зь ягонай біяграфіі былі вядомыя ўсяго два факты: што Смоліч быў удастоены залатога мэдаля Рускага геаграфічнага таварыства і што быў рэпрэсаваны па справе мітычнага «Саюзу вызваленьня Беларусі». У нашыя дні адна з найвышэйшых узнагародаў Беларускага геаграфічнага таварыства — мэдаль Аркадзя Смоліча.

З 2015 году заснаваная першая Народная стыпэндыя імя Аркадзя Смоліча — яе прызначаюць студэнтам за актыўную грамадзкую дзейнасьць.

Аркадзь Смоліч выкладае геаграфію ў Ішымскім жывёлагадоўчым інстытуце (у ссылцы), 1935 год
Аркадзь Смоліч выкладае геаграфію ў Ішымскім жывёлагадоўчым інстытуце (у ссылцы), 1935 год

«Ён хацеў бачыць Беларусь незалежнай і свабоднай». Біяграфія Аркадзя Смоліча

Аркадзь Смоліч нарадзіўся 17 верасьня 1891 году ў вёсцы Бацэвічы Менскай губерні — тады яна ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі.

Ягоны бацька Антон Смоліч быў дыяканам і для свайго сына таксама выбраў духоўны шлях: Аркадзь скончыў спачатку Менскую духоўную вучэльню, а да 1905 году — Менскую духоўную сэмінарыю.

У 18 гадоў ён наважыўся не паслухацца волі бацькі і паступіць у Кіеўскі політэхнічны інстытут, але і там не знайшоў сябе.

Тады Смоліч яшчэ раз радыкальна зьмяніў напрамак і ў тым жа 1909 годзе перавёўся ў Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў польскім горадзе Пулавы. Гэты інстытут лічыўся «рассаднікам вальнадумства», і Смоліч заразіўся сацыялістычнымі ідэямі.

Ён браў актыўны ўдзел у арганізацыі студэнцкіх дэманстрацый, забастовак і акцый пратэсту, а ў 1910 годзе ўступіў у партыю «Беларуская сацыялістычная грамада» — БСГ, адну зь першых нацыянальных партый у Беларусі.

Адной са сваіх задач яна, як і партыя бальшавікоў, мела зьвяржэньне самадзяржаўя ў Расеі. Адрозьненьне было ў тым, што сябры БСГ марылі пра вольную Беларусь, якая не ўваходзіць у склад ні Расейскай і ніякай іншай імпэрыі. Смоліч таксама быў захоплены ідэямі нацыянальнай незалежнасьці і самавызначэньня.

Да канца другога году навучаньня «за ўдзел у беспарадках» яго выключылі з інстытуту і выслалі за межы Варшаўскага генэрал-губэрнатарства. Летам 1913 году Смоліч прыехаў у Менск, дзе разам з Флярыянам Ждановічам і Ўсеваладам Фальскім яны стварылі спачатку першую беларускую тэатральную трупу, а потым і першы беларускі хор.

У 1913 годзе, калі абвясьцілі амністыю з нагоды 300-годзьдзя дома Раманавых, Смолічу ўдалося вярнуцца ў інстытут і скончыць навучаньне.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны заходняя частка Беларусі была акупавана нямецкімі войскамі. Смоліч лічыў, што супрацьстаяньне варагуючых бакоў трэба выкарыстоўваць, каб дабіцца выхаду Беларусі з Расейскай імпэрыі.

3 сакавіка 1918 году была падпісаная Брэст-Літоўская мірная дамова, па ўмовах якой Менск перадаваўся Нямеччыне. І хаця ўся рэальная ўлада ў горадзе належала акупацыйным войскам, 25 сакавіка была абвешчана «незалежная» Беларуская Народная Рэспубліка — БНР.

Першы ўрад БНР 25 сакавіка 1918 году, Менск. Фота пасьля падпісаньня Статутнай граматы. Народны сакратарыят Алесь Бурбіс, Ян Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, стаяць Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік
Першы ўрад БНР 25 сакавіка 1918 году, Менск. Фота пасьля падпісаньня Статутнай граматы. Народны сакратарыят Алесь Бурбіс, Ян Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, стаяць Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік

«Адным з ініцыятараў яе стварэньня стаў Аркадзь Смоліч. У першым урадзе — Народным Сакратарыяце БНР — ён заняў пасаду міністра асьветы, — расказвае Рыдзеўскі. — Але адзінства ў шэрагах рэфарматараў не было. Празь месяц, 25 красавіка 1918 году, некалькі прадстаўнікоў Рады даслалі кайзэру Вільгельму тэлеграму, у якой дзякавалі за вызваленьне ад улады бальшавікоў. Смоліч гэтай тэлеграмы не падпісаў.

Ён хацеў бачыць Беларусь свабоднай. Нямеччына ж гатовая была цярпець на захопленай тэрыторыі ўрад БНР — рэспублікі, якую не прызнала ніводная дзяржава, але заахвочваць яе гульні ў незалежнасьць немцы не зьбіраліся. «Няма ніякіх сумневаў у тым, што калі б не была ўтвораная БНР, якая абудзіла ў народзе нацыянальную самасьвядомасьць, то пытаньне аб фармаваньні БССР ня вырашылася б так хутка, а можа, асобнай рэспублікі і зусім не было б», — кажа Рыдзеўскі.

Ва ўрадзе БНР Смоліч быў адным з прыхільнікаў польскай арыентацыі ў палітыцы. Ён меркаваў, што маладая польская дзяржава будзе падтрымліваць такую ж маладую беларускую. Ён свабодна валодаў польскай мовай і вёў перамовы ў Варшаве, сустракаючыся з самім Пілсудскім. Аднак усе намаганьні аказаліся безвыніковымі. Стаміўшыся ад палітычных няўдач, Смоліч адышоў ад палітыкі і засяродзіўся на навуковай дзейнасьці.

У 1919 годзе ён выдае сваю першую кнігу — «Геаграфія Беларусі». Яна стала першым нацыянальным акадэмічным падручнікам геаграфіі і ня мае аналягаў у беларускай навуцы.

Аляксандра Смоліч з сынам Максімам, 1920 год
Аляксандра Смоліч з сынам Максімам, 1920 год

У 1917 годзе Смоліч ажаніўся з Аляксандрай Каткоўскай, настаўніцай пачатковых клясаў, выпускніцай факультэту прыродазнаўства Маскоўскага гарадзкога народнага ўнівэрсытэту імя А. Л. Шаняўскага.

У 1918 годзе ў пары нарадзіўся першынец — сын Максім. У 1919 годзе Аляксандра апублікавала сваю першую сурʼёзную працу — першы слоўнік для беларускіх дзяцей. І ў тым жа годзе зьявілася на сьвет дачка Ганна.

Сямʼя перабралася ў Вільню, дзе Аркадзь Смоліч выкладаў у гімназіі, чытаў курс геаграфіі для маладых пэдагогаў. У канцы 1919 году яны пераехалі ў Горадню, дзе Смоліч стаў першым старшынём Таварыства беларускіх школ, мэта якога — забясьпечыць беларускім дзецям магчымасьць вучыцца на роднай мове.

Смоліч лічыў бальшавікоў злом, але гатовы быў супрацоўнічаць зь імі, каб пабудаваць нацыянальную Беларусь. Зь ліста Смоліча Антону Луцкевічу ад 13 студзеня 1919 году:

«Хоць я лічу, што бальшавізм прыносіць больш шкоды, чым карысьці рэгіёну, хоць ён зьвязвае нас з Масквой больш, чым мы хацелі б... ён дазваляе працаваць і абараняць нашу дзяржаўнасьць... стварыць адзіную Беларусь.... Праўда, гэта крыху рызыкоўна».

У 1922 годзе, не чакаючы амністыі для кіраўнікоў і шараговых удзельнікаў «антысавецкіх нацыянальных арганізацый і фармаваньняў 1918–1920 гг.», Смоліч зь сямʼёй вярнуўся ў БССР, уладкаваўся ў Менску і засяродзіўся на навуцы і асьвеце.

З 1923 году выкладаў на катэдры геаграфіі ў Беларускім унівэрсытэце, кіраваў плянава-эканамічным аддзелам Народнага камісарыяту земляробства БССР, раянаваньнем рэспублікі.

Узяўшы ўдзел у пераўтварэньні Інстытуту беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук, стаў адным з аўтараў яе першага статуту і ўвайшоў у прэзыдыюм Акадэміі. Працаваў над складаньнем атляса БССР, апублікаваў больш за 30 навуковых прац.

У 1927 годзе Смоліч стаў першым у Беларусі прафэсарам геаграфіі, а ў 1928 годзе — сапраўдным чальцом Рускага геаграфічнага таварыства. Праз два гады за дзьве свае працы быў уганараваны Малым залатым мэдалём РГТ, аднак атрымаць яго так і не пасьпеў — 27 чэрвеня яго арыштавалі.

Да 1930 году Абʼяднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленьне (АДПУ) сфабрыкавала маштабную справу «Саюзу вызваленьня Беларусі», у рамках якой арыштавалі 108 выдатных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. У дакладной запісцы АДПУ ўказана, што «Саюз вызваленьня Беларусі» ставіў сваёй мэтай зьвяржэньне савецкай улады пры дапамозе Польшчы і стварэньне «Беларускай народнай рэспублікі».

Справа стала відавочнай няўдачай АДПУ: даказаць існаваньне антыбальшавіцкай арганізацыі не ўдалося. Большасьць падазраваных усё ж выслалі ў месцы, аддаленыя ад Беларусі.

Пасьля больш як 9 месяцаў зьняволеньня Аркадзя Смоліча пастановай калегіі АДПУ БССР ад 10 красавіка 1931 году прызналі вінаватым і асудзілі на 5 гадоў ссылкі ў горад Аса Пермскай вобласьці.

Усьлед за ім туды перабралася і сям’я, але ў малой Асе не было сярэдніх школ для ягоных дзяцей, таму Смоліч дамогся пераводу ў горад Ішым (Цюменская вобласьць). Дырэктар Ішымскага пэдтэхнікуму Сяргей Дзёмін не пабаяўся ўзяць на працу «ворага народу».

Каб забясьпечыць сямʼю, Смоліч браўся за любую падпрацоўку: выкладаў на рабфаку Омскага вэтэрынарнага інстытуту, у мэдычным і жывёлагадоўчым тэхнікумах, на вячэрнім аддзяленьні Камуністычнага ўнівэрсытэту. А пасьля цяжкага працоўнага дня да 2 ночы працаваў над уласнымі артыкуламі.

2 жніўня 1935 году Смоліч атрымаў дазвол пакінуць месца высылкі «без права пражываньня ў Маскве, Ленінградзе, ва ўсіх сталічных гарадах і памежнай паласе», а таксама ў Беларусі.

У ліпені 1936 году паехаў у Харкаў, дзе высьветлілася, што працы для «ворага народу» няма. Ва ўнівэрсытэтах Варонежа і Масквы яму таксама адмовілі. Заставалася адно — жыць у Ішыме і спрабаваць захаваць хаця б тое, што ёсьць, проста выжыць.

Аркадзь і Аляксандра Смолічы
Аркадзь і Аляксандра Смолічы

Практычна ўсе, хто быў асуджаны па справе СВБ, атрымалі другі тэрмін. Не пазьбег гэтай долі і Смоліч. Пасьля паўторнага арышту жонцы таксама прыйшлося нялёгка. Сямʼя засталася бяз сродкаў да існаваньня — Аляксандру звольнілі з працы. І тады яна наважылася на апошні, адчайны крок — напісала ліст Надзеі Крупскай:

«Надзея Канстанцінаўна, родная! Вас, самага блізкага чалавека Леніна, я лічу найлепшым сябрам кожнага чалавека, і таму адважылася зьвярнуцца да вас з гэтым лістом. Дапамажыце! Падкажыце, што рабіць? Чатыры месяцы таму арыштаваны чалавек, які, я ўпэўнена, ня можа быць ворагам Савецкай улады... Паверце мне, я ніколі не хлусіла...»

У студзені 1938 году Аляксандру выклікалі ў абкам і прыгразілі: «Надзея Канстанцінаўна пакарае вас за тое, што вы просіце за мужа». Аднак жонку «ворага народу» аднавілі і на працы, і ў інстытуце, хоць адказу на ліст да Крупскай яна так і не атрымала.

«Бабуля праз многае прайшла, але не зрабілася жорсткай, не азлобілася. Пакуль дазвалялі сілы, яшчэ і сваіх адзінокіх равесьніц даглядала, хоць сама была ўжо немаладая. І ніколі і думкі не дапускала аб тым, каб адмовіцца ад мужа. Тады ж многія ад сваіх „ворагаў народу“ адмаўляліся, — кажа Віталь Маос. — Яна да апошняга верыла: тое, што здарылася з мужам, — гэта памылка, бо нічога дрэннага супраць савецкай улады ён ня меў, ніякай шкоды не прычыніў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG