Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шукаюць арганізатараў і фінансістаў пратэстаў». Хваля ператрусаў і затрыманьняў па ўсёй Беларусі

абноўлена

Пасьля ператрусу, архіўнае фота

Ад раніцы 1 сьнежня па ўсёй Беларусі адбываюцца ператрусы ў журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў.

На гэты момант праваабаронцам «Вясны» вядома пра наступныя ператрусы і затрыманьні.

  • Актывісты зь Віцебску Ўладзімер Кійко і Мікалай Качурэц, ператрусы.
  • Мазырскі праваабаронца Ўладзімер Целяпун. Ператрус на лецішчы і ў кватэры. Тэхніку пасьля ператрусу не забіраюць, а толькі значкі «Вясны», кнігі, паштоўкі і плякаты. Прадстаўнікі якога ведамства праводзяць ператрус — пакуль невядома.
  • Горадзенская журналістка Надзея Болатава (Віціна), якая пісала для гарадзкога блога s13.ru. А 7 гадзіне ранку да яе прыйшлі супрацоўнікі УДФР зь ператрусам. Яна праходзіць сьведкай «па нейкай справе, у якой фігуруе яе асабістая перапіска». Яе затрымалі і павезьлі на допыт. Каля 13:00 стала вядома, што Надзею вызвалілі, у яе забралі тэлефон.
  • У Рэчыцы зьнікла сувязь з кіраўніком мясцовай суполкі КХП БНФ Аляксандрам Рыбчанковым, піша «Вясна».
  • Крычаўскі журналіст Сяргей Няроўны. У яго прайшоў ужо ня першы сёлета ператрус. Пасьля яго павезьлі на допыт. А 17.30 стала вядома, што Няроўны выйшаў на волю пасьля допыту. У яго правялі два ператрусы.
  • Былога палітвязьня Міхаіла Жамчужнага, які адседзеў больш за 6 гадоў па палітычнай справе, сёньня затрымалі, паведамляе «Віцебская вясна». Яму на 1 сьнежня прызначылі суд з нагоды зьменаў патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду.

Пасьля ператрусу і допыту Жамчужны выйшаў на волю каля 13:30.

«Паказаньняў ніякіх не даваў. Беражыце сябе. Менск шукае арганізатараў і фінансістаў пратэстаў», — паведаміў мужчына.

Міхаіл Жамчужны вызваліўся з турмы 19 лютага. Ён правёў там больш як 6 гадоў па палітычна матываванай справе.

  • Журналістку Валерыю Лепешаву затрымалі супрацоўнікі ДФР па Магілёўскай вобласьці. Прычына невядомая.
  • Прыйшлі сілавікі і да берасьцейскай грамадзкай актывісткі Алены Гнаўк, каб правесьці агляд. Візыт зьвязаны нібыта з абаронай курдзкай сям'і, ролік пра якую зьмясьціла Гнаўк у інтэрнэце. У яе забралі ноўтбук. Цяпер жанчына на свабодзе.

Агляд дому пэнсіянэркі Алены Гнаўк правялі ў вёсцы Ткачы Пружанскага раёну і забралі ноўтбук, паведамляе «Белсат». Сама Алена Гнаўк на свабодзе. Раней яна зьняла ролік, прысьвечаны курдзкай сям'і, і напісала некалькі заяваў у міліцыю, папрасіўшы органы ўлады пакараць невядомых людзей, якія зьбівалі курдаў. Замест пошуку вінаватых міліцыя прыйшла да яе. Паводле Алены Гнаўк, яе цяпер спрабуюць зрабіць «крайняй», нібыта яна «распаўсюджвае фэйкі», а мігрантаў у Беларусі не зьбівалі.

  • У Гомлі прыйшлі да журналісткі Ларысы Шчыраковай, а пасьля ператрусу яе павезьлі на допыт.

Ператрус ладзілі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, ён пачаўся ў 7.15 і доўжыўся прыкладна паўтары гадзіны. У журналісткі забралі тэлефон, фота- і відэаабсталяваньне, накапляльнікі інфармацыі (вінчэстэры, флэшкі).

Карыстаючыся арт.27 Канстытуцыі, Ларыса Шчыракова адмовілася сьведчыць супраць сябе. Падрабязнасьці справы, у межах якой адбыўся ператрус, яна не паведамляе, бо вусна яе папярэдзілі аб адказнасьці за разгалошваньне матэрыялаў сьледзтва.

  • Акрамя таго, стала вядома пра ператрус у гомельскага палітыка і чальца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова.

Якое канкрэтна ведамства ім зацікавілася, на гэты момант зьвестак няма. Сёлета 8 ліпеня Палякова затрымлівалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 289 (акт тэрарызму). Тыдзень яго ўтрымлівалі ў гомельскім ІЧУ, пасьля чаго адпусьцілі на волю. Цяпер у Палякова забралі тэлефон, а сам ён на волі.

  • Супрацоўнікі УДФР КДК па Магілёўскай вобласьці каля 7 раніцы правялі ператрус у праваабаронцы Барыса Бухеля. Затым яго адвезьлі на допыт у якасьці сьведкі. Цяпер ён на волі пад падпіскай аб неразгалошваньні.
  • У Берасьці затрымалі Марыну Лур'е, паведамляе Белсат. Раніцай яе чакалі каля машыны чацьвёра невядомых. Сёлета ў сакавіку Марыну ўжо затрымлівалі за БЧБ-налепку. У чым прычына цяперашняга затрыманьня, пакуль не зразумела.
  • Сілавікі прыйшлі яшчэ да дзьвюх жыхарак Берасьця Вольгі Малайчык і Алены Жушмы, на сувязь не выходзяць таксама тры берасьцейцы: Андрэй Бых, Ірына Бандарэнка і Віталь Чопік.

Акрамя гэтага, ад 7 раніцы праходзяць масавыя ператрусы ў Менску. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з вобшукамі прыйшлі мінімум да 10 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG