Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары гонкі «Дакар» пацьвердзілі, што «МАЗ» не дапушчаны да яе праз санкцыі


Экіпаж Сяргея Вязовіча ў грузавіку МАЗ падчас ралі «Дакар-2020»

Арганізатары ралі-рэйду «Дакар-2022» з кампаніі A.S.O. афіцыйна пацьвердзілі, што беларуская каманда «МАЗ-СПОРТаўта» ня зможа ўзяць удзелу ў гонцы 2022 году з прычыны санкцый, накладзеных на Менскі аўтамабільны завод.

У заяве для сайту championat.com арганізатары падкрэсьлілі, што былі вымушаныя прыбраць тры экіпажы мазаўцаў з гонкі паводле рашэньня францускіх уладаў — сядзіба A.S.O. месьціцца ў Францыі. Тры экіпажы «МАЗ-СПОРТаўта» значыліся ў папярэднім сьпісе ўдзельнікаў грузавога заліку, аднак затым зьніклі зь яго.

Сёлета ў ліпені Эўразьвяз увёў чацьвёрты пакет санкцый супраць беларускага рэжыму. Акрамя шэрагу чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, пад абмежаваньні трапілі і некалькі прадпрыемстваў, уключна зь Менскім аўтазаводам. Кіраўніцтва прадпрыемства падало пазоў на Раду Эўразьвязу аб «беспадстаўным рашэньні», аднак плёну гэта не прынесла.

«Дакар-2022» пройдзе 2–14 студзеня наступнага году ў Саудаўскай Арабіі. «МАЗ-СПОРТаўта» рэгулярна ўдзельнічаў у гонцы з 2012 году, апошнім часам змагаючыся за прызавыя месцы. Найлепшыя вынікі — срэбра і бронза лідэра каманды Сяргея Вязовіча ў 2018 і 2020 гадах адпаведна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG