Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы стварылі першых у сьвеце жывых робатаў, якія могуць размнажацца


Постаці відэагульні Pac-Man, якіх нагадваюць ксэнаботы — жывыя робаты, створаныя амэрыканскімі навукоўцамі

Амэрыканскія навукоўцы, якія стварылі першых жывых робатаў, кажуць, што гэтыя формы жыцьця, вядомыя як ксэнаботы, цяпер могуць размнажацца такім чынам, які не назіраецца ў расьлін і жывёл.

Пра гэта паведамляе CNN, спасылаючыся на дасьледаваньне, апублікаванае ў навуковым часопісе PNAS 29 лістапада.

Утвораныя са ствалавых клетак афрыканскай жабы (Xenopus laevis), ад якой яны атрымала назву, ксэнаботы маюць шырыню менш за мілімэтар. Гэткія біяробаты былі ўпершыню прадстаўленыя ў 2020 годзе пасьля таго, як экспэрымэнты паказалі, што яны могуць рухацца, працаваць разам у групах і самалекавацца.

Цяпер навукоўцы, якія распрацоўвалі іх ва Ўнівэрсытэце Вэрмонту, Унівэрсытэце Тафтса і Інстытуце біялягічнай інжынэрыі Гарвардзкага ўнівэрсытэту, заявілі, што адкрылі зусім новую форму біялягічнага размнажэньня, адрозную ад размнажэньня любых жывёл ці расьлін, вядомых навуцы.

Камлёвыя клеткі — гэта неспэцыялізаваныя клеткі, якія маюць здольнасьць разьвівацца ў розныя тыпы клетак. Каб зрабіць ксэнаботаў, дасьледнікі саскраблі жывыя кмлёвыя клеткі з эмбрыёнаў жаб і пакінулі іх у інкубатары. Ніякіх маніпуляцый з генамі не праводзілі.

«Большасьць людзей думаюць, што робаты зробленыя з мэталаў і керамікі, але важна ня столькі тое, з чаго зроблены робат, а тое, што ён робіць ад імя людзей, — заявіў Джош Бонгард, прафэсар інфарматыкі і робататэхнікі, экспэрт з Унівэрсытэту Вэрмонту і вядучы аўтар дасьледаваньня. — Такім чынам, гэта робат, але гэта таксама відавочны арганізм, зроблены з генэтычна немадыфікаванай клеткі жабы».

Паводле Бонгарда, дасьледчыкі выявілі, што ксэнаботы, якія першапачаткова мелі форму сфэры і складаліся прыкладна з 3000 клетак, маглі размнажацца. Але гэта здаралася рэдка і толькі ў канкрэтных абставінах. Ксэнаботы выкарыстоўвалі «кінэтычную рэплікацыю» — працэс, які адбываецца на малекулярным узроўні, але ніколі раней не назіраўся ў маштабах цэлых клетак або арганізмаў, сказаў Бонгард. З дапамогай супэркампутара навукоўцам удалося стварыць такую форму ксэнабота, якая магла рэплікавацца найбольш эфэктыўна. Гэтая форма нагадвае Пакмана (Pac-Man) зь відэагульні, створанай японцамі ў 1980-м годзе.

«Форма, па сутнасьці, зьяўляецца праграмай. Форма ўплывае на тое, як паводзяць сябе ксэнаботы, каб узмацніць гэты неверагодна дзіўны працэс [размнажэньня]», — адзначыў Бонгард.

Ксэнаботы пакуль ня маюць практычнага выкарыстаньня. Аднак, на думку дасьледнікаў, гэтае спалучэньне малекулярнай біялёгіі і штучнага інтэлекту патэнцыйна можа быць выкарыстанае для выкананьня мноства задач у арганізьме і навакольным асяродзьдзі.

Нягледзячы на тое, што пэрспэктыва самарэплікацыі біятэхналёгіі можа выклікаць занепакоенасьць, дасьледнікі заявілі, што ксэнаботы цалкам утрымліваюцца ў лябараторыі і пазбавіцца ад іх лёгка, паколькі яны біяраскладальныя.

CNN адзначае, што дасьледаваньне было часткова прафінансаванае Агенцтвам перадавых абаронных дасьледчых праектаў, фэдэральнай установай, якая каардынуе распрацоўку тэхналёгій для вайсковага выкарыстаньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG