Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеная Тацяна Канеўская 20 дзён правяла ў ШЫЗА. У яе значна пагоршылася здароўе


Тацяна Канеўская

55-гадовую палітзьняволеную Тацяну Канеўскую на дваццаць дзён зьмясьцілі ў ШЫЗА гомельскай калёніі зь невядомай прычыны. У яе значна пагоршыўся стан здароўя.

У лісьце на волю Тацяна піша спачатку з гумарам: «Была ў штрафным ізалятары, трапілася гарачая пуцёўка. Спачатку на 10 дзён, потым вырашылі падоўжыць кантракт:). Прычына — пры сустрэчы. У прынцыпе, мне і рабіць нічога ня трэба было — усё самі :)».

Цяпер яна праходзіць лячэньне, бо «застудзіла суставы, ды і хрыбет даецца ў знакі». «Прышчэпкі я пакуль не рабіла, бо ў мяне няма сіл змагацца нават са звычайнай прастудай: слабы імунітэт, я моцна схуднела і слабасьць маю», — піша Тацяна.

У ШЫЗА ёй паведамілі, што яна мае статус «злосьніка» (злоснага парушальніка. — РС), гэта мае нэгатыўныя наступствы: Тацяну абмежавалі ў грашах на «атаварку», і «„плюшкі“, якія будуць раздаваць, мяне ня будуць тычыцца», піша яна. Дадаткова жанчыну пазбавілі доўгатэрміновага спатканьня.

«Праца мне не падабаецца, але адмова — гэта адразу ШЫЗА. Таму не хачу нікому даваць нагоды — хаджу на працу, шыю. Калектыў у нас жаночы, дружны, шмат розных людзей, ёсьць, вядома, і нармальныя», — зазначае асуджаная.

Інфармацыю яна атрымлівае зь беларускай тэлевізіі. «Але я ўмею бачыць і чуць праўду. І яна страшная», — напісала Тацяна.

Тацяна Канеўская — адна зь лідэрак кампаніі «Маці 328», якая змагалася супраць працяглых тэрмінаў для затрыманых паводле наркатычных артыкулаў. У 2020 годзе была даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай. 8 жніўня 2020 году, напярэдадні выбараў, яе затрымала міліцыя. З тае пары жанчына ў вязьніцы. Увесну 2021 году суд пакараў Тацяну 6 гадамі пазбаўленьня волі за «масавыя беспарадкі».

Тацяна мае чатырох сыноў. Малодшаму Георгію — 14 гадоў. Увесну 2021 году сям’ю напаткала яшчэ адна бяда — Дзьмітрыя Канеўскага, сына палітзьняволенай, пасадзілі на 3 гады за нэгатыўны допіс пра міліцыю ў Telegram.

Цяпер другі сын Канеўскай, Аляксей, адбывае 30-дзённы арышт. Яго затрымалі за маску «Честные люди», абвінавацілі ў «правядзеньні несанкцыянаванага пікету» і далі 15 сутак. Але пасьля адбытага тэрміну Аляксей ня выйшаў на волю. Родныя даведаліся, што ён атрымаў яшчэ 15 сутак зь невядомай прычыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG