Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Паўднёвай Афрыкі заклікаў скасаваць забароны на пералёты, якія ўвялі праз новы штам каранавірусу


Сірыль Рамафоса

Раней шэраг краін ЭЗ, Вялікая Брытанія і ЗША скасавалі ўсе пералёты з ПАР, бо там быў выяўлены новы штам каранавірусу.

Прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі Сірыль Рамафоса папрасіў іншыя краіны скасаваць забарону на пералёты з ПАР праз узьнікненьне штаму каранавірусу — «Омікрон». Ён асудзіў такое рашэньне, сказаў, што «глыбока расчараваны», і заклікаў як мага хутчэй аднавіць пералёты, бо іх адсутнасьць нясе вялікую эканамічную шкоду дзяржавам на поўдні Афрыкі, у тым ліку ягонай, паведамляе ВВС.

Раней Вялікая Брытанія, Злучаныя Штаты і Эўразьвяз увялі забароны на пералёты з Паўднёвай Афрыкі, бо адтуль пачаў пашырацца новы штам хваробы.

У сваёй прамове ў нядзелю Рамафоса сказаў, што забароны на паездкі «ня маюць навуковага базісу» і што Паўднёвая Афрыка стала ахвярай несправядлівай дыскрымінацыі. Ён таксама перакананы, што забароны ня будуць эфэктыўнымі для прадухіленьня распаўсюду штаму.

«Адзінае, што зробіць забарона на паездкі, — гэта яшчэ больш пашкодзіць эканоміцы пацярпелых краін і падарве іх здольнасьць рэагаваць на пандэмію і аднаўляцца пасьля яе», — сказаў прэзыдэнт.

У самой Паўднёвай Афрыцы няма дэфіцыту вакцын, і Рамафоса заклікаў больш людзей атрымаць прышчэпку, сказаўшы, што гэта застаецца «найлепшым спосабам барацьбы зь вірусам».

Штам «омікрон» выявілі на поўдні Афрыкі ў лістападзе. Сусьветная арганізацыя здароўя прызнала В.1.1.529 пагрозай, бо ён можа перадавацца хутчэй за іншыя штамы, заражаць тых, хто ўжо перахварэў, і аслабляць дзеяньне вакцын.

Выпадкі заражэньня штамам «Омікрон» пацьверджаныя ў Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Ганконгу, Нямеччыне, Італіі і Чэхіі. 28 лістапада Ізраіль стаў першай краінай сьвету, якая закрыла межы, каб не дапусьціць распаўсюду хваробы.

У САЗ падкрэсьлілі, што пакуль пра новы штам мала дадзеных, каб гаварыць з упэўненасьцю, што ён распаўсюджваецца хутчэй за існыя варыяцыі каранавірусу, што ён «абыходзіць» дзеяньне вакцын або што прыводзіць да цяжэйшага цячэньня хваробы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG