Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове змагаюцца з пандэміяй COVID-19 чорным гумарам


Фрагмэнт відэа з заклікам прышчапляцца ад каранавірусу

У краіне 350 тысяч чалавек заразіліся і 9 тысяч памерлі ад каранавірусу. Да барацьбы супраць антываксэраў залучылі сьпевакоў і актораў.

Улады Малдовы сталі выкарыстоўваць чорны гумар у якасьці тактыкі па змаганьні з COVID-19, заадно заахвочваючы людзей вакцынавацца ад хваробы. У адным зь відэа гледачам гавораць: «Не хвалюйцеся. Мы ў Кішынэве маем найвялікшыя могілкі ў Эўропе».

Незвычайная ўрадавая кампанія па інфармаваньні грамадзкасьці, спансаваная Сусьветнай арганізацыяй здароўя (САЗ), накіравана на прасоўваньне вакцынацыі на фоне шырокай дэзынфармацыі і скептыцызму да вакцын, што асабліва распаўсюджана ва Ўсходняй Эўропе.

Відэа, якое прыцягнула найбольшую ўвагу гледачоў, — ролік, у якім камэдыя зьмешваецца з жудзікам. Папулярны малдаўскі актор Эміліян Крэту іграе ролю мэдыка, пацыента і трунара. У сваіх розных ролях ён кажа гледачам: «Вам ня трэба турбавацца» пра вірус, хоць гэта відавочна прыклад адваротнай псыхалёгіі.

«Клясычныя аргумэнты больш не працуюць, людзі больш не ўспрымальныя, яны стаміліся. Была ідэя, што мы павінны выйсьці з зоны камфорту», — сказаў Радыё Свабода Валерыу Паша, грамадзкі актывіст і член аналітычнага цэнтру Watchdog. Ён таксама сказаў, што чорны гумар зьяўляецца часткай традыцый рэгіёну.

Раней Малдова атрымлівала вакцыны ад Румыніі, Аб’яднаных Арабскіх эміратаў, Расеі і Кітаю, а таксама ад міжнароднай праграмы вакцынацыі COVAX. Дзьве прышчэпкі зрабілі сабе 919 тысяч чалавек, гэта 35% насельніцтва, хаця мясцовыя экспэрты кажуць, што сапраўдная лічба сярод грамадзян Малдовы большая, проста многія прышчапіліся за мяжой, у краінах, дзе працуюць. Валерыу Паша называе гэта праўдападобным, паколькі за мяжой часова працуюць звыш 1 мільёну малдаван. І ўсё ж агульную колькасьць прышчэпленых называюць недастатковай, таму распрацоўваюць рэклямныя ролікі дзеля папулярызацыі вакцынаў.

Яшчэ адно відэа зьяўляецца пародыяй на песьню папулярнага румынскага гурту Taxi. Малады чалавек баіцца рабіць прышчэпку, аднак усё адно прыходзіць у цэнтар вакцынацыі. Ён зьдзіўляецца, чаму людзі так вераць у тэорыі змовы і ў канцы кліпу вымаўляе «Я вакцынаваўся».

Чыноўнікі спадзяюцца, што гумар і поп-музыка прымусяць больш людзей прыняць рашэньне зрабіць прышчэпку супраць COVID-19.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG