Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбудзецца на рэфэрэндуме па Канстытуцыі


Ці паўторыцца ў лютым наступнага году жнівень 2020 году? Такое пытаньне задае сабе шмат хто. І ўлада, і апазыцыя ў тым ліку.

Справа ня толькі і нават ня столькі ў тым, ці ёсьць у кагосьці гэткія пляны, а ў тым, ці ўзьнікне адпаведны настрой у грамадзтве. Як кажа ангельская прыказка, можна падвесьці каня да вады, нельга прымусіць яго піць.

За магчымасьць паўтарэньня гаворыць важнасьць падзеі і той факт, які фіксуецца рознымі сацыялягічнымі апытаньнямі (Chatham House, ZOiS, ВЦИОМ), што народная любоў, якую ўлада страціла летась, да яе не вярнулася.

Але леташнія жнівеньскія і наступныя пратэсты, якія ўразілі ўвесь сьвет, сталі магчымыя дзякуючы зьбегу мноства абставін.

Складаецца ўражаньне, што цяпер яны нашмат менш спрыяльныя падобнаму разьвіцьцю падзей.

На паверхні — вельмі просты і відавочны фактар: цана пратэсту. І досьвед мінулага году, і рэпрэсіі, якія працягваюцца, паказваюць, што яна вельмі высокая і, хутчэй за ўсё, будзе такой самай і ў лютым 2022 году. У жніўні 2020 году беларусы ня ведалі, што яна такая.

Але ёсьць і некаторыя структурныя асаблівасьці, якія будуць суправаджаць рэфэрэндум.

На папярэдніх канстытуцыйных рэфэрэндумах у 1996 і 2004 гадах было зразумела, што перамога на іх азначае паглыбленьне, узмацненьне жорсткасьці дыктатуры.

Гэта невідавочна ў дачыненьні да маючага адбыцца рэфэрэндуму 2022 году. «Так» на рэфэрэндуме, хутчэй за ўсё, будзе азначаць «двухгаловую» структуру найвышэйшай улады — прэзыдэнт (не Лукашэнка) і кіраўнік Усебеларускага народнага сходу (Лукашэнка).

Чым гэта так ужо горш за «не» на рэфэрэндуме, эквівалентнае захаваньню цяперашняй Канстытуцыі, пры якой улада тварыла і творыць свае зьверствы ў 2020–2021 гадах?

Магчыма, прэзыдэнт стане чыста намінальнай пэрсонай, а можа і не. Магчыма, будзе нешта падобнае да расейскага «тандэму» 2008–2012 гадоў з прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым і прэм’ерам Уладзімірам Пуціным. Ня самыя, дарэчы, рэпрэсіўныя гады найноўшай расейскай гісторыі.

Дык за што плаціць неверагодна высокую цану?

Яшчэ адзін важны фактар — эканамічнае становішча. Яно ня вельмі добрае, але вельмі далёкае ад катастрофы. Эканамісты тлумачаць гэта нечаканым экспартным бумам, аднаўленчым ростам сусьветнай эканомікі пасьля леташняга ўдару пандэміі і ростам попыту на беларускую прадукцыю.

Тут важна нават ня тое, што беларуская эканоміка так ужо пышна заквітнела (ня пышна), важна тое, што не апраўдаліся прагнозы, асьцярогі (а ў кагосьці — і надзеі), што эканоміка ў 2021 годзе будзе падаць.

Перадумовай сацыяльнага і палітычнага выбуху зьяўляюцца якраз супрацьлеглыя суадносіны — калі пасьля чаканьняў паляпшэньня эканамічнага становішча надыходзіць яго рэзкае пагаршэньне. Калі ж пагаршэньне чакалася, але не адбылося — выбуху гэта дакладна не спрыяе.

Праўда, да канца лютага яшчэ больш за два месяцы. Але не нашмат больш. І, перахапіўшы крэдыт або патраціўшы рэзэрвы, улада мае магчымасьць утрымаць сытуацыю прынамсі на цяперашнім узроўні.

Адной з прычын леташняга выбуху стала пандэмія каранавірусу, дакладней, паводзіны беларускай улады ў разгар пандэміі.

Тады паводзіны ўладаў практычна паўсюль, акрамя Беларусі, былі моцна адрозныя ад палітыкі Лукашэнкі ў гэтым пытаньні.

Цяпер ужо няма эфэкту нечаканасьці. Як гэта ні кашмарна гучыць, але сьвет у нейкім сэнсе адаптаваўся да COVID-19, ён застаўся жахам (паводле маштабаў нават большым, чым летась), але ўжо звыклым. І чароўнай палачкі, якая пазбавіць сьвет ці хаця б асобныя краіны ад гэтай нягоды, як высьветлілася, пакуль няма ні ў кога.

Гэта калі гаварыць пра структурныя асаблівасьці, якія ў мінулым годзе былі іншыя.

Ёсьць яшчэ адзін фактар, які, у адрозьненьне ад пералічаных трох, наўпрост залежыць ад дзеяньняў беларускіх уладаў.

Яны маюць поўную магчымасьць перад рэфэрэндумам аслабіць лейцы, выпусьціць пэўную колькасьць палітвязьняў, туманна намякнуць, што пасьля рэфэрэндуму наступіць «эра міласэрнасьці».

Пасьля рэфэрэндуму, дарэчы, яна можа і ня спраўдзіць гэтыя спароджаныя ёю надзеі. Але гэта ўжо будзе пасьля.

Пакуль, праўда, улада больш спадзяецца на закручваньне гаек. Але рэфэрэндум ня заўтра. І ня варта лічыць яе няздольнай на манэўр, трук ці хаця б на стварэньне ілюзіі.

Нехта ў яе не паверыць, нехта, магчыма, нават палічыць праявай слабасьці. А нехта і паверыць. Асабліва калі вельмі будзе жадацца паверыць.

У выніку ціск у катле панізіцца.

Вяртаючыся да пачатку, паўтару — нечаканасьці ў гісторыі здараюцца. Але, як правіла, усё ж пры ўнікальным зьбегу абставінаў.

Сваё бачаньне таго, як яны зьбягуцца да рэфэрэндуму, я выклаў.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG