Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прагнозы несуцяшальныя, на малы тэрмін ня варта разьлічваць». Вікторыя Пальчыс рыхтуецца да суду над мужам Эдуардам


Эдуард Пальчыс. Архіўнае фота

6 сьнежня пачнецца суд над блогерам і актывістам Эдуардам Пальчысам, раней вядомым пад нікам Джон Сільвэр. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Пагаварылі з жонкай Эдуарда Вікторыяй, якая больш за год на эміграцыі. За мяжой яна нарадзіла дачку Эмілію, якую бацька бачыў толькі на фота.

«Для мяне вельмі важна, каб Эдуард ня страчваў сувязь зь сям’ёю, усьведамляў, што ён бацька»

Палітычнага блогера і актывіста Эдуарда Пальчыса, аўтара тэлеграм-каналу Palchys, затрымалі ў канцы верасьня 2020 году. Спачатку Эдуард проста зьнік, і тры дні родныя ня ведалі, дзе ён.

Вікторыя Пальчыс
Вікторыя Пальчыс

30 верасьня Эдуард «знайшоўся» на Акрэсьціна — адбываў 30-суткавы адміністрацыйны арышт за масавыя акцыі. Аднак празь месяц яго ня выпусьцілі, выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» па ч. 1 арт. 293 КК. Потым дадалі яшчэ 3 крымінальныя артыкулы.

Увосень 2020 году цяжарная жонка Эдуарда Вікторыя вымушана была пакінуць Беларусь. 16 сьнежня ў іх нарадзілася дачка Эмілія. Цяпер Вікторыя з Эміліяй жывуць у Вільні.

«Эмілія ўжо спрабуе ўставаць, вельмі жвава поўзае, але хадзіць у яе яшчэ не атрымліваецца. Вельмі актыўная дзяўчынка. А Эдзік шле мне паштоўкі адмыслова для Эміліі, я іх чытаю ёй. Я таксама вельмі шмат і падрабязна яму пішу, каб ён, хоць сам і ня побач з намі, мог уяўляць, як расьце дачушка і што ў нас адбываецца.

Для мяне вельмі важна, калі Эдзік у турме, ствараць такую абстаноўку, нібыта ён тут. Каб ён ня страчваў сувязь з намі, усьведамляў, што ён бацька — ён жа калісьці вернецца ў нашу сям’ю», — расказвае Вікторыя пра мужа.

«У яго такі настрой, што да Новага году будзе абвешчаны прысуд»

І Вікторыі, і бацькам Эдуарда лісты ад яго збольшага даходзяць. Бываюць перабоі — да прыкладу, на Дзень маці ён дасылаў паштоўкі Вікторыі, яе маці і сваёй маці — віншаваньні не дайшлі.

Што тычыцца справы, сям’я мае толькі самыя агульныя зьвесткі, бо Эдуард, які ўжо знаёміцца з абвінавачаньнем на «Валадарцы», нічога напісаць ня можа. Адвакат таксама пад падпіскай аб неразгалошваньні.

«Таму ён піша нейкія асабістыя рэчы. Адзінае, што нам пісаў, што прагнозы несуцяшальныя, на малы тэрмін ня варта разьлічваць. І загадзя папрасіў бацькоў, каб яны ўжо рыхтавалі яму рэчы, якія спатрэбяцца ў калёніі.

У яго такі настрой, што да Новага году будзе абвешчаны прысуд. Ён ня думае, што сам судовы працэс будзе доўгі. І, хутчэй за ўсё, суд будзе закрыты. Прынамсі, ён бацькоў настройвае, каб яны падрыхтавалі яму рэчы хутчэй», — кажа Вікторыя.

Усе побытавыя праблемы зь перадачамі, пасылкамі ўзялі на сябе бацькі Эдуарда, якія жывуць у Лідзе.

«Бацькі вельмі моцна трымаюцца. І тое, што іх дапамога вельмі патрэбная сыну, таксама дае ім сілы. І тое, што ў нас зьявілася Эмілія, — гэта таксама вялікая радасьць, якая нам усім дапамагае трымацца», — дадае яна.

«Адчаю больш на свабодзе, а палітзьняволеныя за кратамі маюць больш аптымізму»

Мяркуючы па лістах, настрой у Эдуарда бадзёры, ён не адчайваецца. Піша, што шмат чытае, працуе турэмная бібліятэка, шмат кніг застаецца ў камэрах ад былых сядзельцаў.

«У лістах Эдзік разважае, што для яго нават карысна ўзяць паўзу, спыніцца, калі няма інфармацыйнага шуму, падумаць, пераасэнсаваць штосьці. Прачытаў шмат гістарычных прац, якія раней хацеў прачытаць, але рукі не даходзілі. Напрыклад, прачытаў біяграфію Напалеона.

Мне самой падаецца, што адчаю больш на свабодзе, а палітычныя зьняволеныя за кратамі больш бадзёрыя, маюць больш аптымізму — такая вось дзіўная сытуацыя.

У тым, што ён сядзіць, ні я не вінаватая, ні мой муж не вінаваты. Тым больш што на свабодзе таксама ёсьць адказныя задачы, якія трэба выконваць кожнаму з нас. У мяне гэта наша сям’я, наша дачка, таму трэба знаходзіць радасьць у гэтым, знаходзіць, як сябе падтрымліваць», — разважае Вікторыя.

Па яе словах, дапамагае тое, што яна рэалістка, у яе няма ружовых акуляраў і надзеі, што муж выйдзе неўзабаве — праз год, максымум два.

«Я разумею, што яму дадуць гадоў 7–10. І сапраўды, трэба настройвацца на вялікі тэрмін, так будзе лягчэй з усім спраўляцца, і настройваюся на горшае. І дапамагае тое, што радуюся таму жыцьцю, якое ёсьць зараз, радуюся сёньняшняму дню. І ня трэба сябе даймаць, што ты тут на волі, а муж за кратамі.

Мне падаецца, што тут трэба менш рэфлексаваць, а павярнуцца тварам да сытуацыі, якая ёсьць, і зь ёй спраўляцца», — перакананая яна.

«Узровень абсурду толькі нарастае, пакуль небясьпечна вяртацца»

Што тычыцца вяртаньня на радзіму, Вікторыя прызнаецца, што думае пра гэта пастаянна, і не адзін раз вызначала для сябе пэўныя тэрміны.

«Я тут ужо год. І пастаянна стаўлю за мэту: „Вось да Новага году вярнуся... Да вясны вярнуся... Летам ужо дакладна вернемся!“ Але вось прайшоў год, і ў мяне такое адчуваньне, што мы тут надоўга.

Для мяне такім арыенцірам на вяртаньне была думка, што калі Эдзіка асудзяць, накіруюць у калёнію, я вярнуся ў Беларусь і буду падтрымліваць яго сама. Нават думкі былі — пасяліцца дзе-небудзь бліжэй да калёніі. Мне здавалася, тады ўсё заціхне, будзе больш бясьпечна. Але калі гляджу, што адбываецца, узровень абсурду толькі нарастае, то, мне падаецца, пакуль небясьпечна вяртацца.

Цяпер для мяне сыгналам для вяртаньня будзе, калі Эдзік скажа, што ўжо можна вяртацца. Але пакуль ён, наадварот, кажа, каб я пакуль не вярталася і заставалася за мяжой», — шчыра прызнаецца Вікторыя.

Да вымушанай эміграцыі Вікторыя ўжо прызвычаілася. У Вільні вельмі шмат беларусаў. Літоўцы да суседзяў ставяцца добразычліва.

«Кантакты за год выбудаваліся. Ёсьць да каго і па дапамогу зьвярнуцца, ёсьць да каго ў госьці схадзіць, і ёсьць каму да нас у госьці прыйсьці», — кажа Вікторыя, жонка палітвязьня Эдуарда Пальчыса.

***

Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);

  • арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

15 лістапада СК паведаміў у сваім прэс-рэлізе:

«Сьледчымі дакладна ўстаноўлена, што злачынная дзейнасьць Пальчыса пачалася яшчэ ў 2016 годзе і ажыцьцяўлялася аж да яго затрыманьня ў верасьні 2020 году.

Асноўнай зброяй Пальчыса зьяўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, іх давер і выкарыстоўваліся для кіраваньня сьвядомасьцю натоўпу, „унушэньня“ „патрэбнай“ інфармацыі, схіленьня да заплянаваных злачынных дзеяньняў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG