Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны Чырвоны Крыж: мігранцкі крызіс закрануў 20 тысяч чалавек


Прэзыдэнт IFRC Франчэска Рока

Міжнародная арганізацыя абвясьціла пра тэрміновую дапамогу тром нацыянальным таварыствам — польскаму, літоўскаму і беларускаму ў зьвязку з крызісам на межах.

Міжнародная фэдэрацыя Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (IFRC) выступіла з экстранным зваротам пра стан справаў ва Ўсходняй Эўропе ў сувязі зь мігранцкім крызісам. Арганізацыя заявіла, што сытуацыя вымагае тэрміновага ўмяшаньня.

Як адзначае IFRC у дакумэнце, праблемы пачаліся ў траўні, калі мігранты зьявіліся на тэрыторыі Беларусі і пачалі спробы пераходу на літоўскі бок мяжы. Да жніўня звыш 4 тысяч чалавек перасеклі мяжу, апынуліся ў Літве і папрасілі прытулку. Як толькі Літва пачала насычаць памежную зону войскамі, каб не дапусьціць далейшых патокаў мігрантаў, парушэньні пачаліся на беларуска-польскай мяжы, што змусіла Польшчу ўсьлед за Літвою ўвесьці надзвычайны стан у памежных рэгіёнах.

«На пачатку лістапада сытуацыя абвастрылася, некалькі тысяч мігрантаў падышлі да межаў з Польшчай, а таксама Літвой, зь беларускага боку. Гэта прывяло да напружанага супрацьстаяньня і сутыкненьняў паміж памежнікамі і мігрантамі. Большасьць людзей, якія знаходзіліся на мяжы, цяпер пераведзеныя ў будынак паблізу (маецца на ўвазе лягістычны цэнтар каля Брузгоў. — РС)», — гаворыцца ў звароце IFRC.

У дакумэнце адзначаецца, што літоўскі бок прыняў нямала жанчын і дзяцей, а таксама асоб зь відавочнымі праблемамі са здароўем. Пры гэтым бесьперапынны доступ да мігрантаў мае толькі беларускае прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа.

«Літоўскі і польскі Чырвоны Крыж аказалі дапамогу людзям у памежных раёнах, да якіх яны ня маюць непасрэднага доступу. Польскі Чырвоны Крыж нядаўна дамовіўся з уладамі аб абмежаваным, але рэгулярным доступе да некаторых цэнтраў у памежнай зоне, і абодва нацыянальныя таварыствы працягваюць выступаць за поўны і рэгулярны доступ да ўсіх мігрантаў, дзе б яны ні знаходзіліся. Яны таксама падтрымліваюць людзей у цэнтрах за межамі закрытых памежных зонаў, а таксама людзей, якія знаходзяцца ў дарозе. Улічваючы ўнікальную ролю гэтых нацыянальных таварыстваў, жыцьцёва важна забясьпечыць апэратыўныя рэсурсы, а таксама працягваць нарошчваць іх патэнцыял і ўмацоўваць гатоўнасьць дзейнічаць у сытуацыях стыхійных бедзтваў і крызісаў».

Прааналізаваўшы афіцыйныя дадзеныя, якія падавалі ўлады ўсіх трох краін, у Чырвоным Крыжы прыйшлі да высновы, што крызіс на памежжы закрануў ня меней за 20 тысяч чалавек. У цэнтрах часовага ўтрыманьня Літвы знаходзіцца каля 3,5 тысяч чалавек, колькасьць у польскіх цэнтрах дакладна не вядомая, а ў Беларусі кажуць, што ў краіне яшчэ каля 7 тысяч мігрантаў. Акрамя таго, нямецкія ўлады заявілі пра больш як 6 тысяч мігрантаў, якім удалося дабрацца да Нямеччыны з тэрыторыі Беларусі праз Польшчу.

Міжнародны Чырвоны Крыж заявіў аб прыярытэтнай падтрымцы трох нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа.

«Зварот аб надзвычайным становішчы можа таксама распаўсюджвацца на іншыя краіны, на якія можа паўплываць сытуацыя. Надзвычайны зварот таксама накіраваны на значнае паляпшэньне магчымасьцяў нацыянальных таварыстваў хутка рэагаваць на падзеі, уключаючы будучыя бедзтвы і крызісныя сытуацыі».

25 лістапада адбылася сустрэча прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі Чырвонага Крыжа Франчэска Рока з прадстаўніком уладаў Беларусі Ўладзімерам Макеем.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 18 і 22 лістапада ўрад Іраку зладзіў два эвакуацыйныя рэйсы, якія агулам вывезьлі зь Беларусі звыш 500 мігрантаў, на 25 і 26 лістапада заплянаваныя яшчэ 4 рэйсы.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG