Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарку Добрушу асудзілі за паклёп на супрацоўнікаў ваенкамату, якіх яна назвала «бэчэбэшнікамі»


Добруш, ілюстрацыйнае фота

Прыхільніцу дзейнай улады пакаралі 2 гадамі ўмоўна без накіраваньня ў папраўчую ўстанову  за паклёп на супрацоўнікаў ваенкамату — нібыта тыя адпачывалі пад «пратэставай сымболікай».

Як перадае «Гомельская Вясна», 44-гадовая жыхарка Добрушу Тацяна Казакова падчас працэсу расказала, што 7 траўня ўбачыла недалёка ад сваёй хаты намёт чырвонага і белага колераў. У ім, як высьветлілася, спыніліся супрацоўнікі мясцовага ваенкамату.

Жанчына зьняла відэа і выклала яго ў YouТube з подпісам «Бчбшники военкомат Добруш».

«Наш прэзыдэнт супраць сымболікі, — патлумачыла пазьней гараджанка. — Я гуляла, убачыла гэты намёт зь белымі і чырвонымі палосамі. Ён мне здаўся падобным на „бчб“, зь якімі пратэставалі супраць Лукашэнкі. Таму я вырашыла зьняць гэтае відэа».


Супрацоўнікі ваенкамату напісалі ў міліцыю заяву з просьбай прыцягнуць аўтарку відэа да адказнасьці за паклёп.

Супраць Тацяны Казаковай пачалі крымінальную справу паводле арт. 188 КК (паклёп). Санкцыя прадугледжвае штраф, папраўчыя работы, арышт, абмежаваньне і пазбаўленьне волі тэрмінам да 3 гадоў.

Падчас сьледзтва жанчына прызнала віну, раскаялася і папрасіла асабіста прабачэньня ў васьмі пацярпелых.

Судзьдзя Сьвятлана Лук’янава на хадайніцтва пракурора зрабіла працэс закрытым. На суд з васьмі пацярпелых зьявіліся тры.

У выніку фігурантку справы пакаралі 2 гадамі ўмоўна без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пацярпелыя не заяўлялі позваў аб кампэнсацыі маральнай шкоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG