Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе, калі Польшча цалкам закрые мяжу зь Беларусьсю? Разьбіраемся


Мігранты на беларуска-польскім памежным пераходзе, 15 лістапада 2021 году

«Гэта 2 мільярды даляраў стратаў на год». Польшча пагражае цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю. Глядзім, якія наступствы гэта за сабой пацягне.

21 лістапада прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што «Польшча разглядае крокі ў выглядзе ўсё больш сурʼёзных эканамічных санкцый». Адзін з магчымых крокаў — «поўнае закрыцьцё мяжы».

«Гэта можа ўдарыць ня толькі па Беларусі»

Транспартныя паслугі — адзін з асноўных відаў эканамічнай дзейнасьці, на якіх зарабляе Беларусь. За мінулы год экспарт транспартных паслуг склаў 3,6 мільярда даляраў.

Пра гэта кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Транспартныя паслугі ў Беларусі — аснова станоўчага сальда гандлю таварамі і паслугамі. Большая частка транспартных паслуг — гэта паслугі наземным транспартам: чыгуначным і аўтамабільным. З транзыту самая вялікая частка ідзе праз польска-беларускую мяжу. Гэта [закрыцьцё мяжы. — РС] страты на 1,5–2 мільярда даляраў на год для Беларусі», — падлічвае Вадзім Іосуб.

Аднак перакрыцьцё межаў прынясе таксама страты для Польшчы і Эўропы.

«Страты будуць ня толькі ў Беларусі — у Польшчы, у Эўропы агулам, у Расеі і ў Кітаю. Бо транспарт ідзе далей у Расею і ў Кітай. Таму перайсьці ад рыторыкі да дзеяньняў будзе аднолькава складана для ўсіх», — кажа Вадзім Іосуб.

«Кітай вельмі ня любіць, калі ёсьць праблемы з дастаўкай тавараў»

У выпадку закрыцьця мяжы Польшчай кірунак паставак давядзецца мяняць усім, у тым ліку Расеі і Кітаю. Пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

Леў Львоўскі
Леў Львоўскі

«Беларусь не такая вялікая, каб цалкам аддзяляць Эўропу ад Азіі, таму будуць шукаць іншыя шляхі, і ўжо шукаюць. Кітай вельмі ня любіць, калі ёсьць праблемы з дастаўкай тавараў, таму ён можа жорстка на гэта рэагаваць і караць краіны, якія зрываюць пастаўкі. Ключавое пытаньне: наколькі Беларусі і Польшчы ўдасца патлумачыць сваю пазыцыю. Калі Польшча патлумачыць, што вінаватая Беларусь, то Беларусь будуць чакаць вялікія праблемы. Калі беларускі МЗС упэўніць, што вінаватая Польшча, тады праблемы будуць у Польшчы», — кажа Леў Львоўскі.

Што цяпер адбываецца на мяжы

Як расказаў Свабодзе супрацоўнік адной з буйных лягістычных кампаній, «праблемы для сфэры ўжо пачаліся».

«Раней фура праходзіла мяжу за паўдня, цяпер за кошт аб’езду і чэргаў на гэта трэба 1,5–2 сутак».

Затрымкі адбываюцца і на выезд зь Беларусі, і на ўезд. Калі Польшча закрые межы цалкам, то гэта пацягне за сабой дадатковыя выдаткі і «прывядзе да росту цэнаў».

«Калі межы закрые толькі Польшча, то гэта, вядома, будзе праблемай, але вырашальнай. Што праўда, за кошт аб’ездаў і зьмены маршруту гэта прывядзе да падаражэньня лягістыкі, і як вынік — да росту цэнаў для спажыўца».

А калі мяжа будзе закрытая часткова?

Пакуль Польшча закрыла памежны пераход у «Кузьніцы» для аўтамабільнага транспарту з прычыны міграцыйнага крызісу. З гэтай нагоды Кансультацыйная рада замежных інвэстыцый Расеі накіравала ліст першаму віцэ-прэм’еру Андрэю Белавусаву з просьбай дапамагчы ў вырашэньні праблемы аўтаперавозак. З прычыны закрыцьця аднаго пункту аўтары ліста прадракаюць рост цэнаў, бо час пераходу мяжы на іншых прапускных пунктах павялічыўся.

«Для перавозчыкаў гэта страты, гэта лішняе стаяньне ў чэргах. Перавозчыкі тут ня толькі беларускія, а расейскія і эўрапейскія. Гэта страты таксама для адпраўніка і атрымальніка тавараў, у залежнасьці ад таго, на каго кладуцца транспартныя паслугі», — кажа Вадзім Іосуб.

Чыгуначныя зносіны паміж Беларусьсю і Польшчай у «Кузьніцы» пакуль працуюць. Іншыя аўтамабільныя і чыгуначныя вузлы таксама адкрытыя.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 18 і 22 лістапада ўрад Іраку зладзіў два эвакуацыйныя рэйсы, якія агулам вывезьлі зь Беларусі звыш 500 мігрантаў, на 25 і 26 лістапада заплянаваныя яшчэ 4 рэйсы.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG