Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопцаў на «Тэсьле», якія ўключылі «Муры» пад турмой на Акрэсьціна, арыштавалі і трымалі ў карцэры


Вязьні турмы на Акрэсьціна ў Менску. Архіўнае фота

На гэты момант невядома, ці выйшлі арыштаваныя на волю. Адміністрацыя ізалятару стварыла ім нечалавечыя ўмовы.

Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя прозьвішчы затрыманых хлопцаў, якіх арыштавалі за тое, што яны ўключылі песьню «Муры» ў машыне пад сьценамі Акрэсьціна. За стырном машыны быў 33-гадовы Руслан Багданоўскі, прозьвішча другога хлопца Канавалаў.

Як апавядаюць былыя сукамэрнікі, 11 кастрычніка хлопцы вырашылі падтрымаць арыштантаў, якія знаходзяцца на Акрэсьціна па палітычных артыкулах, гучна ўключыўшы ў машыне песьню «Разбуры турмы муры». Каля 14:30 яны пад’ехалі да ЦІПу, але прастаялі там нядоўга — адразу падбегла адміністрацыя і яны вымушаны былі зьехаць. Па словах сукамэрнікаў, праз дзьве гадзіны іх ужо затрымалі. Суд пакараў хлопцаў 15-дзённымі арыштамі, але потым на іх зноў склалі новыя пратаколы.

Невядома, ці выйшлі Багданоўскі і Канавалаў на волю. Руслана разам зь сябрам доўгі час трымалі ў розных карцарах у нечалавечых умовах. Дакладна вядома, што з 15 па 25 кастрычніка яны знаходзіліся ў карцары, але сукамэрнікі кажуць, што па другім пратаколе іх таксама кінулі туды. У карцары за гэты час адразу знаходзіліся восем чалавек, і толькі ў адзін дзень іх было чацьвёра.

Як расказвае былы арыштант, у карцэры памерам 1,8 на 3,5 мэтра легчы могуць толькі шэсьць чалавек. Пры гэтым звычайна там знаходзіліся адразу восем арыштантаў. Падлога ў карцэры бэтонная, сьвятло заўсёды ўключанае. Цёплыя рэчы арыштантам захоўваць забаронена, таму іх забірае адміністрацыя Акрэсьціна. З сродкаў гігіены — толькі туалетная папера і мыла. Час ад часу ў карцары забаранялася сядзець, таму некалькі разоў арыштантам даводзілася стаяць увесь дзень. «Шмон» там праходзіць тройчы ўдзень і тройчы ўночы.

Адна з жанчын, якая сядзела ў гэты час у сумнавядомай жаночай камэры №15, расказала, што яна з астатнімі жанчынамі чулі «Муры» ў сваёй камэры на трэцім паверсе ЦІПу. Яны адразу кінуліся да акенца з кратамі і заплакалі ад радасьці — думалі, што іх вызваляюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG