Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Коласаўскім тэатры зьнялі з рэпэртуару спэктакль, у якім скандавалі «Жыве Фляндрыя!»


Нацыянальны драматычны тэатар імя Якуба Коласа

У горадзе ўжо зрываюць афішы з назвай спэктакля, а дырэктара тэатру выклікалі на размову ў Менск.

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску з рэпэртуару зьнялі спэктакль «Тыль», ужо няма афішаў пастановак, якія былі ў раскладзе, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Прэм’ера пастаноўкі пра адважнага правадыра галяндзкіх гёзаў, якія змагаліся супраць тыраніі, адбылася 21 лістапада. Спэктакль паставіў мастацкі кіраўнік тэатру Міхаіл Краснабаеў паводле п’есы Рыгора Горына, напісанай па матывах раману Шарля дэ Кастэра. П’еса паказвае эпоху Сярэднявечча, у якой блазан і валацуга з Фляндрыі змагаецца з хлусьнёй, што пануе ў краі, і хоча вызваліць сваю зямлю ад гішпанскай тыраніі.

На сцэне падчас пастаноўкі акторы задзейнічалі чырвоныя стужкі, а ў словах прысутнічалі выгукі «Жыве Фляндрыя!».

Афіша спэктакля
Афіша спэктакля

Пастаноўка рыхтавалася да 95-годзьдзя тэатру. На ўрачыстую прэм’еру ў мінулую нядзелю запрасілі кіраўніцтва гораду і вобласьці, а зь Менску прыехалі міністар культуры Анатоль Маркевіч і начальніца галоўнага ўпраўленьня культурных мерапрыемстваў Ірына Дрыга.

Пасьля прэм’еры Маркевіч уручыў калектыву падарункі і памятную грамату да юбілею Коласаўскага тэатру, аднак адразу пасьля прэм’еры пастаноўку зьнялі з паказаў, а дырэктара тэатру выклікалі на размову ў Менск.

Раней Маркевіч разам з Лукашэнкам прысутнічаў на пастаноўцы «Паўлінкі» ў тэатры імя Янкі Купалы ў Менску, дзе гралі ляяльныя ўладам акторы. Тады ж ён заявіў, што спэктакль стаў нават лепшым, чым быў да 2020 году.

У 2020 годзе ад каранавірусу памёр заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч, які служыў у Коласаўскім тэатры, некалькі ягоных калегаў трапілі ў шпіталь. Неўзабаве артысты некалькіх тэатраў зьвярнуліся да Міністэрства культуры з пэтыцыяй, у якой прасілі ўвесьці карантын і адкласьці ўсе пастаноўкі. Атрымалі адпіску.

Увечары 23 лістапада Тэлеграм-канал «Новости Витебска» паведаміў, што з 1 снежня за спэктакль нібыта звальняюць дырэктара тэатру Аляксандра Старых. Аднак афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG