Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Празь ліквідацыю ТБМ спыніў існаваньне і літаратурны часопіс «Верасень»


Фрагмэнт вокладкі часопіса «Верасень», архіўнае фота

Галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень» Эдуард Акулін паведаміў пра спыненьне выданьня, якое выходзіла апошнія 12 гадоў.

Паводле рэдактара часопіса паэта Эдуарда Акуліна, прычынай стала ліквідацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якое мела непасрэднае дачыненьне да заснаваньня часопіса.

«За 12 гадоў свайго існаваньня часопіс стаў заўважнай зьявай у культурным жыцьці краіны. А па-іншаму і быць не магло, бо ў шчасьлівую літаратурную дарогу яго дабраславілі народныя паэты Беларусі — Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін. Колькі цікавых і зьмястоўных гутарак з пачаткоўцамі і знанымі творцамі зьявілася за гэты час! Хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім, хто спрычыніўся да праекту: найперш аўтарам, якія паверылі і даверылі нам свае творы, а таксама верасьнёўцам-мастакам — Юрыю Круглікаву, Дар’і Бунеевай, Валерыі Праславай, дзякуючы таленту якіх кожны нумар набываў сваё непаўторнае аблічча. Як ня хочацца гаварыць „бывай“, бо верыцца, што разьвітваемся не назаўсёды», — расказаў Эдуард Акулін.

Літаратар выказаў сумнеў, што на месцы зьліквідаваных незалежных арганізацый ды выданьняў неўзабаве штосьці паўстане.

«Не дзеля таго ўлады ўсё пазьнішчалі, каб даць узьнікнуць новаму», — сказаў ён у камэнтары Свабодзе.

На прэзэнтацыі часопіса «Верасень». Менск, 8 студзеня 2010
На прэзэнтацыі часопіса «Верасень». Менск, 8 студзеня 2010

Эдуард Акулін прызнаўся, што да апошняга ня верыў у расправу над Таварыствам беларускай мовы, бо нават «ліквідатарам» відавочна — гэты працэс пацягне за сабой ланцуговую рэакцыю з аўтаматычным прыпыненьнем дзейнасьці цэлага шэрагу партнэрскіх праектаў.

«Мэта ТБМ палягала ў тым, каб падтрымліваць, абараняць родную мову — гэта высакародная задача для любой краіны. Але ў нас палічылі інакш і проста „зачысьцілі“ арганізацыю з 30-гадовым досьведам дзейнасьці. Прыкра і сумна. Тым ня менш гэта здарылася і цяпер даводзіцца канстатаваць як факт. Хай прагучыць высакапарна, але асабіста я веру, што чорныя хмары ня вечныя і ўсё паступова адродзіцца. Мы яшчэ сустрэнемся!», — заявіў у гутарцы са Свабодай Эдуард Акулін.

Часопіс «Верасень», архіўнае фота
Часопіс «Верасень», архіўнае фота

Паводле галоўнага рэдактара, за час існаваньня на старонках «Верасьня» надрукавалі свае творы блізу 700 аўтараў — паэты, празаікі, драматургі, публіцысты, крытыкі. Прыкладна сотня — дэбютанты.

А пачынаючы ад № 14, акрамя літаратараў, «Верасень» стаў творчай пляцоўкай яшчэ і для маладых мастакоў.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», ужо ліквідавалі больш за 30 НДА, больш за 100 — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG