Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Кузьмы Чорнага 


Кузьма Чорны

Падзеі 22 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Падзеі 22 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

22 лістапада 1944 году ў Менску памёр Кузьма Чорны, аўтар раманаў «Пошукі будучыні», «Млечны шлях» і «Трэцяе пакаленьне». Літаратуразнаўцы называюць Чорнага стваральнікам беларускага сацыяльна-псыхалягічнага раману.

Таксама ў гэты дзень

1773 — была заснаваная Беларуская рымска-каталіцкая эпархія з цэнтрам у Магілёве.

1918 — Юзафа Пілсудзкага абвясьцілі «часовым начальнікам» Польскай дзяржавы.

1963 — у ЗША забілі прэзыдэнта Джона Фіцджэральда Кенэдзі.


​2004 — у Кіеве пачалася Аранжавая рэвалюцыя.


У гэты дзень год таму

У гэты дзень нарадзіліся

1715 — Антоні Адам Скарульскі, філёзаф, асьветнік, рэктар Віленскай акадэміі.

1893 — Іван Сурта, акадэмік, прэзыдэнт АН БССР, які быў расстраляны ў 1937 годзе.

1914 — Рыгор Няхай, беларускі пісьменьнік.

1930 — Вера Бартуль, дзяячка беларускай эміграцыі.

Крыху вандраваўшы па плянэце і адзначыўшыся ў пары дзясяткаў блізкіх і далёкіх краінаў,я канчаткова пераканаўся ў тым, што беларускі, незалежна ад узросту, — найпрыгажэйшыя жанчыны ў сьвеце.

Гэтая аптымістычная выснова канчаткова сфармулявалася ў мяне ў беларускай царкве Маці Божай Жыровіцкай у гарадку Гайлэнд-Парк, штат Нью Джэрзі, дзе я сустрэў неверагодную, фантастычна высокую для Амэрыкі канцэнтрацыю прыгожых дзяўчатак, дзяўчат, кабетаў і бабуляў.

Адным з увасабленьняў красы беларусак была Вера Бартуль, якую, пра што я потым даведаўся, у свой час абралі каралеваю хараства нашае эміграцыі. Яна ня толькі сама была красуняю, але і дапамагала зрабіцца прыгажэйшымі вельмі многім жанчынам.

Калісьці ў Бартулёў кватаравала амэрыканская акторка. Яна й параіла Веры пайсьці ў школу дэманстрацыі моды. Закончыўшы яе, Вера Бартуль пачала плённа працаваць мадэльлю і кансультантам-кутур’е. Ейныя працы ня раз дэманстраваліся ў найлепшых крамах Нью-Ёрку, Сан-Францыска, Лос-Анджэлесу, Чыкага.

Вера стварыла сцэнічныя ўборы для славутага на эмiграцыi танцавальнага гурта «Васілёк», разам зь якім упершыню пасьля доўгага расстаньня наведала Беларусь. Потым яна шмат разоў прыяжджала на Бацькаўшчыну як сябра арганізацыі «CitiHope», што дапамагала ахвярам Чарнобылю.

Дабрачыннай гуманітарнай дзейнасьцю спадарыня Вера займалася проста нястомна. У маладосьці яна зьбірала сродкі на падтрымку вяртанцам з ГУЛАГу. Сярод тых, хто згадваў гэтую дапамогу, былі Ларыса й Янка Геніюшы, Юрка і Лявон Луцкевічы. За сабраныя ёю грошы выходзілі кружэлкі Данчыка, набываліся экспанаты ў Беларускі музэй у Гайнаўцы на Беласточчыне.

Да апошніх сваіх дзён Вера была старшынёй ньюёрскай суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Яна перажыла мужа, слыннага дзеяча нашай эміграцыі Франціша Бартуля ўсяго на некалькі месяцаў.

Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 4-е выданьне

У памяці

1986 — памёр Мікалай Улашчык, беларускі гісторык і археограф.

Мікола Ўлашчык
Мікола Ўлашчык

1953 — памёр Янка Філістовіч, беларускі дзяяч на эміграцыі, удзельнік антысавецкага супраціву ў Беларусі, публіцыст.

Мне хочацца напісаць апавяданьне пра закаханую ў Янку Філістовіча кучаравую зеленавокую францужанку Сюзану — ягоную аднакурсьніцу з гістарычнага факультэту Сарбоны.

Пра тое, як дзякуючы высокаму цёмна-русаму хлопцу, якога сябры зь любасьцю, а магчыма, i зь лёгкай зайздрасьцю называлі Напалеонам, дзяўчына даведалася пра невядомую ёй краіну паміж Польшчай і Расеяй і нават вывучыла на роднай Янкавай мове два словы, якія памятае дагэтуль, — «Жыве Беларусь!».

Янка выдаваў часопіс зь няпростым для францускага вуха назовам «Моладзь», быў адным зь лідэраў згуртаваньня сваіх маладых суайчыньнікаў.

Потым ён паехаў вучыцца ў Лювэнскі ўнівэрсытэт у Бэльгіі, і дзяўчына зрэдку атрымлівала пра Янку зьвесткі ад агульнага знаёмага — мастака Міхася Навумовіча. Яна ганарылася, калі пачула, што ў дваццаць пяць гадоў Філістовіч стаў сябрам Рады БНР — ураду сваёй краіны ў выгнаньні.

А тады Янка зьнік.

Толькі празь пяцьдзясят гадоў гераіня майго аповеду зноў сустрэне мэсье Навумовіча і даведаецца,што ў 1951 годзе Філістовіч на парашуце дэсантаваўся на родную зямлю і стварыў партызанскую групу, мэтаю змаганьня якой была вольная эўрапейская Беларусь.

Праз год, калі Янка будзе выходзіць з акружэньня,школьны сябар падсыпле яму ў гарбату снатворнага...

У 1953-м Філістовіча прысудзяць да расстрэлу. Гэта быў год майго нараджэньня.

Калі я вазьмуся за апавяданьне, мне дапаможа дакумэнтальная кніга Аляксандра Лукашука «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста», дзякуючы якой у 1990-я гады Янкава імя вярнулася ў гістарычную памяць беларусаў.

Янка Філістовіч
Янка Філістовіч

Ён загінуў ва ўзросьце Каліноўскага, зь якім Янку часта параўноўвалі.

Сьледчы Рыгор Трапш, які вёў справу Філістовіча , праз сорак гадоў засьведчыў, што Янка не ўчыняў тэрарыстычных актаў і не дазволіў людзям з сваёй групы ніводнага рабунку і забойства. Паводле Трапша, на ягоным падсьледным не было крыві і за часамі вайны.

Калі краіна здабыла незалежнасьць, у друку гучалі прапановы ўлучыць імя Філістовіча ў сьпіс ста найвыдатнейшых асобаў Беларусі за ўсе дзесяць вякоў яе гісторыі. Але артыкул пра яго ня ўключаны ў гістарычную энцыкляпэдыю.

Малодшая сястра Філістовіча Галіна захоўвае ягонае прысланае з Захаду ў 1950-м фота. На адвароце Янкавай рукою напісаныя радкі Максіма Багдановіча:

Усё праходзіць, мінае, як дым,

Сьветлы ж сьлед будзе вечна жывым!

Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 4-е выданьне

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG