Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эйсмант расказала, з кім гатовы размаўляць Лукашэнка. Да дыялёгу з апазыцыяй заклікаў Пуцін


Натальля Эйсмант

Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі пракамэнтавала заклікі да дыялёгу паміж уладамі ў Беларусі і апазыцыі. Днямі такое пажаданьне прагучала з вуснаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Натальля Эйсмант была госьцяй у эфіры вядучага дзяржаўнага тэлеканалу АНТ Ігара Тура. Супрацоўнік каналу спытаў у блізкай паплечніцы Лукашэнкі, ці гатовы ён весьці дыялёг з апазыцыяй. Пры гэтым ён не згадаў, што з такім заклікам выступіў Уладзімір Пуцін.

«На мой погляд Аляксандар Лукашэнка гатовы размаўляць канструктыўна з кім заўгодна: з журналісты, палітыкі, апазыцыя, ня важна, калі ёсьць здаровыя думкі, то давайце абмяркоўваць. Але ёсьць людзі, якія называюць сябе апазыцыяй, а па факце зьяўляюцца злачынцамі, ворагамі дзяржавы, на іх ужо завялі крымінальныя справы. Мне здаецца, што зь імі ніхто весьці дыялёгу ня будзе. Кароткае пытаньне: ці маю я рацыю. Ня будзе ж дыялёгу з ворагамі дзяржавы, праўда?» — спытаў Ігар.

«Гэтае пытаньне ўчора журналісты BBC таксама задавалі прэзыдэнту. Я прыадкрыю эксклюзіў і працытую тое, што адказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзыдэнт сказаў, што зь людзьмі, якія маюць любы пункт гледжаньня, але каторыя жывуць у краіне, разумеюць сытуацыю, за краіну, настроеныя патрыятычна, мы будзем размаўляць. Зь любой апазыцыяй. Са здраднікамі размаўляць ня будзем». — сказала Эйсмант.

18 лістапада прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў:

«Так, мы ведаем, што сытуацыя ў Беларусі хоць і супакоілася ўнутры краіны, але, тым ня менш, праблемы ёсьць, і мы выдатна разумеем гэта і, вядома, заклікаем да дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй», — сказаў Пуцін, выступаючы на пашыраным пасяджэньні калегіі МЗС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG