Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольгу Гарбунову, якая абвясьціла галадоўку, перавялі ў СІЗА. Суды, ператрусы, канфіскацыі — хроніка 20 лістапада


Вольга Гарбунова, архіўнае фота

Суды ў Беларусі працягваюць караць беларусаў за пратэсты, а сілавікі — арыштоўваць з палітычных матываў. Свабода сочыць за падзеямі.

Вольгу Гарбунову, якая абвясьціла галадоўку пасьля затрыманьня, перавялі ў СІЗА, паведаміла «Вясна».

Гэта значыць, што ёй выставілі абвінавачаньне.

Вольга Гарбунова — актывістка, былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту.

Яе затрымалі 9 лістапада паводле падазрэньня ў арганізацыі жаночых маршаў у 2020 годзе. У той жа дзень Вольга Гарбунова абʼявіла галадоўку.

У Горадні за счэпку асудзілі 28-гадовую бухгальтарку

Кастрычніцкі суд Горадні пакараў двума гадамі «хатняй хіміі» Дарʼю Давідовіч за ўдзел у «Маршы адзінства» 6 верасьня 2020 году. Ёй 28 гадоў, яна робіць бухгальтаркай. Удзелу ў мітынгу яна не адмаўляла, сказала, што пратэставала супраць гвалту сілавікоў.

Вырак зачытаў судзьдзя Віталь Лабоцкі, паведаміла «Вясна».

У фігуранта справы «аб змове» правялі ператрус

У Магілёве работнікі КДБ правялі ператрус у кватэры Віталя Макаранкі, забралі ноўтбук і пляншэт, паведаміў Mayday.

Віталь Макаранка — адзін зь фігурантаў крымінальнай справы аб падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту, ён за мяжой.

Апроч яго, у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады абвінавацілі Вольгу Галубовіч, Юрася Зяньковіча, Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуту (іх трымаюць у СІЗА КДБ), а таксама Паўла Кулажанку, Ігара Макара, Аляксандра Перапечку, Дзьмітрыя Шчыгельскага (яны за мяжой).

У віцебскага актывіста Барыса Хамайды канфіскавалі кнігі, каб праверыць на экстрэмізм

Барыс Хамайда, архіўнае фота
Барыс Хамайда, архіўнае фота

Найстарэйшага прадстаўніка дэмакратычнага руху ў Віцебску Барыса Хамайду затрымалі 19 лістапада. У пастарунку ў яго забралі 12 кніг, каб праверыць на экстрэмізм, сярод іх —

  • «Слоўнік беларускай мовы Чэрвеншчыны»,
  • «Жартоўныя беларускія песні»,
  • кнігу Праспэра Мерымэ з сэрыі «Бібліятэка замежнай прозы» (імаверна, «Навэлы», якія выдаваліся па-беларуску — РС).
  • кнігу Зыгмунда Фройда (імаверна, кнігу «Дыскамфорт ад культуры», якая выдаваліся па-беларуску — РС),
  • кнігу Лойкі пра Скарыну (імаверна, «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» Алега Лойкі — РС).

Барыса Хамайду пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны і адпусьцілі. Па вызваленьні ён сказаў, што беларускае заканадаўства не забараняе распаўсюд беларускай літаратуры, таму ён зьбіраецца вярнуцца на тое ж месца з новымі кнігамі.

«Я ў Віцебску нарадзіўся, і ў мяне яшчэ ёсьць кніжкі!», — цытуе Хамайду «Віцебская Вясна».

Прысуд блогеру Руслану Ліньніку пакінулі ў сіле

Менскі гарадзкі суд 19 лістапада адхіліў апэляцыю блогера Руслана Ліньніка і пакінуў у сіле прысуд — 4 гады калёніі.

Гэта значыць, блогера неўзабаве перавядуць у адну з папраўчых калёній, паведаміла «Вясна».

17 верасьня Руслана Ліньніка прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • паклёп на прэзыдэнта (ч. 1 і ч. 2 арт. 367),
  • абраза прэзыдэнта (ч. 1 арт. 368),
  • абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369),
  • паклёп (арт. 188).

Абразы і паклёпы нібыта зьмяшчаліся ў аўтарскіх відэароліках Руслана Ліньніка на ягоным YouTube-канале, які мае 80 тысяч чалавек падпісантаў.

За кратамі Руслан з 20 лютага.

Затрыманых у Баранавічах і Наваполацку пакаралі арыштамі і штрафамі

З 16 па18 лістапада і Баранавічах і Наваполацку прайшла хваля ператрусаў сярод мясцовых актывістаў, пасьля чаго большасьць зь іх затрымалі.

У Баранавічах вынесьлі наступныя прысуды:

  • Паўлу Ермаловічу — 10 сутак арышту,
  • актывісту руху «За свабоду» Юрыю Казакевічу — 15 сутак арышту за спасылку на Tut.by у тэлеграм-чаце,
  • Паўлу Казлову — 145 рублёў штрафу,
  • мужу і жонцы Дзмітрыю і Наталлі Карачун — 15 і 13 сутак арышту (на «пакаяльным відэа» жанчына Натальля казала, што адмініструе тэлеграм-канал «Поехали Барановичи»),
  • Аляксею Кірпічову — 6 сутак арышту,
  • Яўгену Крывашэіну — 15 сутак арышту за рэпост «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

У баранавіцкім СІЗА не прымаюць перадачы для затрыманых па адміністрацыйных справах, спасылаючыся на карантын з-за COVID-19.

У Наваполацку вынесьлі наступныя прысуды:

  • Андрэю Корбаву — 15 сутак арышту
  • Сяргею Корабаву — 15 сутак арышту
  • Юрыю Падлознаму — 15 сутак,
  • Дзьмітрыю Саюнову — 30 сутак арышту (другі раз),
  • Тацяне Сьцяпанавай — 2900 рублёў штрафу,
  • Аляксею Сьцяпанаву — 15 сутак арышту.

Да затрыманых мужчын да суду не пускалі адвакатаў, спасылаючыся на «санітарную апрацоўку». А калі праходзіў суд, то адвакатам казалі, што затрыманыя на шпацыры, паведаміла «Вясна».

За ўключаную песьню «Муры» пад Акрэсьціна двух хлопцаў трымалі ў карцэры ў нечалавечых умовах

У першай палове кастрычніка каля Акрэсьціна затрымалі двух хлопцаў, якія пад сьценамі ізалятара ў машыне ўключылі песьню з словамі «разбуры турмы муры». Былы арыштант, якому давялося пазнаёміцца з адным з затрыманых, апавёў «Вясне», што хлопцаў трымалі ў карцэры ў нечалавечых умовах.

Пра хлопцаў амаль няма ніякай інфармацыі. Вядома толькі, што аднаму зь іх каля 25 гадоў, і на іх склалі мінімум па два пратаколы. На пачатак лістапада яны знаходзіліся за кратамі ўжо месяц. Іх затрымалі прыкладна ў пачатку кастрычніка за тое, што яны пад’ехалі да вязьніцы на Акрэсьціна на электрамабілі Tesla і ўключылі «Муры». Ці выйшлі яны цяпер на волю — невядома, расказала «Вясна»

Якія ўмовы ў карцэры

  • Плошча 3 на 3 мэтры.
  • Падлога бэтонная.
  • Ложак ад сьцяны адшпільваць забаронена, таму людзі сьпяць на падлозе.
  • Ядуць бяз лыжак.
  • У камэры цёмна, як у склепе.
  • Няма перагародак у туалеце.
  • Нельга сядзець і дакранацца сьпінай да сьцяны, можна толькі стаяць.
  • З сродкаў гігіены — толькі невялікі кавалачак мыла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG