Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэсе ЗША прапануюць не прызнаваць легітымнасьць Пуціна пасьля 2024 г.


Уладзімір Пуцін

Два кангрэсмэны — дэмакрат са штату Тэнэсі Стывен Коэн і рэспубліканец ад Паўднёвай Караліны Джо Ўілсан — унесьлі ў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША праект рэзалюцыі аб непрызнаньні Злучанымі Штатамі легітымнымі «любых спробаў прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Ўладзіміра Пуціна застацца на сваёй пасадзе пасьля завяршэньня свайго апошняга тэрміну 7 траўня 2024 году».

Кангрэсмэны лічаць, што папраўкі да Канстытуцыі Расеі, адна зь якіх прадугледжвае так званае абнуленьне тэрмінаў Пуціна і дае яму магчымасьць балятавацца ў прэзыдэнты ў 2024 і 2030 гадах, былі прыняты з парушэньнем міжнародных абавязаньняў Расеі, а таксама дзякуючы маштабным фальсыфікацыям падчас так званага ўсенароднага галасаваньня ў мінулым годзе.

Кангрэсмэны пры гэтым спасылаюцца на рух «Голас» і яго інфармацыю, згодна зь якой, як мяркуецца, 27 мільёнаў бюлетэняў у падтрымку паправак былі ўкінутыя. Відавочна, гаворка ідзе аб падліках матэматыка Сяргея Шпількіна, які вывучае расейскія электаральныя анамаліі. Таксама ў тэксьце ўказваецца, што ЗША ў прынцыпе выступаюць супраць прадаўжэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў у іншых краінах шляхам рэфэрэндумаў, а таксама зьмяшчаюцца спасылкі на выступленьні амэрыканскіх афіцыйных асоб, якія асудзілі парушэньні падчас усенароднага галасаваньня ў Расеі.

У тэксьце рэзалюцыі цяперашні тэрмін Уладзіміра Пуціна, які заканчваецца ў 2024 годзе, названы другім і апошнім. Фактычна Пуцін на пасадзе ўжо чацьвёрты тэрмін (ён на пасадзе двойчы па два тэрміны, зь перапынкам на 4 гады прэзыдэнцтва Дзьмітрыя Мядзьведзева ў 2008–2012 гадах).

Калі рэзалюцыю прымуць, яна будзе мець рэкамэндацыйны характар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG