Яны абмеркавалі «міграцыйную сытуацыю» на межамх Беларусі з краінамі Эўразьвязу», гаворыцца ў паведамленьні на сайце kremlin.ru.
«Выказана сурʼёзная заклапочанасьць у сувязі зь непрымальнымі, жорсткімі дзеяньнямі полькіх памежнікаў, уключаючы актыўнае выкарыстаньне грубай сілы і спэцсродкаў», — паведаміў сайт прэзыдэнта Расеі.
Лукашэнка расказаў Пуціну пра дээскаляцыю крызісу, гуманітарную дапамогу мігрантам і пра званок выканаўцы абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель.
Лукашэнка і Пуцін «адзначылі важнасьць наладжваньня ўзаемадзеяньня Менску з Эўразьвязам для ўрэгуляваньня праблемы», — адзначана ў паведамленьні.
Таксама Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі гандлёвыя і эканамічныя пытаньні.
18 лістапада Пуцін заклікаў беларускія ўлады да дыялёгу з апазыцыяй.
«Так, мы ведаем, што сытуацыя ў Беларусі хоць і супакоілася ўнутры краіны, але, тым ня менш, праблемы ёсьць, і мы выдатна разумеем гэта і, вядома, заклікаем да дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй», — сказаў Пуцін, выступаючы на пашыраным пасяджэньні калегіі МЗС.
Пры гэтым прэзыдэнт Расеі падкрэсьліў, што «са свайго боку Расея, безумоўна, працягне лінію на ўмацаваньне сувязяў і паглыбленьне інтэграцыйных працэсаў зь Беларусьсю».
Заклік Пуціна да перамоваў пракамэнтавала беларуская апазыцыйная палітычная дзяячка Сьвятлана Ціханоўская.
«Асабіста ў мяне кантактаў з Крамлём не было. Я вітаю заклікі да дыялёгу. Але ніякі дыялёг не пачнецца ў турме. Усе палітвязьні павінны быць вызваленыя, гвалт спынены. Нашы ўмовы ранейшыя», — сказала Ціханоўская.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com