Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трапіўшы ў гістарычную мясарубку, мы ня сталі фаршам». Найстарэйшаму незалежнаму агенцтву навінаў БелаПАН — 30 гадоў


Кіраўніцтва БелаПАН (зьлева направа): Алесь Ліпай (1966-2018), Андрэй Аляксандраў, Дзьмітры Наважылаў, Ірына Леўшына

19 лістапада старэйшаму ў Беларусі незалежнаму агенцтву БелаПАН спаўняецца 30 гадоў.

Яго заснавальнікам і шматгадовым кіраўніком быў Алесь Ліпай, які памёр у 2018 годзе. Пасьля Ліпая кампаніяй кіраваў Дзьмітры Наважылаў, затым — Ірына Леўшына. Цяпер Дзьмітры і Ірына, а таксама былы намесьнік Алеся Ліпая Андрэй Аляксандраў ў турме, а КДБ прызнаў інфармацыйнае агенцтва БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Чытаем лісты, якія піша з турмы дырэктарка БелаПАН Ірына Леўшына, і ўспамінаем гісторыю найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва.

Ірына Леўшына.
Ірына Леўшына.

На выданьне падпісваліся дыпляматы, беларускія і міжнародныя арганізацыі

У 90-х за кароткі тэрмін агенцтва заваявала рэпутацыю незалежнай, дакладнай і апэратыўнай крыніцы інфармацыі. Навіны БелаПАН публікавалі вядучыя дзяржаўныя і недзяржаўныя выданьні, цытавалі нацыянальныя і сусьветныя радыёстанцыі і тэлекампаніі. На навіны і аналітыку БелаПАН падпісваліся міжнародныя арганізацыі, дыпляматычныя прадстаўніцтвы, банкаўскія і фінансавыя інстытуты, прадпрыемствы і кампаніі многіх краін сьвету.

Ірына Леўшына працуе ў БелаПАН ад пачатку заснаваньня.

Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Канцэпцыя майго цяперашняга жыцьця такая: з кожным днём я набліжаюся да свабоды. Усё астатняе другаснае і, па вялікаму рахунку, ня мае значэньня. Таму я вельмі спакойна ўспрыняла сваю „прадлёнку“ (падаўжэньне ўтрыманьня пад вартай. — РС). Думаю, яна будзе не апошняй, ну і ладна. ...Я працягваю працаваць па прафэсіі, бо сутнасьць нашай працы — пазнаваць жыцьцё ва ўсіх яго праявах. А тут ну вельмі цікава!»

Былы гендырэктар БелаПАН Дзьмітры Наважылаў.
Былы гендырэктар БелаПАН Дзьмітры Наважылаў.

Штодзень 100 навінаў на стужцы

У пачатку ў агенцтве працавалі тры чалавекі. У «лепшыя часы» — 50 супрацоўнікаў. Штодзень на стужцы БелаПАН выходзіла па сто навінаў на расейскай, беларускай і ангельскай мове.

Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Шмат гадоў таму Алесь Ліпай сказаў: „БелаПАН будзе заўсёды, нават калі нам давядзецца пайсьці ў падпольле“. Ці мог ён падумаць, з праблемамі якога маштабу прыйдзецца сутыкнуцца яго стварэньню? Наўрад... Не сумняваюся ў адным: ён быў бы намі задаволены. Трапіўшы ў гістарычную мясарубку, мы не дазволілі ператварыць сябе ў фарш: мы ня толькі выжылі, але і працягваем працаваць. Нашы чытачы нам ня здрадзілі — таму што людзям патрэбна праўда. Заўсёды».

Пасьля ператрусу ў БелаПАН.
Пасьля ператрусу ў БелаПАН.

Першымі пачалі выкарыстоўваць новыя інструмэнты мэдыя

БелаПАН першым пачаў рабіць інфаграфіку, затым — аўдыёслайдшоў, відэанавіны, праводзіць онлайн-канфэрэнцыі.

З 2000 году кампанія запусьціла праект «Выбары ў Беларусі», у якім падзеі ўсіх выбарчых кампаній і рэфэрэндумаў асьвятляліся ў рэжыме рэальнага часу.

У склад БелаПАН ўваходзіла сацыялягічная служба «Люстэрка», якая праводзіла дасьледаваньні, на падставе якіх рыхтаваліся сур’ёзныя аналітычныя матэрыялы.

Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «У нас ёсьць тэлевізар. Сутнасьць таго, што адбываецца, мне вядомая. Але час цяпер такі, што страціць працу ў сфэры журналістыкі — гэта такі своеасаблівы знак якасьці, як і знаходжаньне ў турме. Усё перакручана з ног на галаву. Некалі мы будзем гэта ўзгадваць, і я ўпэўнена, што ўсё кепскае забудзецца, а вось добрыя людзі, годныя паводзіны і чалавечнасьць запомняцца да канца жыцьця».

У 2002 годзе зьявілася першая ў краіне поўнамаштабная інтэрнэт-газэта «Беларускія навіны». Старонка Naviny.by стала неўзабаве адным з самых прыкметных грамадзка-палітычных рэсурсаў краіны.

Былы намесьнік гендырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў
Былы намесьнік гендырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў

У апошнія 6 год многія інавацыі і новыя праекты першага незалежнага інфармацыйнага агенцтва былі зьвязаныя з імем Андрэя Аляксандрава, які займаў пасаду намесьніка гендырэктара БелаПАН з 2015 па 2018 год, а пасьля супрацоўнічаў з кампаніяй у якасьці кансультанта. Рэжым Лукашэнкі вінаваціць прафэсійнага мэдыямэнэджэра ў фінансаваньні пратэстаў, «здрадзе дзяржаве» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня», яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

«Справа БелТА», сьмерць Ліпая, арышт Леўшынай

Складаным у гісторыі агенцтва стаў 2018 год: у чэрвені генэральнага дырэктара Алеся Ліпая абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падатку ў асабліва буйным памеры, у яго прайшоў ператрус. Сьледчыя распачалі крымінальную справу.

На той момант Ліпай меў анкалягічнае захворваньне.

7 жніўня 2018 году прайшоў ператрус у офісе БелаПАН і затрымалі некалькі супрацоўнікаў, у тым ліку галоўную рэдактарку Ірыну Леўшыну і журналістку Тацяну Каравянкову. Іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА.

23 жніўня заснавальнік і генэральны дырэктар Алесь Ліпай памёр — падзеі гэтых месяцаў паскорылі цячэньне цяжкай хваробы, ён перажываў за сваіх супрацоўнікаў і, нягледзячы на дрэннае самаадчуваньне, да канца сваіх дзён падтрымліваў і іх, і кампанію.

Ірына Леўшына ў лістах з турмы: «Цяжкі сэрыял, канечне, зацягнуўся, але, улічваючы ўсю цяжкасьць сытуацыі, было б наіўна думаць, што ён хутка скончыцца. Усё ідзе самым натуральным чынам, я дакладна гэта ведаю. Ня ведаю толькі, адкуль у мяне гэтая ўпэўненасьць — мабыць, інтуіцыя».

Ірына Леўшына, галоўны рэдактар БелаПАН, пасьля допыту па справк БелТА. 2018 год.
Ірына Леўшына, галоўны рэдактар БелаПАН, пасьля допыту па справк БелТА. 2018 год.

Цяжкі год: ператрусы, арышты, зьняволеньне

У студзені 2021-га ў рэдакцыі прайшоў ператрус, канфіскавалі тэхніку і дакумэнты.

18 жніўня 2021 году падчас чарговага ператрусу ў рэдакцыі і ў журналістаў забралі тэхніку, некалькі супрацоўнікаў затрымалі, у тым ліку галоўную рэдактарку Ірыну Леўшыну, былога дырэктара Дзьмітрыя Наважылава і бухгальтарку Кацярыну Баеву (якую пасля выпусьцілі).

На сёньняшні дзень праца рэдакцыі паралізаваная, сайты belapan.by і naviny.by, якія і раней былі заблякаваныя, не абнаўляюцца. Галоўны рэдактар і дырэктар Ірына Леўшына да гэтага часу знаходзіцца ў следчым ізалятары.

У лістападзе 2021-га КДБ прызнаў «групу грамадзян зь ліку супрацоўнікаў БелаПАН» «экстрэмісцкім фармаваньнем».

У офісе БелаПАН.
У офісе БелаПАН.

«Мы жывём сапраўды ў гістарычныя часы»

Ірына Леўшына ў лістах з турмы:

«Я часам нават думаю — не дарма ўсё гэта на нас звалілася. Цяпер мы дакладна ведаем, чаго мы вартыя, што можам і ў імя чаго яно нам дадзена. Слушна кажуць: «Што б ні адбывалася, стаў пытаньне не «Чаму гэта здарылася са мной?» а «Для чаго?». І ўвогуле, хто сказаў, што жыцьцё мусіць быць лёгкім? Розным яно мусіць быць, розным. Зараз мяне панясе пра гістарычныя часы, у якія мы жывём, але я сапраўды так лічу.

Ты не ўяўляеш, колькі тут цікавага матэрыялу, якія гісторыі! Успрымаю гэты адрэзак свайго жыцьця як працяг працы, «журналіст зьмяняе прафэсію».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG