Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 лістапада: 3 гады «хатняй хіміі» за камэнтар пра ўчастковага; аматара «памідораў са сьмятанай» асудзілі на 15 сутак


Ля суду ў Полацку. Архіўнае фота.

Суды ў Беларусі працягваюць караць беларусаў за пратэсты, а сілавікі — арыштоўваць з палітычных матываў. Свабода сочыць за падзеямі.

Праваабаронцы паведамляюць пра суды над затрыманымі жыхарамі Наваполацку

У Беларусі працягваюцца суды, арышты і ператрусы ў актывістаў.
Масавыя ператрусы ў Наваполацку скончыліся арыштамі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

У аўторак, 16 лістапада, у Наваполацку прайшла хваля ператрусаў: праваабаронцам вядома сама менш пра пяць, пасьля гэтых ператрусаў затрымалі некалькі чалавек.

18 лістапада прайшлі суды над затрыманымі.

  • Тацяну Сьцяпанаву аштрафавалі паводле арт. 24.23 КаАП на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).
  • Юрыю Падлознаму, Андрэю і Сяргею Корабаву прысудзілі 15 дзён арышту.

Перад судом да затрыманых мужчын не пускалі адвакатаў, спасылаючыся на «санітарную апрацоўку». А падчас разгляду справы адвакатам сказалі, што затрыманыя на прагулцы.

Аматара «чырвоных памідораў зь белай сьмятанай» асудзілі на 15 дзён арышту

65-гадовага інжынэра Анатоля Шаўковіча, «пакаяльнае» відэа МУС зь якім стала новым мэмам празь ягоную заяву пра любоў да белага і чырвонага колераў (у прыватнасьці, чырвоных памідораў зь белай сьмятанай), асудзілі на 15 дзён арышту, па якім артыкуле — невядома, паведамляе «Вясна».

Яго затрымалі яшчэ 11 лістапада, МУС паведаміла што ён «арганізаваў у падвале дома вытворчасьць пратэставай сымболікі; вырабленыя сьцягі мужчына закідваў на дрэвы».

Баранавіцкаму актывісту руху «За свабоду» Юрыю Казакевічу прысудзілі 15 сутак арышту

Юрыя Казавекіча затрымалі ўчора пасьля ператрусу. Сёньня адбыўся суд — судзьдзя Сяргей Данільчык прысудзіў яму 15 сутак арышту па ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць), піша «Вясна назірае».

Паведамляецца, што мужчыну абвінавачвалі ў разьмяшчэньні матэрыялу Tut.by у мясцовым тэлеграм-чаце ў верасьні 2020 году.

Жыхарцы Менску прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» і 1000 рублёў кампэнсацыі за камэнтар пад здымкам участковага


Паводле матэрыялаў справы, 50-гадовая Марына Снытко ў «Аднаклясьніках» пакінула абразьлівы камэнтар пра зьнешнасьць участковага з Бабруйску Андрэя Комара. Пацярпелы ацаніў свае маральныя пакуты ў 1000 рублёў «у сувязі з тым, што камэнтаром Снытко зьняважыла і абразіла ягоны гонар і годнасьць ня толькі як прадстаўніка ўлады, але і як чалавека».

У выніку судзьдзя Анастасія Ачалава прызнала Снытко вінаватай у абразе міліцыянта і прысудзіла ёй 3 гады «хатняй хіміі», а таксама пастанавіла выплаціць пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.

Гэта ня першы суд па абразе бабруйскага ўчастковага — 15 лістапада за аналягічнае злачынства 62-гадовай жанчыне прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі» і спагналі 1000 рублёў у якасьці маральнай шкоды. Усяго ж Kомар падаў парадку 50 пазоўных заяваў у суд аб абразе яго ў «Аднаклясьніках».

Перастаў выходзіць на сувязь берасьцейскі актывіст

Праваабаронцы паведамляюць, што ўчора ўвечары затрымалі актывіста, праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці Алега Вялава. Ён пасьпеў напісаць, што да яго прыйшлі. У чым прычына затрыманьня, пакуль невядома.

Летась на пачатку жніўня Алега ўжо судзілі за рэпост з «забароненага» тэлеграм-каналу. Тады ён атрымаў 15 сутак арышту.

Чарговым разам затрымалі берасьцейскую актывістку Алену Гнаўк

Праваабаронцы паведамляюць, што каля 7 раніцы 64-гадовая Алена Гнаўк напісала знаёмым, што яе забіраюць у РАУС, пасьля гэтага перастала выходзіць на сувязь. Пазьней сваякі Алены Гнаўк паведамілі @belsat, што яна на свабодзе, дома ў вёсцы Ткачы Пружанскага раёну.

На пачатку траўня гэтага году Алену асудзілі на два гады «хатняй хіміі» па «справе карагодаў», а ў верасьні пакаралі яшчэ двума гадамі «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі — сумарна актывістцы прысудзілі тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

У Віцебску затрымалі Барыса Хамайду

Затрымалі найстарэйшага віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду.

Сілавікі затрымалі яго ў цэнтры Віцебску каля так званага «сіняга дому» (вуліца Леніна, 28). Барыса даставілі ў Чыгуначны РАУС Віцебску, паведамляе @belsat.

Пакаралі прафсаюзную актывістку

Былая старшыня прафсаюзу НПЗ Вольга Кулыба атрымала штраф 20 базавых велічынь, піша «Вясна».

Раней паведамлялася, што жанчыну затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкі» акаўнт Zerkalo.

Віцяблянку пакаралі штрафам 2900 рублёў за надпіс «3%» на шапіку «Табакеркі»

Суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў крымінальную справу 21-гадовай Александрыны Міхаложынай, абвінавачанай паводле арт. 341 КК («Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці») — у 2020 годзе дзяўчына нанесла на тытунёвы шапік «Табакерка» «дэструктыўны» надпіс «3%».

Паводле сьледзтва, гэтым учынкам дзяўчына нанесла шкоду ў памеры 70 рублёў.

У выніку судзьдзя Карабліна пакарала дзяўчыну штрафам 100 базавых велічынь (2900 рублёў), паведамляюць праваабаронцы.

У Беларусі 3 новыя палітвязьні

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ трох чалавек:

  • Міхаіл Хаванскі, асуджаны судом Нясьвіскага раёну за гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў да 1 году калёніі;
  • Генадзь Сьмірноў, асуджаны судом Ляхавіцкага раёну за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў і абразу прэзыдэнта да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення калёніі;
  • Галіна Гарацкевіч, асуджаная судом Кастрычніцкага раёну Горадні за ўдзел у мірным сходзе і супраціў гвалту пры яго разгоне да 3 гадоў «хіміі».

Паводле стану на 19 лістапада, у Беларусі ўжо 876 чалавек прызнаныя палітычнымі зьняволенымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG