Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранцкі крызіс: Мігранты сышлі зь лягера каля мяжы. Новы эвакуацыйны рэйс зьнік з раскладу. Што адбываецца 19 лістапада


Сотні мігрантаў у ангары беларускага лягістычнага цэнтру побач з польскай мяжой. 18 лістапада

Коратка

16 лістапада на мяжы адбыўся штурм з камянямі і палкамі, які адбіла польская паліцыя з дапамогай вадамётаў. На наступны дзень мігранты зьмянілі сваю агрэсію на словы любові да Польшчы, а частка нават укленчыла перад агароджай.

17 лістапада Ангела Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны, другі раз патэлефанавала Аляксандру Лукашэнку.

18 лістапада эвакуацыйны рэйс забраў 430 мігрантаў у Багдад. Але рэйс, заплянаваны на 19 лістапада, зьнік з раскладу. На мяжы застаюцца тысячы мігрантаў.

19:42 19.11.2021

Лукашэнка: «Цалкам магчыма», што Беларусь дапамагала мігрантам пераходзіць у ЭЗ

Аляксандар Лукашэнка заявіў ВВС, што «цалкам магчыма», што падначаленыя яму сілы дапамагалі мігрантам перабірацца ў краіны ЭЗ, але адпрэчыў закід, што Менск мігрантаў запрасіў.

«Я думаю, што гэта цалкам магчыма. Мы славяне. У нас ёсьць сэрцы. Нашы войскі ведаюць, што мігранты едуць у Нямеччыну. Можа, хтосьці ім дапамог. Я нават ня буду разглядаць гэта»? — сказаў Лукашэнка ў экслюзіўным інтэрвію журналісту BBC Стыву Розэнбэргу.

18:20 19.11.2021

Рада Эўропы заклікала Польшчу дапусьціць да мяжы зь Беларусьсю журналістаў і праваабаронцаў

Эўракамісарка Рады Эўропы ў пытаньнях правоў чалавека Дуня Міятавіч заклікала Варшаву неадкладна дапусьціць журналістаў і праваабаронцаў да польска-беларускай мяжы. «Журналістам трэба мець магчымасьць свабодна і бясьпечна публікаваць рэпартажы з усіх раёнаў уздоўж мяжы», — сказала Міятавіч пасьля сваёй 4-дзённай місіі ў Польшчы.

17:27 19.11.2021

З-пад польскай мяжы прыбіраюць лягер мігрантаў

У лесе прыбіраюць лягер мігрантаў – такое відэа апублікавалі польскія памежнікі. На ім відаць, што грузавікі і трактар вязуць адтуль дровы і сьмецьце.

17:09 19.11.2021

Эстонскія ўзброеныя сілы накіроўваюць у Польшчу 100 салдат

Эстонцы будуць задзейнічаныя «для супрацьдзеяньня гібрыднай агрэсіі». Пра гэта паведаміла ў Twitter Міністэрства абароны Эстоніі.

Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак станоўча адрэагаваў на гэтае рашэньне: «Мы рады прыняць прапанову Эстоніі. Мы вядзем перамовы, каб узгадніць дэталі гэтай падтрымкі», — заявіў ён.

16:17 19.11.2021

Памежны камітэт Беларусі адказаў на ўльтыматум з Польшчы аб закрыцьці чыгуначнага руху ў Кузьніцы


У лісьце польскага боку на адрас кіраўніка беларускай памежнай службы Анатоля Лапо гаворыцца пра намер польскага боку прыпыніць з 21 лістапада грузавыя зносіны ў чыгуначным пункце пропуску Кузьніца.

«У сувязі з гэтым Памежны камітэт Беларусі накіраваў адказ з тлумачэньнем бягучай сытуацыі паблізу аўтадарожнага пункту пропуску Брузгі (з польскага боку — Кузьніца Беластоцкая), а таксама праінфармаваў аб захадах, якія прымаюцца для ўрэгуляваньня сытуацыі і адсутнасьці пагрозы для супрацоўнікаў польскіх службаў.
Таксама беларускі бок паведаміў пра гатоўнасьць аднавіць работу аўтадарожнага пункту пропуску Брузгі», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Польскі бок чакае стабілізацыі сытуацыі ў сувязі са знаходжаньнем нелегальных мігрантаў каля памежнага пераходу ў Кузьніцы да нядзелі, 21 лістапада. У выпадку адсутнасьці адказу на гэты зварот Польшча, ахоўваючы бясьпеку чыгуначнага руху, прыпыніць гэты рух праз памежны пераход у Кузьніцы.

14:27 19.11.2021

Да мігрантаў прыехаў фудтрак

У 2019 годзе пра адкрыцьцё гэтага фудтраку пісала Hrodna.life. Уладальнікі фудтрака тады заплацілі 7 тысяч рублёў за права гандляваць на стаянцы каля сынагогі ў Горадні і ўклалі ў абсталяваньне фургона 5 тысяч рублёў.

Таксама для мігрантаў другі дзень працуе аўтакрама.

«Літаральна за гадзіну выручка аўтакрамы перавысіла сярэднядзённую пры звычайнай працы ў сельскіх населеных пунктах», — пісала 18 лістапада БелТА.

13:50 19.11.2021

Мігранты адышлі ад мяжы

Падляская паліцыя апублікавала відэа зь верталёта, дзе бачныя буданы, бярвеньні і сьмецьце, пакінутае мігрантамі ў лягеры пры мяжы. Людзей у лягеры не відаць.

Напярэдадні вечарам беларускі Памежны камітэт паведаміў, што ўсе мігранты перайшлі ў транспартна-лягістычны цэнтар, што перад пунктам пропуску «Брузгі». Адзін зь мігрантаў жа паведаміў Свабодзе, што месца там хапіла ня ўсім.

11:56 19.11.2021

Частка мігрантаў засталася на мяжы пад адкрытым небам

Reuters апублікавала фота зь лягеру мігрантаў на мяжы, зробленыя 18 лістапада. На іх людзі сьпяць на зямлі, паляць вогнішчы, стаяць каля калючага дроту на мяжы тварам да беларускіх вайскоўцаў і спрабуюць трапіць пад дах транспартна-лягістычнага цэнтру, каб правесьці ноч у цяпле.

15 фота — па спасылцы ніжэй.

11:42 19.11.2021

Польскія памежнікі зафіксавалі 18 лістапада 255 спробаў пераходу мяжы па-за пунктамі пропуску

45 мігрантам выдалі пастанову пра выезд з Польшчы. Гэта значыць, што, калі яны не папросяць прытулку ў Польшчы, іх вернуць на мяжу. Таксама польская памежная служба паведаміла пра дзьве спробы сілавога прарыву мяжы. У адной групе было 500 чалавек, у другой — 50. Людзі паводзіліся агрэсіўна.

Польскія вайскоўцы апублікавалі відэа, на якім відаць, што мігранты спрабавалі пераплыць Буг у надзіманай лодцы. З польскага боку мігрантам крычалі, што яны могуць загінуць, бо рака вельмі небясьпечная. Пасярэдзіне ракі кружыла маторная лодка. У камэнтарах пад допісам чытачы задаваліся пытаньнем, адкуль у мігрантаў узялася гумавая лодка.

10:46 19.11.2021

Сьледчы камітэт налічыў ужо 65 пацярпелых ад польскіх памежнікаў

Сьледчы камітэт у справе, пачатай пасьля штурму мігрантамі польскай мяжы ў «Брузгах», налічыў ужо 65 пацярпелых, паведаміў БелТА ягоны старшыня Дзьмітры Гара.

Гэта двое беларусаў, адзін расеец, астатнія — грамадзяне Іраку, у тым ліку 14 непаўналетніх і жанчыны, сказаў Гара.

15 лістапада на беларуска-польскай мяжы польскі бок прымяніў газ, сьвятлашумавыя гранаты і вадамёты супраць мігрантаў, якія спрабавалі прарвацца праз агароджы з калючага дроту на тэрыторыю краіны. Сьвятлашумавыя гранаты кідалі і мігранты.

Беларускі Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 128 КК (злачынства супраць бясьпекі чалавецтва. Масавыя акты жорсткасьці, якія зьдзяйсьняюцца ў сувязі з расавай і этнічнай прыналежнасьцю).

З польскага боку пацярпелі 12 чалавек. Польшча лічыць, што людзі, якія спрабавалі прарваць мяжу, прайшлі навучаньне ў Беларусі, а сярод самых агрэсіўных зь іх былі супрацоўнікі беларускіх службаў.

За сьмерці, пабоі, катаваньні і ўжываньне спэцсродкаў падчас разгону акцыяў пратэсту 2020 году ў Беларусі ніводнай крымінальнай справы не завялі.

10:29 19.11.2021

Прэзыдэнт Літвы правёў аналёгію паміж званкамі Лукашэнку і перамовамі з захопнікамі самалёта

«Ці згоншчыкам самалёта проста дазваляюць страляць у пасажыраў? Значыць, трэба размаўляць, бо ёсьць праблема, якую стварыў Лукашэнка. І без Лукашэнкі яе амаль немагчыма або надзвычай цяжка вырашыць», — сказаў Гітанас Наўседа ў інтэрвію LRT.

«Пра адмену санкцый, пра легітымізацыю спадара Лукашэнкі і ці ягонага рэжыму ня можа быць і гаворкі, — сказаў Наўседа, — бо выбары 2020 году былі незаконнымі, сфальшаванымі, і іхны вынік ня можа быць прызнаны».

Наўседа таксама заявіў, што нельга пагаджацца на пропуск часткі мігрантаў у Эўразьвяз. Ён настойвае на тым, што ўсе яны павінны быць вернутыя ў краіны паходжаньня зь Беларусі.

Таксама ён лічыць памылкай магчымае выключэньне «Белавія» з новага санкцыйнага сьпісу і выступае супраць таго, каб «кантрабандная кампанія» карысталася самалётамі, узятымі ў арэнду ў Эўразьвязе.

10:29 19.11.2021

ЗША па-ранейшаму будуць удзяляць увагу міграцыйнаму крызісу ў Беларусі, — дзяржсакратар Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Злучаныя Штаты будуць па-ранейшаму ўдзяляць пільную ўвагу міграцыйнаму крызісу ў Беларусі, паведаміў «Голос Америки».

«Лукашэнка і [ўлады] Беларусі цалкам бессаромна імкнуліся выкарыстаць міграцыю ў якасьці зброі», — сказаў Блінкен журналістам падчас візыту ў Нігерыю. Ён дадаў, што Вашынгтон мае права пры неабходнасьці ўвесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да Менску.

10:29 19.11.2021

Ірак арганізуе дадатковыя рэйсы зь Менску для эвакуацыі сваіх грамадзян. Але ня сёньня

Міністэрства замежных спраў Іраку заявіла 18 лістапада, што працягне эвакуаваць сваіх грамадзян зь Беларусі. Учора зь Менску прыляцелі ў Ірак 430 мігрантаў. Самалёт зрабіў прыпынак у курдзкім горадзе Арбіль на поўначы краіны, а потым прызямліўся ў Багдадзе, паведаміла Ірацкае агенцтва навінаў.

Паводле МЗС Іраку, яны будуць і далей рэгістраваць ахвотных вярнуцца зь Беларусі ў Ірак і выдаваць дакумэнты тым, хто з розных прычынаў іх страціў.

Раней МЗС Іраку адправіла ў Беларусь консульскую дэлегацыю, якая вывучыла сытуацыю зь мігрантамі ў Менску і на мяжы Беларусі з Эўразьвязам. Яны зарэгістравалі ня менш за 571 ахвотнага вярнуцца зь беларускага памежжа дадому ў Ірак.

Тым часам заяўлены на 14:30 19 лістапада рэйс зь Менску ў Багдад зьнік з раскладу менскага аэрапорту. Няма рэйсаў у Ірак і ў заўтрашнім раскладзе.

11 лістапада прадстаўнік рэгіянальнага ўраду Курдыстану Джатыяр Адыль заявіў, што на заходніх межах Беларусі затрымаліся ад 16 да 17 тысяч чалавек, зь іх амаль 8 тысяч — жыхары ірацкага Курдыстану.

Мігранты па вяртаньні зь Беларусі
Мігранты па вяртаньні зь Беларусі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG