Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты — неверагодныя? Дыскусія экспэртаў пра мігранцкі крызіс


Ці можна і ці варта параўноўваць мігрантаў зь беларускімі пратэстоўцамі? Ці легітымныя, справядлівыя памкненьні мігрантаў трапіць у Нямеччыну? Як нямецкае грамадзтва ставіцца да мігрантаў ? Як ацэньваюць нямецкія палітыкі тэлефанаваньне Мэркель Лукашэнку?

Пра гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium вядуць гутарку і спрачаюцца палітоляг, экспэртка нямецкага фонду Маршала Марына Рахлей, палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў і пісьменьнік Макс Шчур.

Шчур

  • Становішча мігрантаў і пратэстоўцаў у нечым падобнае.
  • Улада абыходзіцца зь імі паводле сваіх патрэбаў.
  • З беларускімі пратэстоўцамі яна абыходзіцца гвалтоўна, зь мігрантамі — таксама.
Макс Шчур
Макс Шчур
  • Немагчыма сказаць, што яна на баку мігрантаў.
  • Я лічу памкненьні мігрантаў легітымнымі, законнымі і справядлівымі.
  • Права дамагацца іх мэтаў ім даюць міжнародныя пагадненьні.
  • Яны трапілі ў геапалітычную гульню, якую вядзе беларускі рэжым.
  • У гэтым іх падтрымліваць ня варта. Але разумець іх памкненьні і прызнаваць за імі права на міжнародную абарону — гэта абсалютна нармальна.

Цыганкоў

  • За гэты мігранцкі крызіс нясе адказнасьць афіцыйны Менск, ён штучна яго стварыў дзеля ўяўнага прызнаньня сваёй легітымнасьці.
  • Аргумэнт на карысьць мігрантаў — маўляў, яны маюць права дамагацца лепшага жыцьця.
  • Я не мільянэр, але гэта таму, што я нічога для гэтага не зрабіў — не заснаваў Фэйсбук, не напісаў «Гары Потэра».
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Адзін чалавек зарабіў тысячу даляраў, другі — скраў. Хіба яны нічым не адрозьніваюцца?
  • Людзі, якія апраўдваюць любыя дзеяньні мігрантаў, павінны сказаць, што тыя законы, якія ёсьць у Эўропе, — няправільныя.
  • Я мяркую, што эўрапейскія законы наконт міграцыі дастаткова лібэральныя, некаторыя лічаць, што аж занадта.
  • І я лічу, што парушаць гэтыя эўрапейскія законы няправільна, і ў пэўнай ступені незаконна.

Рахлей

  • У СМІ Нямеччыны выказваюцца погляды і блізкія да меркаваньняў Віталя, і да меркаваньняў Макса.
  • Ёсьць кансэнсус наконт таго, што гэта штучна створаны крызіс, што гэта зроблена Лукашэнкам асабіста, магчыма, пад прыкрыцьцём Крамля.
  • Нельга дапусьціць новых сьмерцяў на мяжы Эўразьвязу.
Марына Рахлей
Марына Рахлей
  • Больш за 300 чалавек арыштаваныя па абвінавачаньні ў спрыяньні мігрантам трапіць у Нямеччыну.
  • Зьявіліся групы нямецкіх грамадзян, якія, узброіўшыся сякерамі, спрабуюць ахоўваць нямецка-польскую мяжу, якой не існуе.
  • Частка нямецкага грамадзтва занепакоеная гуманітарнай катастрофай, хоча прадухіліць пакуты.
  • Іншая частка кажа, што нам тут непатрэбныя мігранты. І калі палітыкі ня могуць гэта прадухіліць, то мы самі пакажам мігрантам, што ім тут ніхто ня рады.
  • Нямецкія палітыкі выказваюць салідарнасьць з польскімі дзеяньнямі па ахове межаў.
  • Мы супраць межаў, але тут размова ідзе пра шантаж.
  • Сёньняшні ўрад — тэхнічны, і ён хутка сыдзе.
  • Аднапартыйцы Мэркель, магчыма, у хуткім часе апынуцца ў апазыцыі.

Цыганкоў

  • Калі тых, хто спрыяе міграцыі, прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці, гэта азначае, што нямецкая дзяржава вядзе барацьбу з парушальнікамі закону ў гэтым крызісе.
  • Мая пазыцыя адпавядае пазыцыі эўрапейскіх уладаў — ад цяперашняга нямецкага ўраду да Брусэлю.

Шчур

  • Ёсьць глябальная праблема міграцыі з сусьветнага Поўдня на сусьветную Поўнач.
  • Чаму ў Нямеччыне зараз жыве каля мільёна курдаў — гэта пытаньне да нямецкай пасьляваеннай міграцыйнай палітыкі.
  • Эўропе патрэбныя мігранты, яна старэе.
  • І ЭЗ, і мігранты зацікаўленыя ў тым, каб гэта адбывалася бяз гвалту і ў межах закону.
  • Шараговаму мігранту ня трэба ніякія штурмы ў парушэньне закону.
  • Мігранты калі ў нечым і зацікаўленыя, дык у тым, каб закон абысьці.
  • Людзей правых поглядаў хапае па ўсёй Эўропе. Яны думаюць, што мігранты — гэта пагроза эўрапейскай цывілізацыі.
  • На шчасьце, большасьць эўрапейцаў думае інакш.
  • Большасьць эўрапейцаў крытыкуюць дзеяньні Польшчы, гэта робяць ня нейкія анархісты, а людзі лібэральных поглядаў, быў ліст нобэлеўскіх ляўрэатак па літаратуры, у тым ліку і Сьвятланы Алексіевіч.
  • Я не хачу зараз крытыкаваць палітыку польскіх уладаў, бо гэта зараз вада на млын беларускіх уладаў.
  • Спроба выставіць Польшчу абаронцай эўрапейскіх каштоўнасьцяў не зусім адэкватная.

Рахлей

  • Мэйнстрым нямецкай палітыкі — гэта падтрымка польскіх высілкаў па падтрыманьні парадку на мяжы.

Цыганкоў

  • Польшча магла б адкрыць сваю мяжу, 99% з гэтых мігрантаў імкнуцца ў Нямеччыну.
  • Польшча дзеля чаго іх стрымлівае? Хіба ня дзеля Нямеччыны?
  • Можа, яна ўсё ж абараняе нейкія агульнаэўрапейскія парадкі?

Шчур

  • Крытыка дзеяньняў польскіх уладаў гучыць і ў самой Польшчы.
  • Гэта шырока асьвятляецца ў Чэхіі.
  • Гуманітарныя арганізацыі, журналісты спрабавалі прабіцца да мігрантаў падчас блякады.
  • Лукашэнка гэта адразу ж скарыстаў, дапусьціўшы іх да мяжы са свайго боку.
  • Польскі ўрад абраны законна, гэта яго галоўны плюс і перавага ў параўнаньні зь беларускім.

Цыганкоў

  • У Нямеччыне жыве мільён курдаў. Большасьць зь іх трапіла туды легальна.

Рахлей

  • А якія ў грамадзянаў Сырыі ці Іраку ёсьць зараз легальныя магчымасьці трапіць у Нямеччыну?
  • Раней былі іншыя магчымасьці.

Цыганкоў

  • А што здарылася? Нямеччына закрыла ім дарогу?

Рахлей

  • У Сырыі нямецкая амбасада візы не дае.
  • Гэтыя людзі карыстаюцца тымі магчымасьцямі, якія ў іх ёсьць.

Цыганкоў

  • Рух сусьветнага Поўдня на Поўнач — гэта сапраўды тэма стагодзьдзя, усе мы памятаем падзеі 2015 году.
  • Тэма міграцыі будзе гарачай заўсёды.
  • Сацыялёгія паказвае, што беларусам найбольш блізкія расейцы, украінцы і палякі.
  • І самыя далёкія этнасы — жыхары Блізкага Ўсходу і Афрыкі.
  • Тое, што мігранты кідаюць у польскіх памежнікаў камяні, не спрыяе добраму да іх стаўленьню з боку беларусаў.

Рахлей

  • Польскія палітыкі рэзка адрэагавалі на званок Мэркель Лукашэнку часткова таму, што іх папярэдне не паінфармавалі аб гэтай ініцыятыве.
  • Офіс Мэркель падкрэсьліў, што яна размаўляла са «спадаром Лукашэнкам», а не з «прэзыдэнтам Лукашэнкам».
  • Мэркель патэлефанавала таму, хто ў Беларусі прымае рашэньні.
  • У жніўні 2020 году яна таксама спрабавала зь ім паразмаўляць на зусім іншую тэму. Лукашэнка тады не захацеў здымаць слухаўку.
  • Гэтыя перамовы не зьмякчаць санкцыйны пакет.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 18 і 22 лістапада ўрад Іраку зладзіў два эвакуацыйныя рэйсы, якія агулам вывезьлі зь Беларусі звыш 500 мігрантаў, на 25 і 26 лістапада заплянаваныя яшчэ 4 рэйсы.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG