Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 90 год Анатолю Вярцінскаму; год таму скасавалі менскі чэмпіянат Эўропы ў лёгкай атлетыцы


Язэп Лёсік

Падзеі 18 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

18 лістапада 1883 году нарадзіўся Язэп Лёсік, палітык, мовазнаўца, пісьменьнік і пэдагог, удзельнік нацыянальна-вызвольнага й сацыялістычнага руху пач. ХХ ст., вязень царскіх турмаў і палітвысланец, у 1918–1919 гг. старшыня Рады БНР, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Даводзілася чуць аповед, як аднойчы ў 1920-я на ягонай лекцыі ў БДУ, прысьвечанай асаблівасьцям беларускай мовы, нейкая камсамолка прыслала Язэпу Лёсіку пытаньне, чаму ён так мала ўвагі надае падабенству паміж беларускай і расейскай мовамі.

Спадар Язэп зьняў акуляры і, бліснуўшы вачыма, зь зьнішчальнай іроніяй адказаў: «Мы вывучаем не падабенствы, а саму нашу мову. Жывём жа мы ў Беларусі, а не на нейкім Марсе».

Сучасьнікі згадваюць, што нават напярэдадні 1930-х гадоў ніхто, зьвяртаючыся да яго, не наважваўся казаць «таварыш Лёсік». Для ўсіх ён быў «дзядзькам Лёсікам», чалавекам, які прайшоў найцяжэйшую школу змаганьня за нацыянальную справу.

Зямляк і блізкі сваяк Якуба Коласа, ён бярэ ўлетку 1906 году ўдзел у нелегальным настаўніцкім зьезьдзе ў Вільні й, ужо знаходзячыся пад перасьледам паліцыі, робіцца ініцыятарам другога, больш вядомага зьезду, што неўзабаве адбыўся ў іхняй з Коласам роднай Мікалаеўшчыне.

Трапіўшы на высылку ў Сібір, Лёсік пасябраваў там зь іншым «палітычным» — паэтам Алесем Гаруном.

Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі ў Расеі Язэп становіцца ўдзельнікам Першага Ўсебеларускага зьезду, адным з стваральнікаў БНР ды ў 1918–1919 гадах кіруе яе Радай.

Выдадзеную ім у 1922-м «Практычную граматыку беларускае мовы» бальшавіцкая прэса характарызуе як «контрарэвалюцыйную прапаганду».

З-пад арышту яго вызваляе тагачасны наркам асьветы Ўсевалад Ігнатоўскі.

У пэрыяд беларусізацыі Язэп Лёсік быў у рэспубліцы самым знаным мовазнаўцам: выступаў з асноўнымі дакладамі на міжнароднай Акадэмічнай правапіснай канфэрэнцыі 1926 году, кіраваў Тэрміналягічнай камісіяй.

Калі ў 1930-м разам з «шырокім сацыялістычным наступам на ўсім фронце» пачалася расправа зь беларускім нацыянальным рухам, акадэміка Лёсіка ўзялі адным зь першых.

Паўторны арышт у 1938-м прывёў ужо не да высылкі, а да пяцігадовага лягернага тэрміну.

Ягоную жонку Ванду Лявіцкую аднаго дня выклікалі ў НКВД і перадалі мужаву вопратку, паведаміўшы, што той памёр ад сухотаў.

Празь пяцьдзясят гадоў студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнiвэрсытэту таксама, як і згаданая камсамолка, спрачаліся з выкладчыкамі. Праўда, мы ўжо спрабавалі бараніць Беларусь і пачыналі, рызыкуючы зьнізіць сабе адзнакі, адказваць па-беларуску на заліках і экзамэнах.

Імя Лёсіка было яшчэ забароненае і не вядомае нам, але ідэю, якой ён служыў, не ўдалося зьнішчыць.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 196-197.

У гэты дзень год таму

  • Абавязковы масачны рэжым увялі па ўсёй тэрыторыі Беларусі ад 18 лістапада. Апошнімі масачны рэжым увялі Берасьцейская вобласьць і некалькі раёнаў Магілёўскай і Горадзенскай абласьцей.
  • Прысуджаныя адміністрацыйныя арышты журналістам Ігару Карнею, Максіму Лаўрэцкаму і Аляксандры Квіткевіч.
  • Суд паслаў на тры гады ў калёнію 21-гадовага тэхніка Антона Лакішыка за напад на амапаўца 14 ліпеня на Нямізе.
  • У Менску скасавалі правядзеньне каманднага чэмпіянату Эўропы па лёгкай атлетыцы.
  • Генпракуратура вынесла папярэджаньні сьвятарам Сергію Лепіну і Юрыю Касабуцкаму, якія абурыліся зносам народнага мэмарыялу Рамана Бандарэнкі.

Гэты дзень у гісторыі

1918 — абвяшчэньне незалежнасьці Латвіі.

1989 — у Чэхаславаччыне апазыцыйна настроеныя групы стварылі адзіную арганізацыю — Грамадзянскі форум, нефармальным лідэрам якога неўзабаве стаў драматург-дысыдэнт Вацлаў Гавэл. Пачалася Аксамітная рэвалюцыя.

Акцыя пратэсту ў Празе, лістапад 1989
Акцыя пратэсту ў Празе, лістапад 1989

У гэты дзень нарадзіліся

1787 — Люі-Жак Дагер, францускі мастак і вынаходнік, адзін з заснавальнікаў фатаграфіі.

1901 — Джордж Гэлап, амэрыканскі сацыёляг, заснавальнік вядомага ва ўсім сьвеце Інстытуту Гэлапа.

Джордж Гэлап
Джордж Гэлап

1902 — Міхась Машара, беларускі паэт.

Янка Брыль, Янка Шарахоўскі і Міхась Машара на юбілеі Якуба Коласа ў Каралішчавічах. 1952
Янка Брыль, Янка Шарахоўскі і Міхась Машара на юбілеі Якуба Коласа ў Каралішчавічах. 1952

1912 — Павал Кавалёў, беларускі пісьменьнік, у 1955-1967 гадах — рэдактар часопісу «Вожык», у 1967-1972 гадах — галоўны рэдактар часопісу «Полымя».

1931 — Анатоль Вярцінскі, беларускі паэт, грамадзкі і палітычны дзяяч, у 1986-1990 гадох — галоўны рэдактар газэты «Лiтаратура i мастацтва».

У памяці

1922 — Марсэль Пруст, францускі пісьменьнік.

Марсэль Пруст
Марсэль Пруст

1962 — Нільс Бор, дацкі фізык, адзін з заснавальнікаў квантавай мэханікі.

1979 — Гаўрыла Верасаў, беларускі шахматыст, вынаходнік дэбюту Верасава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG