Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша ніва»: у Менску судзяць падпалкоўніка галоўнага выведнага ўпраўленьня Міністэрства абароны


Дзьмітры Самсонаў

Суд над афіцэрам адбываецца ў закрытым рэжыме. Яго падазраюць у «дзяржаўнай здрадзе». Ён у няволі ўжо каля году.

Як стала вядома «Нашай ніве», у Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме пачалі разглядаць справу падпалкоўніка галоўнага выведнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Дзьмітрыя Самсонава. Яго вінавацяць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

  • ч. 1 арт. 356 («Дзяржаўная здрада»);
  • ч. 1 арт. 375 («Мэтанакіраванае выдаваньне службовай тайны»);
  • ч. 2 арт. 235 («Адмываньне сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»).

Максымальны тэрмін пакараньня па артыкуле «Дзяржаўная здрада» — 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Самсонаў, як піша выданьне, да восені 2020-га быў супрацоўнікам Галоўнага ўпраўленьня ваеннай выведкі Мінабароны ў званьні падпалкоўніка. Ён служыў у сакрэтнай частцы 15738. Гэтае ўпраўленьне, сярод іншага, мае доступ да матэрыялаў, атрыманых КДБ, у тым ліку праслухоўваньня.

Крыніцы лічаць, што Самсонаў мог быць датычны да гучных «зьліваў» перамоваў Натальлі Эйсмант, Дзьмітрыя Шакуты і Дзьмітрыя Баскава ўвосень 2020-га, калі забілі Рамана Бандарэнку і ладзілі «рэйды» па сталічных дварах.

Родныя Самсонава не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць гэтую вэрсію.

«Затрымалі яго ўжо як год. Ці зьвязана гэта з палітычнымі падзеямі? Магчыма, магчыма, я магу ўявіць, але дакладна нічога не магу вам сказаць, мне нічога ня кажуць, усё сакрэтна», — менавіта так адказала жонка Самсонава на пытаньне аб мужы.

Пасьля таго як размовы Эйсмант, Баскава і Шакуты сталі шырока вядомымі грамадзкасьці, улады затрымалі падпалкоўніка КДБ Аляксандра Храловіча. Па вэрсіі сьледзтва, Храловіч атрымаў «зьлівы» нібыта адмыслова інсцэніраваных перамоваў паміж Эйсмант і астатнімі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG