Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 лістапада:  3 гады «хіміі» за выхад на дарогу і счэпку

абноўлена

Марш справядлівасьці ў Менску 20 верасьня 2020 г.

Суды ў Беларусі штодня асуджаюць удзельнікаў пратэстаў. Ня стала выключэньнем і серада.

3 гады «хіміі» за блякаваньне дарогі

17 лістапада ў Заводзкім судзе Менску вынесьлі прысуд палітвязьню Ягору Кузьміну. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі («хімію»). Пазоў «Менсктрансу» вылучаны ў асобную грамадзянскую справу, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Палітвязьня вызвалілі ў залі суду. Справу разгледзеў судзьдзя Капцэвіч, бок дзяржабвінавачваньня падтрымаў пракурор Савіцкі.

Сьледзтва заявіла, што Ягор Кузьмін 20 верасьня 2020 году парушаў грамадзкі спакой на вуліцы Казлова. А менавіта — «вёў дэструктыўную дзейнасьць, перашкаджаў руху транспарту і мінакам з мэтай выказваньня пратэсту, рабіў воплескі з „палатнінай бела-чырвона-белага колеру“, блякаваў і перагароджваў дарогу».

Кузьмін прызнаў віну. Шкоду ў 47 тысяч рублёў, якія ён нібыта нанёс «Менсктрансу», палітвязень лічыць надуманай і кажа, што за кароткі час, які ён быў на дарозе, ніяк ня мог стаць прычынай такой буйной матэрыяльнай шкоды.

Два гады «хатняй хіміі» і 1000 рублёў кампэнсацыі за камэнтар у «Одноклассниках»

У судзе Пінскага раёну і Пінску 17 лістапада вынесьлі прысуд Дзянісу Стасевічу, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК): судзьдзя Вольга Лубнік прызначыла яму пакараньне ў выглядзе 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, пастанавіла канфіскаваць тэлефон у даход дзяржавы і спагнаць зь яго 1000 рублёў на карысьць пацярпелага ў якасьці кампэнсацыю маральнай шкоды, піша «Вясна».

Паводле абвінавачваньня, 25 траўня 2020 году з мэтай прыніжэньня гонару і годнасьці супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў, Дзяніс Стасевіч у сацсетцы «Одноклассники» напісаў камэнтар пад публікацыяй пра міліцыянта, які на фатаздымку прыціскае каленам шыю пэнсіянэра, наступнага зьместу: «С*ка, герой!»

Стасевіч віну прызнаў цалкам, у зьдзейсьненым раскаяўся. Паводле Дзяніса, ён, «паддаўшыся агульнаму настрою і хайпу, а таксама ў сувязі з падзеямі ў ЗША, дзе грамадзяніна паліцэйскі прыдушыў каленам, і грамадзянін памёр, пакінуў нэгатыўны камэнтар пад публікацыяй», бо такі спосаб затрыманьня яго моцна абурыў.

Пацярпелы Ігар Вольніч прасіў суд спагнаць з абвінавачанага кампэнсацыю нанесенай маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў.

У Мазыры затрымалі былую старшыню прафсаюзу НПЗ. Учора былі затрыманьні ў Менску і Калодзішчах

Сёньня ў Мазыры затрымалі Вольгу Кулыбу — былую старшыню праўладнага прафсаюзу НПЗ, якая цяпер на пэнсіі. Прычына затрыманьня — падпіска на «экстрэмісцкі» акаўнт Zerkalo, піша «Вясна».

16 лістапада ў Менску затрымалі 37-гадовага Андрэя Цеплякова. У кватэру да яго ўварваліся 8 чалавек.

У Калодзішчах пад Менскам затрымалі Аляксандра Залуцкага і Сяргея Огура.

Дзе яны і чаму іх затрымалі, праваабаронцам пакуль не вядома, піша «Вясна».

Гамельчука адправілі на «суткі» за рэпост амаль гадавой даўнасьці

У судзе Навабеліцкага раёну 17 лістапада прызналі вінаватым і адправілі за краты на 12 сутак 33-гадовага гамельчука Дзяніса Здоту, паведамляе «Флагшток». Раніцай таго ж дня ў яго правялі ператрус. Мужчыну абвінавацілі па арт. 19.11 ч.2 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Гаворка пра рэпост у сацсетках у сьнежні 2020 году. Дзяніс жанаты, дома ў яго засталіся двое маленькіх дзяцей: 3-гадовы сын і 4-месячнае дзіця.

Справу заснавальніка Symbal.by адправілі на «дапрацоўку»

Сёньня адбыўся суд над заснавальнікам Symbal.by Паўлам Белавусам, якога затрымалі два дні таму. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах КаАП: 19.11 (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць) і 19.12 (незаконны выраб і/або распаўсюджваньне мэтодык або іншых матэрыялаў аб спосабах вырабу выбуховых прыладаў і выбуховых рэчываў).

Справу Паўла накіравалі ў РУУС на дапрацоўку, паведамляе Symbal.by.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымалі яго за тое, што ён перасылаў на Белпошце кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя» Зьмітра Лукашука, якую 31 сакавіка 2021 году ўлады прызналі экстрэмісцкай.

У Горадні людзей масава выклікаюць у СК

Пра масавыя выклікі ў Сьледчы камітэт жыхароў Горадні паведамляе тэлеграм-канал @nebovkletku. Як нагадваюць праваабаронцы «Вясны», учора зьявілася інфармацыя пра масавыя выклікі людзей у СК у Магілёве і Берасьці. Папярэдне, выклікі зьвязаныя зь дзейнасьцю арганізацыі «Наш дом».

У Гомлі дзяўчыну аштрафавалі за тое, што недастаткова хутка адчыніла дзьверы сілавікам

21-гадовай Сафіі Сіваковай, якую разам з бацькам затрымалі ва ўласнай кватэры 25 кастрычніка падчас рэйду ГУБАЗіК па кватэрах падпісчыкаў «экстрэмісцкіх каналаў», у судзе Цэнтральнага раёну Гомля 17 лістапада далі 145 рублёў штрафу за «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі», паведамляе «Гомельская Вясна».

Згодна з пратаколам, яна разам з бацькам недастаткова хутка адчыніла дзьверы апэратыўнікам, якія прыйшлі з вобшукам у 7.00, а пасьля затрыманьня адмаўлялася ісьці ў службовы аўтамабіль. Яе бацьку Алеся Сівакова за гэта ж пакаралі 7 суткамі арышту.

Мінімум 14 менчукоў знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсьціна на паўторных «сутках»

Больш за паўгода таму беларускія ўлады пачалі актыўна выкарыстоўваць новыя пратаколы па адміністрацыйных справах, каб не выпускаць на волю затрыманых па «палітычных артыкулах». Паводле інфармацыі «Вясны», на дадзены момант у ЦІП на Акрэсьціна знаходзяцца мінімум 14 чалавек, якіх перазатрымлівалі па некалькі разоў з палітычна матываваных прычын, сярод іх 13 мужчын і адна жанчына:

  • Яўген Люльковіч па 5 пратаколах асуджаны да 61 сутак, за кратамі з 21 верасьня.
  • Аляксандра Бембеля перазатрымлівалі яшчэ 4 разы, па пяці пратаколах па арт. 19.11 КаАП яго арыштавалі на 58 сутак.
  • Аляксандра Беладзеда з 1 кастрычніка пасьпелі асудзіць ужо па 4 пратаколах, агулам на Акрэсьціна ён правядзе 51 суткі.
  • Віталь Умрэйка быў асуджаны па трох пратаколах на 44 сутак.
  • Яшчэ 10 перазатрыманых менчукоў асуджаныя на 30 і болей сутак. Сярод іх — журналістка Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандар Лойка, якіх днямі арыштавалі зноў на 15 сутак. Вядома, што іх выпускалі з Акрэсьціна, але сваякі іх так і не пабачылі.

Зь некаторымі з затрыманых паўторна запісвалі «пакаяльныя відэа». Пратаколы на арыштантаў складаюць па трох артыкулах: 19.1 КаАП (дробнае хуліганства), 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне міліцыянтам) і 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкай інфармацыі). Таксама вядома некалькі выпадкаў, калі арыштантаў афіцыйна вызваляюць і аддаюць іх рэчы, але з тэрыторыі ЦІП на волю яны так і не выходзяць, бо супрацоўнікі ГУБАЗіК ці РУУС сустракаюць іх, каб правесьці «прафіляктычную гутарку», падчас якой арыштанты, як пішацца ў пратаколе, «паводзяць сябе агрэсіўна», за што атрымліваюць новыя суткі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG