Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія аб’явіла пра спыненьне агню на мяжы з Азэрбайджанам


Расейскія вайсковыя міратворцы знаходзяцца ў Нагорным Карабаху зь лістапада 2020 году

Міністэрства абароны Армэніі абвясьціла пра дамоўленасьць з Азэрбайджанам аб спыненьні агню на мяжы.

«Праз расейскі бок дасягнута пагадненьне аб спыненьні агню на ўсходнім участку мяжы Армэніі з 18:30 паводле мясцовага часу (16 лістапада. — Рэд.). Сытуацыя адносна стабілізавалася», — гаворыцца ў паведамленьні армянскага ведамства.

Мінабароны Расеі таксама заявіла аб завяршэньні баявых дзеяньняў пасьля тэлефонных перамоваў з удзелам кіраўніка ведамства Сяргея Шайгу і кіраўнікоў ваенных ведамстваў Азэрбайджана і Армэніі.

Раней Армэнія зьвярнулася ў Расею «за абаронай» у сувязі з баявымі дзеяньнямі, якія аднавіліся 16 лістапада на мяжы з Азэрбайджанам. У Ерэване спаслаліся на двухбаковую дамову з Расеяй з 1997 году.

16 лістапада Ерэван і Баку абмяняліся ўзаемнымі абвінавачаньнямі ў нападзе. Мінабароны Азэрбайджана заявіла аб раненьні двух вайскоўцаў «падчас нападу з боку Армэніі». Па дадзеных ведамства, армянскі бок атакаваў пасты ў Кельбаджарскім і Лачынскім раёнах, выкарыстоўваючы мінамёты і артылерыю.

Армянскі бок, наадварот, абвінаваціў у нападзе Азэрбайджан, сьцьвярджаючы, што той вядзе лякальныя баі на мяжы з ужываньнем артылерыі, бронетэхнікі і іншых узбраеньняў. У Ерэване паведамілі, што ўдакладняюць зьвесткі аб загінулых і пацярпелых армянскіх вайскоўцаў. Цяпер пацьверджана гібель аднаго вайскоўца. 12 чалавек былі ўзятыя ў палон. У Ерэване таксама сьцьвярджалі, што «праціўніку нанесеныя вялікія страты ў жывой сіле».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG