Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік ЭЗ Бурэль у размове з Макеем заклікаў неадкладна аднавіць бясьпеку на беларуска-польскай мяжы


16 лістапада адбылася тэлефонная размова Высокага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпа Бурэля зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем.

Бурэль паведаміў у Twitter, што заклікаў суразмоўцу «да неадкладных дзеяньняў для аднаўленьня бясьпекі ў памежнай з ЭЗ тэрыторыі Беларусі і вырашыць цяжкія гуманітарныя праблемы людзей, якія там апынуліся».

Адказны за замежную палітыку Эўразьвязу зазначыў, што правёў гэтую размову ў працяг дыскусіі ў справе Беларусі міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ у Брусэлі. Учора на пасяджэньні Рады ЭЗ у замежных пытаньнях было дасягнута палітычнае пагадненьне аб прымяненьні пятага пакету санкцый у дачыненьні да Беларусі.

Як паведамляе МЗС Беларусі, у сёньняшняй тэлефоннай размове бакі абмеркавалі сытуацыю, якая складваецца на мяжы Беларусі і Эўразьвязу.

Міністар замежных справаў Макей давёў да суразмоўцы інфармацыю аб ўзмацненьні міграцыйнага рэжыму ў Беларусі, сказана ў паведамленьні.

Макей падкрэсьліў прынцыповую пазыцыю беларускага боку «аб непрымальнасьці санкцый як інструмэнту палітыкі ў адносінах да сувэрэннай і незалежнай дзяржавы, іх нэгатыўных наступствах як для двухбаковых адносін, так і для рэгіянальнай стабільнасьці і бясьпекі ў цэлым».

Паводле прэс-службы МЗС Беларусі, бакі дамовіліся аб працягу кантактаў па лініі Беларусь — ЭЗ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG