Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія папрасіла Расею аб ваенным умяшаньні пасьля баёў на мяжы з Азэрбайджанам


Міністэрства абароны Армэніі заявіла пра загінулых і параненых у выніку баёў з азэрбайджанскімі сіламі на ўсходзе краіны.

«Становішча на ўсходняй частцы прыгранічнай лініі з Азэрбайджанам застаецца вельмі напружаным. У выніку нападу падразьдзяленьняў Узброеных сіл Азэрбайджану з армянскага боку ёсьць загінулыя і параненыя», — расказалі ў прэс-службе армянскага абароннага ведамства. Таксама сьцьвярджаецца, што 12 армянскіх вайскоўцаў трапілі ў палон і што «праціўніку нанесены вялікія страты ў жывой сіле». Адначасова гаворыцца аб стратах Ерэванам дзьвюх баявых пазыцый.

Раней стала вядома, што Ерэван і Баку абмяняліся ўзаемнымі абвінавачаньнямі ў нападзе. Міністэрства абароны Азэрбайджану заявіла, што ў ходзе атакі з боку Армэніі параненыя два вайскоўцы. Паводле ведамства, армянскі бок у аўторак напаў на памежныя пасты ў Кельбаджарскім і Лачынскім раёнах, выкарыстоўваючы артылерыю.

Армянскі бок, наадварот, абвінавачвае ў нападзе Азэрбайджан, сьцьвярджаючы, што той вядзе лякальныя баі на мяжы з ужываньнем артылерыі, бранятэхнікі і іншага ўзбраеньня.

Ерэван у сувязі зь цяперашняй сытуацыяй зьвярнуўся да Масквы з заклікам абараніць сувэрэнную тэрыторыю Армэніі паводле двухбаковай дамовы ад 1997 году. Пра гэта заявіў сакратар Рады бясьпекі краіны Армэн Грыгар'ян. Паводле яго, Армэнія чакае ад Расеі дапамогі па аднаўленьні тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы. Размова, паводле Грыгарʼяна, ідзе аб ваеннай дапамозе, каб «дасягнуць разьвязкі сытуацыі», піша выданьне «Коммерсант».

Сытуацыя ўздоўж мяжы застаецца напружанай з таго часу, як год таму прэмʼер-міністар Армэніі і прэзыдэнты Азэрбайджану і Расеі падпісалі сумесную заяву аб спыненьні ваенных дзеяньняў у Нагорным Карабаху, якія доўжыліся каля паўтара месяца. Па гэтай дамове Баку адышлі значныя тэрыторыі спрэчнага рэгіёну, у шэрагу раёнаў быў разьмешчаны расейскі міратворчы кантынгент. У выніку гэтай буйной эскаляцыі даўняга канфлікту вакол самаабвешчанай рэспублікі былі забітыя ня менш за шэсьць з паловай тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG