Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Радыё Свабода адкрылі мэмарыял загінулым журналістам, першая ахвяра была беларуская


У будынку Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа 16 лістапада адкрылі мэмарыял, прысьвечаны памяці журналістаў нашага радыё, якія былі забітыя або загінулі пры выкананьні сваіх прафэсійных абавязкаў.

Першым журналістам Радыё Свабода, які памёр не сваёй сьмерцю, быў супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Лявон Карась. 7 верасьня 1954 году ягонае цела было знойдзена ў рацэ Ізар у Мюнхэне.

Усяго ад заснаваньня радыё ў 1950 годзе загінулі 16 журналістаў:

  • Верасень 1954 — Леанід Карась (Беларуская служба)
  • 20 лістапада 1954 — Абдульрахман Фаталібэй (Азэрбайджанская служба)
  • 11 верасьня 1978 — Георгі Маркаў (Баўгарская служба)
  • 21 верасьня 2000 — Іскандар Хатлоні (Таджыцкая служба)
  • Верасень 2006 — Агулсапар Мурадава (Туркмэнская служба)
  • 5 красавіка 2007 — Хамаіл Мухсін Халаф (Ірацкая служба)
  • 30 траўня 2007 — Назар Абдульвахід Ар-Радгі (Ірацкая служба)
  • 24 кастрычніка 2007 — Алішэр Саіпаў (Узбэцкая служба)
  • 22 сакавіка 2014 — Мухамад Бдайві Увайд Аш-Шамары (Ірацкая служба)
  • 30 красавіка 2018 — Махарам Дурані (Афганская служба)
  • 30 красавіка 2018 — Абадула Хананзай (Афганская служба)
  • 30 красавіка 2018 — Сабавун Какар (Афганская служба)
  • 15 траўня 2020 — Максім Гаўрыленка (Настоящее время)
  • 15 траўня 2020 — Уладзімер Міхайлоўскі (Настоящее время)
  • 15 траўня 2020 — Любоў Зямцова (Настоящее время)

Лявон Карась (20.11.1923 — 7.09.1954)

«Навучаючыся ў бэльгійскім Лювэне на інжынэра, ён даведаўся пра стварэньне беларускай сэкцыі Радыё Вызваленьне (цяпер Радыё Свабода) і выехаў у Мюнхэн, адкуль павінна было распачацца вяшчаньне. Апрача журналісцкіх задаткаў, ён ужо валодаў ангельскай моваю і меў, што для супрацоўніка радыё надзвычай важна, прыемны зычны голас. 20 траўня 1954-га беларускія перадачы пайшлі ў эфір. Галоўным „сьпікерам“ быў Леанід Карась.

Прафэсія журналіста ўва ўсе часы была небясьпечнай. Нязьмерна больш за іншых рызыкавалі супрацоўнікі радыё, што несла слова праўды за камуністычную „жалезную заслону“, туды, дзе перадачы глушыліся, а спэцслужбы рыхтавалі супроць „вызваленцаў“ свае брутальныя акцыі», — піша ў сваёй кнізе «Імёны Свабоды» Ўладзімер Арлоў.

Лявон Карась, Мюнхэн, 1954
Лявон Карась, Мюнхэн, 1954

Пра абставіны трагічнага здарэньня расказала ў сваёй кнізе «Птушкі пералётныя» калега Карася, вэтэранка Радыё Галіна Руднік:

«Першага верасьня 1954 году не зьявіўся на працу наш Лявон Карась. Гэта быў вельмі акуратны, пунктуальны супрацоўнік. Тэлефона у яго не было. Вечарам таго ж дня калегі пайшлі да гаспадыні, дзе Лявон здымаў мэбляваны пакой. Гаспадыня сказала, што яна яго ужо некалькі дзён ня бачыла. Не прыйшоў ён і на наступны дзень. На трэці дзень наш шэф папрасіў мяне патэлефанаваць у нямецкую паліцыю. У мяне было ўражаньне, што чыноўнік нават не запісаў тое, што мы яму казалі. Ён толькі спытаўся, колькі гадоў нашаму супрацоўніку. Карасю тады было 30. Чыноўнік засьмяяўся й сказаў, што ён, напэўна, загуляў у якой-небудзь дзяўчыны. Але калі ён адчуў, што нам не да жартаў, то папрасіў патэлефанаваць ізноў на пачатку наступнага тыдня, калі Карась да гэтага часу ня зьявіцца.

А 7-га верасьня з паліцыі пазванілі нам. Сказалі, што ў рэчцы Ізар знайшлі труп, і папрасілі зараз жа прыехаць і паглядзець, ці гэта часам ня наш супрацоўнік. Гэта быў наш Лявон Карась. Сьлядоў гвалту відаць не было. Мне паказалі пусты кашалёк, у якім быў толькі маленькі здымак Зоры Савёнак (пазьней Зоры Кіпель) — ягонага вялікага каханьня яшчэ з часоў гімназіі.

Наколькі нам было вядома, ніякай экспэртызы не рабілі. Таму што у Лявона не было сваякоў, ніякіх падрабязнасьцяў нам не паведамілі. Дзіўна было й тое, што папрасілі ягоных сяброў і калегаў Марговіча й Сыча пахадзіць з фатаграфіяй Карася па тых рэстаранах, дзе яны бывалі разам, і апытаць афіцыянтак і гасьцей, што ім ведама пра гэтую асобу.

Пахавалі мы Лявона 14 верасьня 1954 году. Было шмат людзей, 16 вялікіх вянкоў. Чалавек ён быў прыемны, сьціплы й сумленны працаўнік.

Праз тры месяцы у мюнхэнскай газэце „Зюддойчэ цайтунг“ зьявілася маленькая зацемка такога зьместу: „У той час уважалася, што Карась стаўся ахвярай нейкага нешчасьлівага выпадку. Аднак новыя дадзеныя дазваляюць дапускаць, што Карась загінуў у выніку злачынства“».

Пахаваньне Лявона Карася, Мюнхэн, 14 верасьня 1954 г.
Пахаваньне Лявона Карася, Мюнхэн, 14 верасьня 1954 г.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG