Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Эўропе не павінна быць «бэрлінскай сьцяны». Як праблемы на межах паўплываюць на жыцьцё дзікіх жывёлаў


Будоўля агароджы на літоўска-беларускай мяжы, ілюстрацыйнае фота

Тысячакілямэтровая сьцяна з калючага дроту, якая будуецца на дзяржаўнай мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, дрэнна адаб’ецца на жыцьці дзікіх жывёлаў.

Пра гэта гавораць беларускія эколягі. Яны сьцьвярджаюць, што ўзьведзеная загарода прывядзе да ізаляцыі папуляцый і спыніць распаўсюджаньне буйных зьвяроў.

Мікалай Чэркас, кандыдат біялягічных навук, вывучаў сытуацыю ў Белавескай пушчы.

«Яшчэ ў XV стагодзьдзі былі апісаныя міграцыйныя шляхі ласёў і іншых дзікіх жывёлаў, якія праходзілі празь Белавескую пушчу. Шлях ласёў пачынаўся з-пад Кіева, потым пераходзіў у Чарнобылі на левы бераг і па левабярэжжы ішоў на Белавескую пушчу, а потым на балоты. Гэты міграцыйны шлях застаўся і цяпер. Бо калі праводзілі дасьледаваньні, то міграцыя ласёў праходзіла адным вузкім калідорам: увесну шлях быў у адзін бок, а ўвосень у другі».

У 1981 годзе на мяжы Беларусі і Польшчы ўзьвялі сьцяну вышынёй у 2 мэтры 20 сантымэтраў. Паводле Мікалая Чэркаса, гэта быў грунтоўны плот, з сыгналізацыяй. У выніку зьмяніліся міграцыйныя шляхі жывёлаў, і найперш гэта нэгатыўна адбілася на ласях.

«У першыя гады, калі дзейнічаў гэты плот, то яны проста ўпіраліся ў яго і ішлі ўздоўж, калечыліся. Гэта вельмі дрэнна адбівалася на жывёлах. Адмыслоўцы адзначылі, што гэты плот дрэнна паўплываў на колькасьць жывёлаў у Беларусі, за некалькі гадоў яна вельмі зьнізілася, — кажа Мікалай Чэркас. — Калі ў савецкія часы спрабавалі вывучаць міграцыю ласёў, то пазначанага ў Прыбалтыцы лася знайшлі ў Рэспубліцы Комі — вось такі міграцыйны шлях адолела гэта жывёла».

Узьвядзеньне агароджы з калючага дроту на мяжы Латвіі і Беларусі, верасень 2021 году
Узьвядзеньне агароджы з калючага дроту на мяжы Латвіі і Беларусі, верасень 2021 году

Навукоўцы выявілі тры міграцыйныя калідоры ў Белавескай пушчы. Жывёлы, залежна ад сэзону, мігравалі ў адзін бок, а потым назад.

«На гэтых сьцяжынках была задумка зрабіць экалягічныя калідоры для жывёлаў у Белавескай пушчы. Цяпер жа сродкі кантролю на мяжы магчымыя і бяз дроту. На жаль, гэтую ідэю не змаглі рэалізаваць, што дрэнна адбіваецца на жывёлах. Таксама мы выявілі, што, напрыклад, казулі спрабуюць перайсьці і праходзяць праз дрот, але многія раняцца і калечацца. Быў выпадак, калі статак зуброў пайшоў на мяжу, іх нешта напалохала і яны зьнесьлі некалькі пралётаў плоту. Потым была вельмі цяжкая праца для ўзнаўленьня. Калі яго адбудавалі зноў, то зубры вярнуліся і зноў зьнесьлі яшчэ некалькі пралётаў».

Таксама навукоўцы назіралі за паводзінамі ваўкоў. Паводле Мікалая Чэркаса, высьветлілася, што папуляцыя ваўкоў у Белавескай пушчы на польскай тэрыторыі стабільная, а на беларускай для іх існуе добрая харчовая база.

«Калі нашыя паляўнічыя выбіваюць гэтых ваўкоў, то польскія ваўкі пераходзяць на наш бок, робяць падкопы. Гэта вельмі бянтэжыла саміх памежнікаў».

Ваўкі з радыёашыйнікамі, якія выходзілі за межы Белавескай пушчы на захад, паводле назіраньня, заставаліся жывымі, а тых, якія выходзілі на ўсход, забівалі празь некалькі месяцаў.

Паводле Мікалая Чэркаса, самыя далёкія міграцыі ваўка былі ва Ўкраіну, таксама ў Ваўкавыскі і Івацэвіцкі раёны. Адзін беларускі воўк, якому далі мянушку Руды, доўга заставаўся на польскай частцы, а потым яго бачылі ўжо за Варшавай і ён пайшоў далей у кірунку Нямеччыны. Быў выпадак, калі воўк зь Нямеччыны прыйшоў пад Горадню і быў там забіты. Польскія навукоўцы, якія вывучалі жывёлаў з рэтрансьлятарамі, выявілі рысь, якая з польскага боку прыходзіла ў Беларусь.

«Сучасны дрот, яго скруткі, якія я бачыў на фатаздымках, будуць вельмі дрэнна ўзьдзейнічаць на жывёлаў, яны будуць раніцца, — кажа навуковец. — Гэта мяжа робіць для жывёлаў кароткімі міграцыйныя шляхі, перашкаджае генэтычнаму абмену, і гэта дрэнна на іх уплывае. Міграцыю жывёлаў трэба яшчэ вывучаць. Драбленьне папуляцыі без экалягічных калідораў цяжка адаб’ецца на жывёльным сьвеце. У Эўропе не павінна быць такой „бэрлінскай сьцяны“ для жывёлаў», — упэўнены навуковец.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG