Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фармавала ва ўдзельнікаў супольнасьцяў устойлівыя псыхалягічныя якасьці». Скончыўся першы дзень суду па справе Вольгі Залатар


Вольга Залатар, архіўнае фота

Працэс пачаўся ў гарадзкім судзе Менску раніцай 15 лістапада. Шматдзетную маці абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу.

З моманту затрыманьня да пачатку судовага працэсу Вольга Залатар правяла за кратамі 8 месяцаў. Яе абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фарміраваньня, арганізацыі і навучаньні дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў пасобніцтве. Паводле прад’яўленых ёй артыкулаў шматдзетнай маці пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

На пачатку працэсу, які вядуць судзьдзя Анастасія Папко і пракурорка Жанна Баранава, Вольга Залатар заявіла, што не прызнае сваёй віны па ніводным з артыкулаў абвінавачваньня. Паводле дзяржаўнай абвінаваўцы, увосень 2020 году Вольга Залатар некалькі разоў асабіста брала ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску, а таксама была актыўнай арганізатаркай акцый у Ждановічах, дзе стала жыве з мужам і дзецьмі. Пры гэтым, па словах пракуроркі Баранавай, Вольга Залатар арганізоўвала акцыі з дапамогай нявызначанай тэхнікі і з удзелам нявызначаных асобаў. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Залатар таксама зьбірала неабходныя для арганізацыі пратэстаў грошы і арганізавала дапамогу затрыманым удзельнікам акцый пратэсту.

«З мэтай публічнага выражэньня незаконнымі спосабамі сваіх поглядаў, — заявіла ў сваёй прамове пракурорка Баранава, апісваючы абвінавачаньне для Вольгі Залатар, — вядзеньня дэструктыўнай дзейнасьці, скіраванай у тым ліку на абвастрэньне напружанасьці ў грамадзтве, арганізавала групавыя дзеяньні ў горадзе Менску і Менскім раёне Менскай вобласьці, якія груба парушылі грамадзкі парадак, выражаны ў групавым парушэньні ўстаноўленага законам парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, грамадзкіх падвалінаў прыстойнасьці і ўнутранага спакою грамадзян, публічным выкрыкваньні лёзунгаў, блякаваньні руху».

Тэкст абвінавачваньня пракурорка Баранава зачытвала каля 45 хвілін. Сярод іншых зьдзейсьненых Вольгай Залатар, на думку пракуроркі, злачынстваў былі пералічаныя «плясканьне ў ладкі», «парушэньне працы транспарту і прадпрыемстваў», «удзел у інтэрнэт-супольнасьцях», «удзел у тэматычных зборах жыхароў аграгарадка Ждановічы» і іншыя.

«Залатар прыняла меры па гуртаваньні ўдзельнікаў створаных ёй суполак, — паведаміла на судзе пракурорка Жанна Баранава. — Маральна іх падтрымлівала, арганізоўвала правядзеньне сумесных сустрэч у вольны час, сумесны распаўсюд агітацыйнай прадукцыі, нанясеньне надпісаў пратэставага характару на фасады будынкаў. Фармавала ва ўдзельнікаў супольнасьцяў устойлівыя псыхалягічныя якасьці».

Што думае сама Вольга Залатар пра абвінавачаньні, пакуль невядома. У першы дзень працэсу яна паведаміла толькі, што віны сваёй не прызнае па ніводным з артыкулаў.

На судовы працэс змаглі трапіць ня ўсе, хто хацеў. Нягледзячы на наяўнасьць вольных месцаў, у залю не пусьцілі дыпляматаў заходніх краінаў. Ім заявілі, што яны ня маюць неабходнай для прысутнасьці на працэсе акрэдытацыі. Відавочцы таксама паведамілі Свабодзе, што ля будынку суду перад пачаткам працэсу затрымалі жанчыну, якая папрасіла міліцыянтаў паказаць пасьведчаньні. Судовы працэс па справе Вольгі Залатар працягнецца ў аўторак 16 лістапада.

Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі ў пасёлку Ждановічы ў канцы сакавіка. У той жа дзень дома ў Вольгі прайшоў ператрус, яе мужа арыштавалі на 10 сутак. Саму жанчыну перавялі ў СІЗА-1 Менску і празь некалькі дзён абвінавацілі ў арганізацыі і навучаньні дзеяньням, скіраваным на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG