Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар Пуціна заявіў, што Расея магла б стаць пасярэдніцай у вырашэньні сытуацыі на межах Беларусі з ЭЗ


Дзьмітрый Пяскоў

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі заявіў, што ўскладаць на Лукашэнку ўсю віну за сытуацыю зь мігрантамі на мяжы Беларусі і Польшчы абсалютна няправільна.

Пра гэта інфармуе ТАСС.

Расея магла б дапамагчы вырашыць крызіс зь мігрантамі на межах Беларусі з Эўразьвязам у якасьці перамоўнага пасярэдніка. Аб гэтым заявіў журналістам у панядзелак прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў.

Раней Уладзімір Пуцін паведаміў, што Расея гатовая ўсяляк садзейнічаць вырашэньню сытуацыі зь мігрантамі, якая склалася на мяжы Беларусі і ЭЗ, калі ад яе нешта будзе залежаць.

Прадстаўніку Крамля задалі пытаньне, як РФ магла б дапамагчы ўрэгуляваць гэты крызіс.

«У гэтым выпадку — выключна ў якасьці перамоўнага пасярэдніка, што збольшага і мае месца», — растлумачыў у адказ Пяскоў.

Масква лічыць няслушнай заяву Дзярждэпартамэнту ЗША аб тым, што дзеяньні Менску ў сытуацыі зь міграцыйным крызісам нібыта сеюць разлад і адцягваюць увагу «ад дзеяньняў Расеі на мяжы з Украінай», заявіў Пяскоў. «Мы ацэньваем гэтую заяву як няслушную. Гэта няправільная трактоўка сытуацыі зь міграцыйным крызісам на беларуска-польскай мяжы», — сказаў прадстаўнік Крамля.

Таксама ён паведаміў, што ўскладаньне віны на Аляксандра Лукашэнку ў сытуацыі зь міграцыйным крызісам на беларуска-польскай мяжы зьяўляецца абсалютна няслушным.

«Ускладаць усю віну ў сытуацыі на мяжы на... Лукашэнку, на беларускі бок — гэта абсалютна няправільна, пры гэтым абстрагавацца ад нейкіх менавіта агульнаэўрапейскіх ідэалаў гуманізму, якія [на Захадзе] ніхто не зьбіраецца згадваць у кантэксьце гэтай сытуацыі, і чамусьці ніхто ня хоча наогул успамінаць пра лёсы вось гэтых вось некалькіх тысяч людзей — бежанцаў, якія на мяжы ўжо амаль тыдзень ва ўмовах вельмі і вельмі халоднага надвор’я», — сказаў Пяскоў.

Прэс-сакратар паведаміў, што Ўладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ўвесь час кантактуюць і абменьваюцца ўсёй неабходнай інфармацыяй.

  • Сытуацыя на беларуска-польскай мяжы рэзка абвастрылася 8 лістапада. Тады да мяжы зь беларускага боку падышлі некалькі тысяч мігрантаў, якія жадаюць перабрацца ў Эўразьвяз. Памежнікам і вайскоўцам удалося іх спыніць, тыя разьбілі лягер у раёне населенага пункту Кузьніца.
  • Улады Польшчы, Латвіі і Літвы, якія сутыкнуліся зь міграцыйным крызісам летам гэтага году, увялі ў раёнах уздоўж мяжы зь Беларусьсю надзвычайнае становішча, таксама было прынята рашэньне аб будаўніцтве капітальнай загароды на мяжы. Аднак гэтыя захады не дапамагаюць. Сотні выхадцаў з Сырыі, Іраку ды іншых краін Блізкага Ўсходу працягваюць спробы перасячы мяжу.
  • Улады ЭЗ заяўляюць, што да перакідваньня мігрантаў маюць дачыненьне беларускія сілавікі і сваякі Лукашэнкі, і лічаць тое, што адбываецца, часткай «гібрыднай вайны», якую Беларусь вядзе з ЭЗ. Мігрантаў дастаўляюць у Менск пры дапамозе дзяржаўнай турыстычнай кампаніі, а на мяжу прывозяць у суправаджэньні сілавікоў. У сувязі з гэтым ЭЗ зьбіраецца прыняць пяты пакет санкцый супраць Беларусі.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG