Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Затуманьваў сьвядомасьць грамадзян». Справу палітвязьня Пальчыса перадалі ў суд


Эдуард Пальчыс

Вядомага блогера ўлады вінавацяць адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Пра перадачу справы ў суд паведамляе Сьледчы камітэт.

Эдуарда Пальчыса вінавацяць па артыкулах:

  • арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на правакаваньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
  • арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

Эдуарда затрымалі ў канцы верасьня 2020-га — яму прысудзілі 30 дзён арышту па арт. 23.34 КаАП. Але з «сутак» ён так і ня выйшаў.

У чым сьледчыя знайшлі віну Пальчыса

«Асноўнай зброяй Пальчыса зьяўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, іх давер і выкарыстоўваліся для кіраваньня сьвядомасьцю натоўпу, схіленьня да заплянаваных злачынных дзеяньняў.

Зьмешчаная яшчэ з 2016 году ў рэсурсах інфармацыя па сваім зьмесце была наўмысна накіраваная Пальчысам на распальваньне сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці, якая тычыцца супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных службоўцаў, прадстаўнікоў улады.

Адначасова з „затуманьваньнем“ сьвядомасьці грамадзян Пальчыс займаўся арганізацыяй масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», ‒ гаворыцца ў прэс-рэлізе СК.

Хто такі Эдуард Пальчыс?

Эдуард Пальчыс — грамадзкі актывіст, які паходзіць зь Ліды, палітычны блогер, аўтар тэлеграм-каналу Palchys, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім». У час знаходжаньня за кратамі ў Эдуарда нарадзілася дачка, ягоная жонка з нованароджаным дзіцём вымушана зьехала за мяжу.

У 2015 годзе Пальчыс ужо праходзіў па крымінальнай справе. Пад псэўданімам Джон Сільвер ён публікаваў на сваім сайце 1863х гістарычныя матэрыялы і артыкулы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў. У выніку яго арыштавалі ў Расеі і ў траўні 2016-га экстрадавалі ў Беларусь, дзе яму закідалі распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці, а таксама распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў.

У канцы кастрычніка таго ж году Менскі гарадзкі суд прызнаў блогера вінаватым і прысудзіў яму 1 год і 9 месяцаў без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. З улікам часу, адбытага ў СІЗА, яму заставалася правесьці пад падпіскай месяц. У 2020 годзе блогер, які не пакінуў сваёй дзейнасьці, зноў апынуўся за кратамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG