Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна рыхтуецца да розных сцэнароў на польска-беларускай мяжы, — сакратар Рады нацбясьпекі і абароны


Аляксей Данілаў

Украіна рыхтуецца да розных сцэнароў разьвіцьця сытуацыі на польска-беларускай мяжы, заявіў сакратар РНБА Аляксей Данілаў.

Як паведаміла прэсавая служба РНБА, Данілаў правёў у Луцку нараду з кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў, праваахоўных органаў і вайсковых фармаваньняў, кіраўнікамі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай абласных дзяржаўных адміністрацыяў. Тэма нарады — «Аб дадатковых мерах па забесьпячэньні нацыянальных інтарэсаў у ахове мяжы».

«Ваенная агрэсія Расеі доўжыцца восем гадоў, і тое, што цяпер адбываецца на польска-беларускай мяжы, нельга назваць гуманітарным крызісам. Гэта чарговая спэцапэрацыя Расейскай Фэдэрацыі, якая праводзіцца з мэтай расхістваньня сытуацыі ў Эўропе і на нашай мяжы», — сказаў Данілаў.

Паводле сакратара РНБА, спэцслужбы маюць зьвесткі, што сёньня на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца «каля 16 тысяч чалавек, так званых уцекачоў». «Гэтая сытуацыя можа закрануць нас непасрэдна, таму мы мусім прыняць усе неабходныя меры рэагаваньня», — сказаў Данілаў. Што гэта за меры, ён не ўдакладніў.

Сакратар РНБА заявіў аб неабходнасьці стварэньня міжведамаснай рабочай групы з прыцягненьнем усіх сілавых ведамстваў, органаў мясцовага самакіраваньня для «кругласутачнага кантролю за сытуацыяй на мяжы і хуткага рэагаваньня».

У сваю чаргу міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі адзначыў, што для супрацьдзеяньня пагрозе задзейнічаныя ўсе структуры МУС, ідзе ўзаемадзеяньне з Узброенымі сіламі Ўкраіны, войскамі тэрытарыяльнай абароны, грамадзкімі аб’яднаньнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG