Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Названыя новыя ляўрэаты прэміі за літаратуру з турмы


Радыё Свабода і Беларускі ПЭН абвясьцілі сем пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, якія грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досьведзе.

У 2021 годзе ляўрэатамі сталі:

Андрэй Аляксандраў. Вершы з-за кратаў.

Аляксандар Васілевіч. «Папа и пингвин». Казкі пра ўнутраную свабоду, напісаныя ў Менскім СІЗА.

Максім Знак. Цыкль турэмных вершаў.

Вольга Калацкая. Турэмны дзёньнік. Зьмешчаны ў фэйсбуку.

Сьвятлана Купрэева. Цыкл турэмных вершаў.

Мікола Папека. Цыкл турэмных вершаў.

Андрэй Скурко. Казкі і вершы для сына.

Журы таксама адзначае творчасьць паэтаў Эдуарда Акуліна, Ганны Комар, Дзьмітрыя Строцава, Андрэя Такінданга і іншых аўтараў, якія таленавіта інтэрпрэтуюць тэмы зла, свабоды, няволі і асабістага выбару.

Новыя творы ў розных жанрах, ад літаратуразнаўства да мэмуарыстыкі і прыпавесьцяў за кратамі ўжо стварылі і працягваюць ствараць Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, якія ўжо зьяўляюцца ляўрэтамі прэміі імя Аляхновіча (прэмія прысуджаецца аднойчы).

Радыё Свабода і Беларускі ПЭН віншуюць ляўрэатаў, жадаюць найхутчэйшага вызваленьня і плянуюць правесьці ўрачыстую цырымонію ўзнагароджаньня ў Беларусі адразу, калі гэта стане магчыма.

Дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

«Беларускія пісьменьнікі і інтэлектуалы ў сучаснай Беларусі паводле дэфолту палітычныя вязьні, нават калі яны не за кратамі. Чытаць іх творы, купляць кнігі, пісаць рэцэнзіі, цытаваць, згадваць, адпраўляць ім лісты — справа ня проста маральнай падтрымкі і салідарнасьці, а акт супраціву і культуры, пашырэньня свабоды і сьвятла».

Прадстаўніца Беларускага ПЭНа Тацяна Нядбай:

«Ляўрэаты сёньняшняй Прэміі Аляхновіча — гэта толькі невялікая частка людзей, якія сёньня пішуць, знаходзячыся ў зьняволеньні. Літаратура становіцца для іх, з аднаго боку, легальнымі ўцёкамі з турмы, спробай выйсьці з той рэальнасьці, спосабам перажыць яе ў творчасьці. З іншага боку — гэта таксама фіксацыя рэальнасьці і помнік нашаму часу і яго героям. У бліжэйшыя гады перад намі як супольнасьцю яшчэ будзе стаяць агромная праца па зборы і апрацоўцы турэмнай літаратуры».

Адрасы ўвязьненых ляўрэаўтаў прэміі імя Францішка Аляхновіча можна знайсьці тут.

***

Прэмія заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам супольна з Радыё Свабода і носіць імя драматурга і рэжысэра Францішка Аляхновіча (1883–1944), аўтара кнігі «У капцюрох ГПУ».

Ад пачатку яна ўручалася 10 сьнежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Летась арганізатары вызначылі новую дату абвяшчэньня ляўрэатаў — 15 лістапада, сусьветны Дзень зьняволенага пісьменьніка, які ад 1981 году адзначае Міжнародны ПЭН. Прэмія ўручаецца аднойчы, журы можа вырашыць не ўручаць прэмію, калі ў нейкі пэрыяд не зьяўляліся новыя творы турэмнай літаратуры.

У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя

  • 2013: Ігар Аліневіч;
  • 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп;
  • 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка;
  • 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG