Дом Алены Янушкоўскай месьціцца ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёну, цяпер там жыве прыёмная дачка блогеркі з двума дзецьмі, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Як распавяла прыёмная дачка Сьвятлана, міліцыянты шукалі «незарэгістраваную сымболіку» ды распытвалі, ці вярталася Янушкоўская дахаты і ці не зьбіраецца зрабіць гэта найбліжэйшым часам. Пра тое самае міліцыянты распытвалі і суседзяў-аднавяскоўцаў, а прыёмнай дачцэ патлумачылі, што ператрус робяць, бо маці «нешта ня тое разьмясьціла ў інтэрнэце».
Янушкоўская мусіла пакінуць Беларусь праз судовы перасьлед і пакараньні адміністрацыйнымі арыштамі нібыта за ўдзел у мінулагодніх пратэстах. Блогерка рабіла зь іх стрымы і разьмяшчала на сваім канале «Настоящая Беларусь». Адзін з апошніх відэаролікаў стаў непасрэднай прычынай ператрусу, мяркуе Алена.
«Мой відэаролік „Малітва за Беларусь зь Вячаславам Барком“ трапіў у пералік так званых „экстрэмісцкіх“ матэрыялаў. Ініцыявала гэта ўсё пракуратура Расонскага раёну. Ксёндз Вячаслаў Барок служыў у Расонскім касьцёле і таксама зьехаў зь Беларусі, бо яго вінавацілі ў „экстрэмісцкіх“ выказваньнях у ягоным відэаблогу».
«Малітва за Беларусь» — цыкль акцый, якія праводзяць у Варшаве беларусы, вымушаныя зьехаць у Польшчу. Алена Янушкоўская дапамагае ў арганізацыі гэтых сустрэч і вядзе з іх наўпроставыя трансьляцыі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com